У цеснаце. Ці не ў крыўдзе?

У цеснаце. Ці не ў крыўдзе?

Я нарадзілася ў 1992 годзе. І мая матуля, як расказвала яна, адразу ж запісалася на чаргу ў дзіцячы сад — у той час чэргі былі вялікія, і паклапаціцца пра месца неабходна было загадзя. Прайшло два дзесяцігоддзі, многае змянілася… Але ці стала іншай сітуацыя з паступленнем дзяцей у сады? Ці кожнае дзіця ў нашым раёне своечасова можа патрапіць у яго альбо ёсць тыя, хто застаўся “за бортам” дашкольных устаноў? І ўвогуле, ці сапраўды патрэбен для дзіцяці сад, каб потым, у пачатковай школе, не адставаць у развіцці ад аднагодак? Адказы на гэтыя пытанні давайце адшукаем разам.

Месцы за кошт перанапаўнення

Нягледзячы на тое, што месцаў у дзіцячых садах Жабінкі не хапае, просьбы ўсіх бацькоў, якія жадаюць накіраваць дзіця ў дашкольную ўстанову, летась былі задаволены. Але ж гэта не значыць, што праблем з паступленнем у сад у нашым раёне не існуе. Усяго на Жабінкаўшчыне працуе 14 устаноў дашкольнай адукацыі, 2 з іх — вучэбна-педагагічныя комплексы дзіцячы сад-пачатковая школа, якія знаходзяцца ў Арэпічах і Падлессі. Непасрэдна ў Жабінцы дзейнічае 5 дзіцячых садоў. Самы вялікі з іх — яслі-сад № 3. У ім налічваецца 12 груп. Іншыя, што ў горадзе, прымаюць дзяцей у 6 груп. Аднак Жабінка паступова пашыраецца, павялічваецца і колькасць маленькіх жыхароў горада. І толькі дзякуючы перанапаўненню груп, усе маленькія гараджане змаглі трапіць у дашкольныя ўстановы. На 1052 месцы ў дзіцячых садах раёна, згодна з праектнай дакументацыяй, прыпадае ў сярэднім 1140 дзяцей. Не трэба быць матэматыкам, каб падлічыць, колькі хлопчыкаў і дзяўчынак маглі застацца без месца ў дашкольнай установе. Пры гэтым, праблема перапаўнення ў большай меры закранае жыхароў горада. Ва ўстановах Жабінкі сёння выхоўваецца 825 дашкольнікаў, а ўстановы разлічаны ўсяго на 660. Гэта, безумоўна, парушэнне ўсіх нормаў, але ж і адзінае магчымае на сённяшні дзень рашэнне.
Нарматывы гавораць, што ў ясельных (ад 2 да 3 гадоў) і санаторных групах для дзетак, якія часта і доўгі час хварэюць, павінна знаходзіцца не больш 15 дзяцей, у групах для 3-6-гадовых дзяцей — не больш 20. А вось для дзетак з цяжкімі парушэннямі мовы ўвогуле трэба фарміраваць групы з 12 чалавек.
— У рэальнасці атрымліваецца па іншаму. Дзе павінна быць 20 дзетак, дастаўляюцца ложкі на 25. Нават ясельныя групы перапоўнены. Мы робім усё магчымае, каб павялічыць колькасць месцаў у дашкольных установах. Да прыкладу, у 2010 годзе ў яслі-садзе ў Ракітніцы, дзе раней было 3 групы, адкрылі дадатковую, бо колькасць жыхароў сельсавета павялічылася. Тыя ж меры прыняты ў верасні пазалетась у аграгарадку Ленінскі. Цяпер у яслі-садзе працуе 5 груп. Ліквідавалі з мэтай стварыць новыя месцы для дашкольнікаў два першых класы на базе яслі-сада № 1 у мікрараёне цукровага завода, — тлумачыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Мікалаеўна Верамей.
У аддзеле адукацыі адзначаюць, што пазбавіцца праблем з паступленнем дзяцей у сад можна толькі калі своечасова запісацца на чаргу. Нарадзілася дзіця — самы час стаць на ўлік у аддзеле адукацыі. Бываюць выпадкі, калі дзіцяці ўжо 3 гады, а бацькі толькі ўспамінаюць, што прыйшоў час у сад запісацца.

Дзіцячы сад ХХІ стагоддзя

Аднак многіх бацькоў, напэўна, непакоіць яшчэ адно пытанне: ці адпавядаюць сады горада сучасным патрабаванням і нарматывам, бо самы малодшы з іх, ДУА “Яслі-сад № 1 г. Жабінка”, быў пабудаваны ў 80-х гадах мінулага стагоддзя.
— Будаваліся яны згодна з тыпавым праектам, а значыць усё неабходнае для дашкольнікаў у іх ёсць, — адзначае Алена Верамей. — У цэлым нашы сады адпавядаюць нарматывам, а ў саду на цукровым заводзе нават ёсць басейн. Канечне, дзіцячы сад “новага пакалення” ўяўляе сабой будынак з прасторнымі групамі і спальнямі, басейнам, які будзе садзейнічаць умацаванню здароўя, спецыяльнымі кабінетамі для правядзення групавых і індывідуальных заняткаў з педагогам-псіхолагам, утульнымі заламі для заняткаў музыкай і фізічнай культурай, рэсурсным кабінетам, дзе дзеці змогуць працаваць за камп’ютарамі, зусім іншым уладкаваннем харчблокаў і дапаможных памяшканняў. Спадзяемся, такі сад хутка з’явіцца і ў Жабінцы.

