У час бусліных спатканняў

У час бусліных спатканняў

Трэці год пры падтрымцы неабыякавых і таленавітых людзей з грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў “Тур”, нямецкага фонду “Памяць. Адказнасць. Будучыня” і міжнароднай арганізацыі “Паразуменне” крочыць па Берасцейшчыне праект “Вёска, якая не павінна знікнуць”. Сёлета ён перамясціўся на Жабінкаўшчыну, у вёску Малыя Сяхновічы, дзе “прапісаўся” на сем месяцаў. 20 красавіка для пажылых людзей ладзілася першае значнае мерапрыемства праекта: шматлюдная сустрэча ў Жабінкаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Многія заўважылі, як перад пачаткам мерапрыемства паблізу музея старанна ўладкоўваліся ў гняздо буслы. І людзям, і птушкам бываюць надзвычай патрэбнымі такія душэўныя спатканні, каб адчуваць упэўненасць у жыцці.
— У значнасці праекта сумнявацца не даводзіцца, — лічыць адна з арганізатараў Ларыса Мікалаеўна Быцко. — Сярод ягоных мэтаў: падтрымка пажылых людзей, найперш колішніх вязняў, захаванне спадчыны, далучэнне людзей да праблем адзіноты старажылаў. Бывае, спачатку да незнаёмцаў вяскоўцы ставяцца асцярожна, але ж калі раскрываюць свае сэрцы і абдымкі — няма межаў таму даверу!
Удзельнікі святочнага спаткання паклапаціліся, каб у Малыя Сяхновічы завіталі былыя вязні з Мажэйкаў, Алізарава Става, з Сяхновічаў Вялікіх і Малых. Амаль паўсотні гасцей (большасць з іх упершыню пераступілі парог музея) з цікавасцю прайшліся па залах яго. А Антаніна Андрэеўна Грыцук напрыканцы прысела ў крэсла і, ледзь хаваючы хваляванне, заўважыла:
— Якое жыццё хуткаснае, зменлівае! 60 гадоў таму я жыла разам з мужам Уладзімірам Карнеевічам у гэтым доме, вось у гэтым самым пакойчыку, вы-дзеленым для нас кіраўніцтвам тагачаснай МТС. Тут і сына Сашу нарадзіла, які чвэрць стагоддзя адслужыў у Жабінцы, у міліцыі. А цяпер тут такі цудоўны музей! Дзякуй добрым людзям за клопат пра наша мінулае і сённяшні няпросты дзень.
Госці знаёміліся з выставамі, уважліва слухалі змястоўную экскурсію, што праводзілі для іх дырэктар музея С.В.Дзямідаў і навуковы супрацоўнік Т.Ф.Чапялевіч. Трэба было бачыць, наколькі ўзрушылі вяскоўцаў расповяды Таццяны Францаўны пра экспанаты, беражліва сабраныя музейшчыкамі, пра слыннага земляка генерала Т.Касцюшку і ваенныя часіны, што апалілі нашу зямлю. Многія з гасцей памяталі іх не па кнігах, бо ліхалецце было ў маленстве, юнацтве сяхноўцаў Зінаіды Маркаўны Баярчук, Алены Паўлаўны Цыбулі, Любові Лявонцьеўны і Васіля Сяргеевіча Юрчукоў, ды іншых.
Шмат што ў жыцці бывае непрадказальным. З Вялікіх Сяхновічаў прыйшла Еўдакія Пятроўна Мядзведзь. Калі ў сакавіку рыхтавалася гэта сустрэча, арганізатары зусім выпадкова завіталі да жанчыны. Тады хата яе была, бы поўная чаша: шматлікія родзічы прыехалі, каб павіншаваць бабулю з 90-ым днём нараджэння. І вось цяпер, нягледзячы на вельмі шаноўны ўзрост, яна самастойна пешкі прыйшла на спатканне. Жанчыне перадалі фотаздымкі, зробленыя ў час юбілею.
Маладыя берасцейскія мастачкі Ганна і Марыя Рэдзькі тым часам малявалі пажылых людзей, і алоўкі таленавітых сясцёр хуценька занатоўвалі на памяць гэтыя прыгожыя твары.
— Вельмі патрэбна захаваць запісы іх галасоў, здымкі, партрэты, — разважала Ларыса Быцко, — бо ўсе яны ўжо сталі нам родныя. Самае прыемнае ў нашым праекце — сустрэчы, самае цяжкае — расстанні, на жаль, часам назаўсёды… Бо людзі сыходзяць. Мы прывезлі ў Сяхновічы вялікую фотавыставу. Гэтыя 40 здымкаў рабілі ў іншых раёнах, дзе ладзіўся праект “Вёска, якая не павінна знікнуць”. Адсочваем лёсы нашых герояў і цяпер, усялякі раз шкадуем, калі са многіх здымкаў пазіраюць на нас ужо тыя, хто адышлі ў іншы свет. Радуемся, што паспелі пакінуць для гісторыі іх дзівосныя ўсмешкі і галасы…
На жаль, надарылася страта ўжо і на Жабінкаўшчыне: гэтай вясной пайшоў з жыцця 72-гадовы Пётр Васільевіч Труцько з Мажэйкаў. Затое яго жонка Марыя Рыгорараўна Кулікова была ў музеі. Колішні вязень расказала, што нарадзілася ў Германіі, куды яе бацькі вывезлі з Гомельшчыны. Са слоў мамы Юліі Севасцьянаўны жанчына ведае, як карнікі нішчылі родную вёску Вялікі Бор.

