Весткі карысныя, розныя

Весткі карысныя, розныя

Нехта з філосафаў заўважыў, што газета — гэта гісторыя свету за суткі. Канечне, насценнае друкаванае выданне, якое выдаюць вучні школы-інтэрната, ніколі не замахвалася на тое, каб ахапіць усе навіны з бязмежнага свету. А вось падзеі, што адбываюцца ў роднай школе, юныя журналісты ахвотна заўважаюць. Вельмі прыемна назіраць, як вакол кожнага свежага нумара “Школьнага весніка” гуртуюцца вучні, з задавальненнем чытаюць і абмяркоўваюць сваю газету.
З чаго ўсё пачыналася? Два гады таму прыйшла ў школу-інтэрнат на пасаду педагога-арганізатара. Тады па просьбе дзяцей і вырашылі выдаваць сваю яркую і запамінальную газету. Дзеля гэтага стварыўся гурток “Журналістыка ў школе”. Сёння ў яго ўваходзяць 14 вучняў 8-11 класаў, а супрацоўнічаюць з намі ў якасці няштатных карэспандэнтаў і малодшыя вучні.
Справа была спачатку новая і таму вельмі прыцягальная. Захапіліся не толькі дзеці, і самой было цікава, бо хацелася неяк выкарыстаць свае веды (па адукацыі я выкладчык фізікі і інфарматыкі). А без апошняй навукі сёння нельга ўявіць газетную вёрстку.
Ужо першы нумар, прысвечаны пачатку навучальнага года, не стаў тым блінцом, што бывае камяком. Бо шчыравала над ім разумніца і да таго ж вельмі адказны чалавек Маша Быкава з 10 класа. Не дзіўна, што менавіта яе абралі галоўным рэдактарам “Школьнага весніка”. А вось сапраўднай правай рукой галоўнага рэдактара з’яўляецца яе намеснік і сяброўка-аднакласнасніца Вольга Еўдасюк. Да сваёй справы сябры гуртка падыхо-дзяць вельмі адказна. Львіная доля спраў — на плячах яшчэ аднаго дзесяцікласніка, дызайнера-вярстальшчыка Стаса Шыпуліна. Менавіта ён робіць газету такой яркай і прыгожай.
На пасяджэннях гуртка юныя журналісты вывучаюць асновы гэтай вельмі цікавай прафесіі. З якім жарам абмяркоўваюць планы гуртка і падрыхтоўку газеты нашы карэспандэнты — будучыя выпускніцы Крысціна Уласава, Настасся Макей і васьмікласнікі Міхаіл Супрунчык, Вікторыя Чырэц, Наташа Падлеская. На ўсіх школьных мерапрыемствах не развітваецца са сваім фотаапаратам Яўген Новік. Ягоныя здымкі ўпрыгожваюць амаль кожны нумар газеты.
Якія навіны перш-наперш цікавяць нашых карэспандэнтаў? Дзеля адказу на гэта пытанне варта пагартаць газетныя старонкі. Напрыклад, вырашылі вучні змагацца са спазненнямі на ўрокі, альбо выступіць у друку супраць тытуню і СНІДу пад дывізам “Мы — за жыццё, здароўе і дабрабыт!” — вось і з’явіліся спецвыпускі, прысвечаныя гэтай тэматыцы.
Канечне, школьная рэдакцыя не абмінае і запамінальныя важныя даты. У святочных нумарах, прысвечаных Новаму году, Дню абаронцаў Айчыны, Дню жанчын ды інш., школьнікі ахвотна віншуюць сваіх настаўнікаў, аднакласнікаў. Не забываюцца дзяліцца ўражаннямі ад сустрэч з цікавымі людзьмі (такімі як настаяцель Пакроўскай царквы ў Жабінцы айцец Сергій) і паездак. Так, вучні 6 класа напісалі для газеты пра экскурсіі ў Брэсцкую крэпасць-герой і зімні батанічны сад, нядаўна адкрыты паблізу старога будынка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Не абыходзіцца кожны “Школьны веснік” і без вясёлых, займальных старонак са школьнымі анекдотамі, крыжаванкамі, інтэрв’ю з настаўнікамі і школьнікамі.
Як бачым, у нас не толькі структура школьнай рэдакцыі пабудавана, амаль як у сапраўднай, але й на практыцы выкарыстоўваюцца многія журналісцкія жанры. І не будзем гэтаму здзіўляцца: хоць газета наша і невялічкая, але ж выконвае задачы, уласцівыя любому, нават вельмі саліднаму выданню, бо мае і свайго зацікаўленага чытача, якому прыносіць весткі карысныя і розныя.
Таццяна КУЛЬМУРАТАВА, кіраўнік гуртка “Журналістыка ў школе”.
На здымку: сябры журналісцкага гуртка ў школе-інтэрнаце абмяркоўваюць наступны нумар свайго “Школьнага весніка”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top