І прыём грамадзян, і “прамая лінія”

І прыём грамадзян, і “прамая лінія”

24 красавіка старшыня райвыканкама М.В.Токар правёў прыём грамадзян, а затым з 16.00 да 18.00 жабінкаўцы, якія не маглі прыйсці асабіста, звярталіся да кіраўніка раёна са сваімі праблемамі на “прамую тэлефонную лінію”.
Першай пазваніла Л.С.Калішук з вуліцы Спартака райцэнтра. Яе цікавіла, калі пракладуць каналізацыю на гэтай вуліцы. Старшыня райвыканкама адказаў, што толькі ў наступным годзе будзе разглядацца гэтае пытанне. Няма сёлета фінансавых сродкаў, каб распачынаць работы, тым больш, яшчэ не разлічыліся поўнасцю за тыя, што праведзены па вуліцах Спартака і 17 верасня па водазабеспячэнні і ў квартале “Коласаўскім” па каналізаванні.
А.К. Грыгорык звярнулася з пытаннем будаўніцтва водаправода на вуліцы Працоўная ў Жабінцы. М.В.Токар таксама растлумачыў, што не хапае грошай, каб працягваць гэтыя работы. У квартале “Коласаўскі” 3,5 мільярда рублёў патрачана з раённага бюджэту на пракладку каналізацыйных сетак і 1 мільярд на водаправодныя ў квартале “Камсамольскі”. Зараз пракладваюць водаправод у квартале “Пралеска”, а пасля гэтага будзе праводзіцца закальцоўка водаправода вуліцы Працоўная.
Жабінкавец А.Р.Козік прасіў старшыню райвыканкама пасадзейнічаць, каб параўнялі дарогу, якая вядзе з Крыўлянаў на Сцяпанкі. Па ёй столькі ямак, што на легкавым аўтамабілі цяжка праехаць. “Гэта палявая дарога, — сказаў М.В.Токар. — Падсыпаць яе — значыць несці выдаткі. У першую чаргу неабходна, каб былі ў парадку дарогі з гравійным пакрыццём паміж населенымі пунктамі”. Тым не менш, адказным асобам дадзена даручэнне вывучыць сітуацыю і па магчымасці прывесці дарогу ў належны стан.
“Дарожная” праблема хвалявала і жыхарку з вуліцы Калгасная г.Жабінка — асфальтаванне ад дома №105 у бок будынка ААТ “Жабінкаўскі”. Старшыня райвыканкама паведаміў, што гэты ўчастак дарогі падсыпаны, праект на асфальтаванне ёсць, але няма фінансавых сродкаў.
Жыхар дома №24 з вуліцы Цэнтральная г.Жабінка паскардзіўся на старшыню свайго жыллёвага кааператыва А.Папко, які не хоча ні слухаць, ні вырашаць праблемы жыльцоў. А іх шмат: дзіцячая пляцоўка разбурана, у адным з пад’ездаў цячэ кран, ёсць неабходнасць у будаўніцтве яшчэ адной стаянкі для аўтамабіляў. У апошні раз члены кааператыва на сход збіраліся год таму. Вырашыць пытанне, безумоўна, магчыма толькі з выездам на месца ў прысутнасці старшыні і членаў ЖБСК.
Патэлефанавала на “прамую лінію” Ф.І.Грачанік з в.Пятровічы, затым яе суседка А.М.Лепская. У абедзвюх прэтэнзіі да новага суседа, які на адкрытым аўкцыёне купіў зямельны ўчастак з будынкам лазні, якая ўжо не функцыянавала. А пачаліся прэтэнзіі пасля агароджання тэрыторыі гаспадаром забудовы. Першая жанчына хадзіла да свайго хлява цераз нічыйны ўчастак, які не быў агароджаны і не быў у прыватнай уласнасці (яна просіць падсыпаць дарогу да гаспадарчых пабудоў). Другая скардзіцца, што слуп і ўстаноўлены новым суседам плот замінаюць пры пад’ездзе да яе гаспадарчых пабудоў. Старшыня райвыканкама растлумачыў, што продаж зямельнага ўчастка з будынкам здзейснены згодна дзеючага заканадаўства, парушэнняў не ўстаноўлена. Гэта пацвердзілі і абласныя службы, да якіх таксама звярталіся заяўнікі. Да-дзены даручэнні падсыпаць дарогу да пабудоў Ф.І.Грачанік і вынесці слуп за межы праезду
да гаспадарчых будынкаў А.М.Лепскай.
Адказаў М.В. Токар у час “прамой тэлефоннай лініі” на званок жыхаркі Жабінкі аб арганізацыі сёлетняга суботніка ў раёне.
Святлана МІКАЛАЕВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top