— А маю маці, — гаварыла яна , — калі на машыны грузілі вяскоўцаў, каб везці на расправу, нейкі немец цішком адштурхнуў са словамі: “Прэч бяжы — цябе сюды яшчэ рана…”. Розныя сярод іх трапляліся людзі: былі і каты, і тыя, што часам ратавалі. Дзякуючы таму добраму чалавеку мама засталася жывая, а хутка і я на чужыне нарадзілася.
Запамінальнымі ў той дзень сталі майстар-класы ад таленавітых берасцейцаў. Найперш — старшыні аб’яднання “Тур”, выдатнага разбяра па дрэве, народнага майстра з Камянеччыны Анатоля Савельевіча Туркова. Дарослым і вучням Маціевіцкай школы, што завіталі на імпрэзу ў гісторыка-краязнаўчы музей з настаўніцай На-дзеяй Міхайлаўнай Кульмуратавай, ён распавядаў пра мастацтва, паказваў шматлікія драўляныя вырабы. Было прыемна пачуць ад шасцікласніка Арцёма Аласюка:
— Пазнаю выяву Еўфрасінні Полацкай з яе вядомым крыжом. Ведаю пра яе з падручнікаў гісторыі і літаратуры. Стараннем майстра асветніца паўстала, быццам жывая. Вось гэта талент!
Свае вырабы прапанавала таксама народная ўмеліца Марыя Мікалаеўна Кулецкая з Пружанаў.
— Яна вельмі светлы чалавек, з сапраўдным непадробным талентам, заўжды адгукаецца на нашы прапановы, — заўважыў удзельнік праекта Аляксандр Быцко. — З радасцю вучыць свайму ўменню дзяцей і дарослых.
У гэтым хутка ўпэўніліся школьнікі, якія праз лічаныя хвіліны як і майстрыха аздаблялі малюнкамі шкло. А майстар-рамеснік Вячаслаў Уладзіміравіч Нароцька з Кобрыншчыны тым часам увішна рабіў дзецям цацку-“верталёт”, што ўзляцела да столі пад радасныя воклічы малых. Для іх былі і словы разьбяра, мудрыя ды павучальныя:
— Усё, што я ўмею, — ад бацькі і дзеда, ад мамы Алены Якаўлеўны. Яны ні ад каго не хавалі сакрэтаў у апрацоўцы дрэва, вышыўцы, ткацтве. І я не шкадую для вас, бо рамеснік — гэта не проста мая прафесія, але самое жыццё. Шмат прыгажосці можна стварыць на зямлі з дапамогаю простай сякеры ды ножыка. Жыву ў вёсцы, дзе трымаю майстэрню, і, бывае, найчасцей знахо-джуся ў ёй, чым у хаце!
Завяршылася сустрэча ў каміннай зале музея, дзе ўдзельнікі дзяліліся ўражаннямі і сілкаваліся. А за добрае сталаванне, аформленнае прыгожа і з густам, выказвалі шчырую падзяку працаўніцам рэстарана “Вясёлка” Алене Мельнікавай і Святлане Шведас.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: пазнаёміцца з чароўным светам драўлянага майстэрства запрашаў народны майстар А.С.Туркоў.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top