Навошта яна, дашкольная адукацыя?

Нягледзячы на тое, што дашкольная адукацыя ў нашай краіне не з’яўляецца абавязковай, попыт на месца ў садзе, як бачым, заўсёды быў вялікім. Ці толькі ў тым справа, што матулям трэба выходзіць на работу пасля водпуску па догляду за дзіцяці? А можа ёсць іншыя прычыны, з-за якіх будзе лепш у садзе? Наколькі важна для развіцця малога выхоўвацца менавіта ў дашкольнай установе распавяла педагог-псіхолаг ДУА “Яслі-сад № 3 г.Жабінка” Вольга Васільеўна Ламіза:
— Вучонымі даказана, што ў чатыры гады дзецям ужо  недастаткова зносін толькі з дарослымі блізкімі людзьмі. Каб дзіця прывыкала да соцыуму, неабходны дзіцячы калектыў, дзе яно атрымлівае ўсебаковае развіццё, выхоўваецца пад наглядам спецыялістаў: выхавальнікаў, музычных работнікаў, псіхолагаў, настаўнікаў фізічнай культуры. Яны могуць заўважыць нейкія праблемы і цяжкасці ў развіцці, а значыць на ранняй стадыі малое будзе атрымліваць кваліфікаваную дапамогу. Самі бацькі часта не хочуць заўважаць, што іх “чадо” асаблівае і да яго патрэбен асабісты падыход. Мы дапамагаем ім усвядоміць гэта, даем адрасныя кансультацыі, падказваем, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі. У выніку, бацькі пачынаюць лепей разумець сваіх дзяцей, прымяняюць правільныя методыкі іх выхавання.
Ці разумеюць важнасць дашкольнага выхавання самі бацькі? Аб гэтым пацікавілася ў маладых матуляў.
Людміла Дудчык,  маці 2 дзяцей:
— Я лічу, што дзіцячы сад вельмі важны этап для кожнага дзіцяці. Там яны з маленства вучацца зносіцца з аднагодкамі, а адукаваныя выхавальнікі імкнуцца ўсебакова развіваць іх здольнасці. Вельмі прыемна, калі твая дачушка прыходзіць з садзіка і расказвае вершык, паказвае малюнкі. Адзіны мінус — гэта тое, што дзеці часта хварэюць. Старэйшая дачка ў сад пайшла ў 3 гады. Вось і малодшае дзіця збіраемся аддаваць у сад у гэтым жа ўзросце. Сітуацыю з недахопам месцаў добра ведаем, а таму запісаліся на чаргу адразу ж пасля нараджэння і змаглі трапіць толькі ў санаторную групу.
Кацярына Кавалеўская, маладая маці:
— Дзіцячы сад — гэта выратаванне для матуль, якім трэба ісці пасля дэкрэтнага водпуску на работу. Ён проста жыццёва неабходны, калі ты выхоўваеш двух ці больш дзяцей. Канечне, дзіця павінна наведваць дашкольную ўстанову, каб правільна развівацца, не адставаць ад аднагодкаў. Гавораць, што пасля садзіка дзеці лепш адаптуюцца да школы, бо іх прывучаюць да рэжыму, вучаць быць камунікабельнымі.

Новы сад будзе?

Як ні круці, але ж у сценах дашкольных устаноў горада дзецям цесна. А праблему з перанапаўненнем груп зможа вырашыць толькі будаўніцтва новага дзіцячага сада. У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэсцкай вобласці будаўніцтва апошняга ў Жабінцы прыпадае на 2013-2014 гады.
— Першапачаткова планавалася будаваць сад у 2013 годзе. Нават месца для яго ўжо вызначана — гэта перспектыўны раён індывідуальнай забудовы непадалёку ад мікрараёна. Аднак пакуль інвестыцый няма, — тлумачыў намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Анатоль Вітальевіч Шалтанюк.
Як адзначыла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Мікалаеўна Янусік, новы сад на 220 месцаў дапамог бы вырашыць праблему з парушэннем санітарных нормаў, на якое вымушаны ісці, каб кожнае дзіця магло патрапіць у сад.
Між іншым, летась, як  і ў 2009, зафіксаваны “ўсплёск” нараджальнасці, а значыць праз некалькі гадоў праблема з недахопам месцаў у садах будзе стаяць не менш востра. Застаецца спадзявацца, што ў наступным годзе дойдзе чарга да будаўніцтва дзіцячага сада і ў нашым горадзе.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top