Лаўрэат конкурсу

Штогод на Брэстчыне праходзіць конкурс на званне “Лепшы прадпрымальнік”. Сёлета пажадалі прыняць удзел у ім 153 прадпрымальнікі ў 18 намінацыях, сярод якіх было і 4 прадстаўнікі з Жабінкаўскага раёна. Абавязковыя ўмовы конкурсу —- адсутнасць запазычанасцяў, парушэнняў у тэхніцы бяспекі, а таксама суадноснасць сярэдняй зарплаты ў працаўнікоў прадпрыемства намінальнай налічанай заработнай плаце ў вобласці.
Лаўрэатам конкурсу ў намінацыі “Лепшая сялянская фермерская гаспадарка” стала фермерская гаспадарка “ЯКВІЛ”, якой кіруе Людміла Дзмітрыеўна Якаўчук. Віншавалі лепшых прадпрымальнікаў і ўручалі дыпломы і ўзнагароды віцэ-губернатар Міхаіл Юхімук, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў і намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык.

Садзілі елачкі, вольху

Штогод вясной у нашай краіне праходзіць Тыдзень лесу. Сёлетняя запозненая вясна не адмяніла традыцыю.
Шмат было зроблена пад час Тыдня ў Пятровіцкім лясніцтве. Леснікам яго, якія ачышчалі лес ад смецця ўздоўж аўтадарогі М1, актыўна дапамагалі вучні Ракітніцкай адзінаццацігодкі і работнікі Жабінкаўскіх электрасетак. Юныя аматары прыроды, большасць з іх уваходзіць у школьнае лясніцтва, садзілі елачкі ў лясным масіве ля Задзерці, дзе раней адбылася вырубка. Саджанцы завозіліся з гадавальніка Кобрынскага лясгаса і былі высаджаны на ўчастку 2,7 гектара. А работнікі электрасетак працавалі на пяцігектарным участку ля Залуззя, дзе на месцы загінулых дрэў садзілі вольху чорную.
Акрамя таго, што памочнікі леснікоў зрабілі карысную справу, яны яшчэ й надыхаліся кіслародам, пачысцілі свае лёгкія.

Тэма гаворкі — абавязаныя асобы і няўдалыя сем’і

Адбылося пасяджэнне савета ў каардынацыі работы дзяржаўных органаў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў раёна па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай абароны дзяцей у няўдалых сем’ях”. Яго правёў старшыня райвыканкама М.В.Токар. У ходзе гаворкі адзначалася, што ў параўнанні з мінулым годам у раёне знізіўся працэнт штомесячных спагнанняў з абавязаных асобаў, які ў сакавіку склаў усяго 59%. Гэта звязана ў першую чаргу з іх нізкай заработнай платай, прагуламі і проста нежаданнем працаваць. На савеце заслухалі кіраўнікоў міжведамасных груп у рабоце з абавязанымі асобамі, намецілі шэраг мераў, каб паправіць сітуацыю. У прыватнасці, патрэбны агульныя намаганні грамадскасці, кантроль за нядбайнымі бацькамі, якія не вельмі хочуць зарабляць грошы на ўтрыманне сваіх дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.

“Гарачы” школьны красавік

Паводле слоў галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі райвыканкама І.У.Тарасевіч, надзвычай багатым і сапраўды “гарачым” для школ раёна выдалася завяршэнне красавіка. Так, 23-25 красавіка пераможцы раённага этапу алімпіяд у здаровым ладзе жыцця ліцэістка Наталля Бакун і Алена Баброва (з СШ №1) паўдзельнічалі ў абласной алімпіядзе. 24 красавіка каманды з ліцэя і першай гарадской школы выступілі ў Брэсце на абласным фестывалі тэатральных калектываў, што робяць пастаноўкі на замежнай мове. А 26 красавіка ў раёне праводзіўся абласны семінар у працоўным навучанні для спецыялістаў Брэстчыны, што курыруюць пытанні гэтай дысцыпліны. Жабінкаўцы падзяліліся з калегамі вопытам у рабоце з адоранымі дзецьмі для падрыхтоўкі іх да алімпіяд усіх узроўняў. Балазе, сёлета другое месца ў працоўным навучанні на рэспубліканскай алімпіядзе заваявала Юлія Вярэніч (СШ №1), а вучаніца другой гарадской школы Кацярына Федаш атрымала па-дзячны водгук.

Пісьменнік, паэт…

У раённай дзіцячай бібліятэцы прайшло мерапрыемства, прысвечанае 140-годдзю з дня нараджэння вядомага пісьменніка Міхаіла Прышвіна, на якім прысутнічалі вучні 4-га класа трэцяй гарадской адзінаццацігодкі. Яго падрыхтавалі бібліятэкары Марына Кавыліна і Таццяна Прадзялюк. Дзеці змаглі пазнаёміцца з Прышвіным не толькі, як з пісьменнікам, а як і з паэтам, вучоным, падарожнікам, які ўсё сваё жыццё расказваў пра прыгажосць і веліч роднай прыроды. Ён умеў заўважаць незвычайнае. Пад час мерапрыемства гаворка ішла пра творы “Шэрая Сава”, “Лісічкін хлеб”, “Кладоўка сонца”. Напрыканцы сустрэчы дзеці паглядзелі мультыплікацыйныя фільмы, знятыя паводле творчасці пісьменніка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top