Кваліфікаваныя супрацоўнікі міліцыі, якія валодаюць сучаснымі ведамі і ўстойлівымі навыкамі самаабароны і стральбы з табельнай зброі, моцныя фізічна і духам — заўсёды запатрабаваныя. Нават у Жабінкаўскім раённым аддзеле ўнутраных спраў сёння ёсць свабодныя вакансіі, якія чакаюць маладых і ініцыятыўных спецыялістаў.
Пазнаёміцца з дзейнасцю супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў атрымалі магчымасць вучні 9 класаў ДУА “СШ № 2 г. Жабінка”. Пад час экскурсіі школьнікі даведаліся аб арганізацыі работы ўсіх службаў і падраздзяленняў аддзела. Яўген Уладзіміравіч Самускевіч, начальнік штаба РАУС, расказаў пра задачы, якія кожны дзень даводзіцца вырашаць вартавым парадку, прадэманстраваў утульныя кабінеты супрацоўнікаў міліцыі.
Асабліва спадабалася вучням экіпіроўка і ўзбраенне міліцыянераў. Яўген Уладзіміравіч паказаў віды зброі, якую выкарыстоўваюць пад час службы. А дзеці змаглі прымераць на сябе шлем і бронікамізэльку, якія здужае насіць толькі моцны чалавек, патрымаць у руках міліцэйскую гумовую палку, пісталет Макарава, аўтамат Калашнікава, а таксама наручнікі. Расказаў ён і аб змесціве “трывожнага” чамадана, які ёсць у кожнага міліцыянера.
Яўген Уладзіміравіч акрэсліў якасці, якімі павінен валодаць кожны супрацоўнік унутраных спраў. Цікавасць выкликалі ў вучняў прыклады, як у складаных сітуацыях дзейнічалі міліцыянеры ў нашым раёне. Школьнікі атрымалі поўную інфармацыю пра міліцэйскія ўстановы адукацыі і ўмовы паступлення і навучання ў іх. Было шмат пытанняў. Цікавіла іх, што патрэбна, каб стаць міліцыянерам…
— Перш за ўсё, вы павінны мець добрае здароўе і нядрэнную фізічную падрыхтоўку. А таксама ніколі не парушаць заканадаўства, бо перад паступленнем на службу ў органы ўнутраных спраў вас і вашых родзічаў чакае строгая праверка на наяўнасць парушэнняў, —сказалі ім у РАУС.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: Я.У.Самускевіч праводзіць экскурсію па Жабінкаўскім РАУС; экіпіроўка і ўзбраенне міліцыянераў спадабалася школьнікам. Фота Ірыны ЖУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.