«Без яе, як без святла»

«Без яе, як без святла»

Прафесійнае свята журналістаў, якое штогод адзначаецца 5 мая, выдатная падстава, каб падвесці вынікі, вызначыць далейшыя крокі. Радуе, што шмат прыхільнікаў у “Сельскай праўды”. Для іх газета застаецца добрым дарадцам і крыніцай карысных ведаў. З пачатку года рэдакцыйная пошта папоўнілася амаль 150 лістамі ад тых, хто рэгулярна выпісвае і чытае раённую прэсу. Найчасцей яны носяць афіцыйны характар, але дастаткова і прыватных зваротаў. У іх чытачы выказваюць свае прапановы, скаргі, заўвагі, дзеляцца ўспамінамі, расказваюць пра цікавых людзей, дасылаюць свае паэтычныя і празаічныя творы.
Па прапановах жабінкаўцаў, што пішуць і тэлефануюць у рэдакцыю, каб падзяліцца набалелым, карэспандэнты выязджаюць на месцы, бо не застаюцца абыякавымі да праблем, што хвалююць чытачоў. Так, жыхароў аддаленай вёскі Баранцы ўзімку непакоіла спыненне руху грамадскага аўтобуса праз іх населены пункт. З дапамогай звароту ў газету становішча выправілася, а вяскоўцам патлумачана, што гэта часовая з’ява.
Гэтак, агульнымі намаганнямі, двойчы на тыдзень ствараецца газета. Можа, у тым і адказ, чаму больш за тры тысячы падпісчыкаў выбіраюць менавіта “Сельскую праўду”. Днямі звязаліся з некаторымі сапраўднымі сябрамі раёнкі, каб даведацца пра іх думкі наконт роднай газеты.
Наталля Абрамава, намеснік дырэктара Азяцкай СШ:
— Падабаецца, што “Сельская праўда”, як гаворыцца, трымае руку на пульсе часу. Асабліва прыемна даведвацца з яе пра азяцкіх настаўніўкаў (такіх, як Святлана Хадаровіч), пра школьнікаў і іх бацькоў, аб роднай гаспадарцы, бо ў ПУАП “Азяты” працуюць у большасці нашы выпускнікі. Часам у раёнцы друкуюцца і азяцкія вучні: Даша Раманчук, Віка Трайновіч, сябры гуртка “Юны журналіст”, які ўзначальвае настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Міхалюк. Матэрыялы з раёнкі часта выкарыстоўваем на класных і інфармацыйных гадзінах, яны карысныя настаўнікам на ўроках і ў выхаваўчай рабоце.
Ірына Мішковіч, эканаміст аддзела статыстыкі:
— Добра памятаю, што любоў і павагу да “Сельскай праўды” мне прывілі бацькі Аляксей Апанасавіч і Наталля Лазараўна, таму з юнацтва лічу газету роднай. Чытанне ў нас сямейнае: муж Мікалай Мікалаевіч з-за цяжкай хваробы прывязаны да дому, вось і чэрпае асноўныя навіны з друкаваных СМІ. Найперш цікавіць, што адбываецца навокал, пра гэта расказвае звычайна рубрыка “Навіны. Факты. Каментарыі”, інш. публікацыі. Запамінальныя і вершы маладых паэтаў, напісаныя на пявучай беларускай мове. Цудоўна, што газета адкрывае новыя таленты, на якія гэтак багата наша зямля. Паколькі нарадзілася і жыву ў Жабінцы, многія героі публікацый для мяне, бы родныя. Смуткую, калі чытаю пра смерць знаёмых. І ўсё ж лічу “Сельскую праўду” вельмі аптымістычным выданнем, якое ўяўляецца мне цудоўным люстэркам жыцця краю. У гэтым люстэрку выдатна глядзяцца розныя падзеі горада і раёна.
Галіна Аксюцік, загадчык аддзела загса:
— Падабаецца, што раёнка нярэдка знаёміць чытачоў з вялікімі, дружнымі, моцнымі сем’ямі, узнімае у вачах жабінкаўцаў аўтарытэт і прэстыж шматдзетных бацькоў. Можа, і дзякуючы газеце, у нас такіх сем’яў апошнім часам паболела. Цікаўлюся лёсамі землякоў, якія дабіліся поспехаў у жыцці. Пэўным чынам вывучаю свой край па старонках газеты. Тое, што прачытваю, раю сыну-студэнту Раману. Але ж ён часам нават хутчэй за мяне ведае навіны праз інтэрнэт. Думаю, кожны чалавек павінен творча працаваць на сваім месцы, а журналістам і сам Бог загадаў быць творцамі, знаходзіцца на вастрыі жыцця, каб паспяваць за хуткаснымі зменамі і заставацца на абароне роднай мовы.
Алена Чыркун, бібліятэкар цукразаводскай бібліятэкі:
— Захапляюся гісторыяй, таму з задавальненнем чытаю артыкулы пра мінуўшчыну роднага краю і яго славутых нараджэнцаў. Заўважала, што многіх наведвальнікаў нашай бібліятэкі таксама хвалююе гістарычная тэматыка, якая шырока асвятляецца ў раёнцы. Многія пры-ходзяць, менавіта, каб па-чытаць матэрыялы пра мінулае Жабінкаўшчыны. Мне асабіста вельмі падабаюцца рубрыкі “Лёсы людскія”, “Далёкае — блізкае”, “Спадчына”.
Антаніна Грыцук, пенсіянерка з в.Малыя Сяхновічы:
— Усё-ўсё падабаецца ў вашай газеце. Без яе, як без святла. Выпісваю раёнку з таго часу, як была яна яшчэ “Ленинским путём”, і ніколі не было выпадку, каб захацелася з газетай развітацца. Нядаўна неяк сталася, што паштальён не зайшла да мяне выпісаць “Сельскую праўду”, дык тэрмінова патэлефанавала сыну ў Жабінку, каб аформіў падпіску. Як жа інакш, калі без прэсы застаешся, быццам адарваны ад навакольнага свету?!
З чытачамі гутарыў Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top