Калі бацька — гэта прафесія…

Калі бацька — гэта прафесія…

У апошняе дзесяцігоддзе ў нашай краіне з-за розных прычынаў колькасць сірот і маленькіх дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, павялічваецца. Гэта, вядома, сумна, а ўдвая непрыемна, што часцей дзеці застаюцца сіротамі пры жывых бацьках.
Цудоўна, што ў нашым раёне ёсць такія людзі, якія на прафесійнай аснове дапамагаюць сіротам і дзецям, што засталіся без апекі бацькоў. Прафесію “прыёмны бацька” выбралі шэсць жанчын Алена Віктараўна Януш, Наталля Аляксееўна Данелюк, Святлана Іванаўна Сасноўская, Святлана Мікалаеўна Гурская, Алена Іванаўна Касцючык, Яўгенія Мікалаеўна Алейнікава і адзін мужчына Мікалай Іванавіч Шпак. Большасць з гэтых дарослых людзей нават не задумваліся над тым, што калі-небудзь захочуць стаць прыёмнымі бацькамі. У кожнага з іх свае лёсы, у многіх ёсць родныя дзеці. Сёння ў іх сем’ях цяплом, любоўю, клопатам і бацькоўскай увагай атулена 13 дзяцей-сірот.
Што прымусіла іх прыняць у сваю сям’ю асірацелае дзіця, злучыць уласную, якая жыве паводле сваіх правілаў, з лёсам іншага чалавека ў новае адзінае цэлае? На гэта ў кожнага з прыёмных бацькоў свой адказ. Бясспрэчным застаецца той факт, што ўсе яны дастойныя глыбокай павагі, таму што выхаванне прыёмнага дзіцяці ў сям’і — справа надвычай важная, ганаровая, але, у той жа час, цяжкая і адказная.
Колькасць прыёмных сем’яў у нашым раёне з кожным годам павялічваецца. Кожная з іх унікальная ўласным сямейным укладам, стылем і спосабам зносін і выхавання, звычаямі і традыцыямі. Можа ў гэтых сем’ях не заўсёды ёсць магчымасць выдзеліць кожнаму дзіцяці асобны пакой, набыць самыя сучасныя цацкі, але галоўнае, што ў іх дзіця любяць і паважаюць, тут яно навучаецца жыццю.
З часу ўтварэння кожнай асобнай сям’і прайшоў пэўны час. Ніхто з прыёмных бацькоў не пашкадаваў аб тым, што вырашыўся на гэты адказны крок. Дарослыя людзі шчыра палюбілі прыёмных дзетак, назваць іх чужымі ім і ў галаву не прыходзіць. Яны не перастаюць перажываць, любіць, аберагаць — словам, рабіць усё для таго, каб вярнуць ім здольнасць шчыра радавацца жыццю.
Прафесія “прыёмнага бацькі” асаблівая. Для такой работы мала жадання і пачуцця шкадавання да кінутага дзіцяці. Трэба мець запас педагагічных ведаў, псіхалагічную трываласць, вытрымку, разнастайныя прафесійныя навыкі. Менавіта такія прафесіяналы патрэбныя для выхавання дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. У нашай краіне няма сёння ўстаноў, дзе навучаюць гэтай прафесіі. У Жабінкаўскім раёне падрыхтоўка ажыццяўляецца паводле накіравання аддзела адукацыі райвыканкама ў раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры. Прыёмная сям’я ствараецца згодна з рашэннем мясцовага выканаўчага і распарадчага органа ўлады, у аснове якога заключэнне двух дагавораў: тэрміновага працоўнага і аб перадачы дзіцяці на выхаванне. У выніку першага прыёмны бацька атрымлівае працу шляхам арганізацыі рабочага месца дома і заработную плату за свае паслугі ў выхаванні прыёмнага дзіцяці. Як вынік, паміж малым і прыёмным бацькам узнікаюць адносіны “апякун” — “падапечны”. Першы атрымлівае заробак за выхаванне і грашовую дапамогу на ўтрыманне дзіцяці.
Калі вы поўныя сіл, не баіцеся цяжкасцяў у выхаванні дзяцей, перакананы, што ў вашай сям’і ўсім хопіць месца і цяпла, і вы гатовыя на прафесійнай аснове прыняць на выхаванне маленькіх сірот, тады вы можаце стаць прыёмным бацькам. Мы чакаем людзей, для якіх магчымасць дапамагчы дзіцяці, якое апынулася ў бядзе, стане прафесійнай справай.
Нашы кантактныя тэлефоны: 2-12-97 (сацыяльна-педагагічны цэнтр), 2-16-09 (аддзел адукацыі).
Кацярына АДЗІНЕЦ, сацыяльны педагог ДУА “Жабінкаўскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top