У райвыканкаме

У райвыканкаме

26 красавіка прайшло пасяджэнне райвыканкама. Перад абмеркаваннем вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выканання бюджэту яго ў першым квартале 2013 года старшыня райвыканкама М.В.Токар адзначыў, што як прамысловы, так і аграрны сектары працавалі дрэнна. Многія прагнозныя паказчыкі і заданні засталіся не выкананымі, а што яшчэ горш — на  некаторых прадпрыемствах і ў арганізацыях назіраецца зніжэнне іх у параўнанні з мінулым годам. “За гэтым, — гаварыў Мікалай Васільевіч, — і рэнтабельнасць прадпрыемстваў, і фінансавы ўзровень развіцця. Важна зрабіць адпаведныя высновы, паправіць стан спраў. Інакш такое становішча напрамую адбіваецца на дабрабыце людзей, якія чакаюць павышэння зарплаты, развіцця інфраструктуры, сацыяльных гарантый”.
Дэталёва прааналізаваў работу народна-гаспадарчага комплексу раёна за тры месяцы бягучага года начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Л.А.Саковіч, а начальнік фінансавага аддзела С.М.Плавух спынілася на даходах і расходах бюджэту.
Пагоршыўся фінансавы стан прадпрыемстваў раёна. Паводле вынікаў работы за студзень-люты пяць іх былі стратныя (у 2012 г. — 2): ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” (чыстыя страты 231 млн. руб.), філіял “Рыбгас “Сакалова” ААТ “Палессегіправодгас” (107 млн. руб.), ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” (10 млрд. 835 млн. руб.), райспажыўтаварыства (537 млн. руб.), абласны вузел радыёвяшчання і тэлебачання “Ракітніца” (67 млн. руб.). Выканкам адзначыў недастатковую работу іх кіраўнікоў у забеспячэнні бясстратнай дзейнасці.
Тэмпы росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склалі 98,9% (пры заданні на год 106%). Знізілі аб’ёмы яе вытворчасці ў супастаўных цэнах СВК “Маціевічы”, “Шпіталі”, “Хмелева”, ПУАП “Азяты”.
Сярод станоўчых момантаў адзначалася, што ў першым квартале ў эканоміку раёна прыцягнута 98 млрд. 579 млн. руб. інвестыцый. Рост аб’ёмаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года ў супастаўных цэнах — 132,1% (прагноз 111,9%). Вядзецца пошук інвестараў. Інвестыцыйныя прапановы і ўчасткі для рэалізацыі праектаў у сферах вытворчасці, прыдарожнага сэрвісу, экатурызму, гандлёва-лагістычнай дзейнасці ўключаны ў інвестыцыйны каталог Брэсцкай вобласці і размешчаны на сайце аблвыканкама.
Суб’ектамі малога прадпрымальніцтва за тры месяцы створана 16 новых мікра- і малых арганізацый (69,6% да задання на 2013 год), 79 новых рабочых месцаў (37,6%), у тым ліку ў г.Жабінка — 41.
Даходы бюджэту раёна за першы квартал атрыманы ў суме 40343,2 млн. руб. (20,6% да гадавога плана з тэмпам росту 129,8% да адпаведнага леташняга перыяду.
Начальнік аддзела культуры райвыканкама В.В.Чапялевіч далажыў аб рабоце клубных устаноў у арганізацыі абслугоўвання насельніцтва ў аграгарадках. Ён паведаміў, што з 17 клубных устаноў раёна 8 знаходзяцца ў аграгарадках. Асноўны від іх дзейнасці — арганізацыя вольнага часу і культурна-масавай работы з рознымі катэгорыямі насельніцтва. А сярод задач — захаванне і развіццё нацыянальнай культуры, развіццё аматарскай мастацкай творчасці, падтрымка талентаў, носьбітаў фальклору. Пры ўстановах культуры аграгарадкоў працуюць 63 клубныя фарміраванні, з якіх 34 — дзіцячыя. Званні “народны” і “ўзорны” носяць два калектывы з Хмелеўскага СДК: народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” і ўзорны фальклорны калектыў “Дараносіца”.

На пасяджэнні выканкама ўказвалася, што напаўняльнасць і наведванне гурткоў і аматарскіх аб’яднанняў дзецьмі, якія патрабуюць павышанай педагагічнай увагі, невысокая. Узроставы кантынгент непаўналетніх, якія займаюцца ў клубных фарміраваннях, дзеці ад 8 да 14 гадоў, а 15-17-гадовыя практычна не прыходзяць сюды. Таму ў адным з пунктаў рашэння было дадзена даручэнне аддзелу культуры райвыканкама вывучыць, чым любяць займацца ў вольны час непаўналетнія старэйшага школьнага ўзросту і пашырыць сетку клубных фарміраванняў з улікам іх інтарэсаў і запытаў.
З інфармацыяй аб ходзе выканання ў 2012 г. мерапрыемстваў рэгіянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Брэсцкай вобласці на 2011-2015 гады выступіў намеснік начальніка ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама С.У.Дзмітрук. Летась, як ён адзначыў, паказчык агульнай смяротнасці склаў 15,1 на 1000 насельніцтва і застаўся на ўзроўні 2011 г., а працаздольнага ўзросту — паменшыўся на 19,5%. У мінулым годзе на 6,2% знізілася колькасць нованаро-джаных, а памерлых — на 0,5%. Асноўныя прычыны смяротнасці насельніцтва — хваробы сістэмы кровазвароту, новаўтварэнні, няшчасныя выпадкі, старасць.
У мэтах павышэння якасці жыцця сем’яў з дзецьмі, у раёне праводзілася работа ў павелічэнні іх даходаў. Сем’ям і грамадзянам, якія пражываюць самі, чый сярэднедушавы даход быў ніжэй бюджэту пражытковага мінімуму, назначалася дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога. Летась яе атрымалі 1485 чалавек на суму 1 млрд. 784,5 млн. руб.
Працягвае паляпшацца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя раёна. На набыццё медыцынскага абсталявання і рамонт устаноў патрачана больш чым 7 млрд. руб.
На пасяджэнні выканкама былі разгледжаны таксама вынікі ацяпляльнага сезона 2012-2013 гг. і задачах у падрыхтоўцы народна-гаспадарчага комлексу раёна да наступнага асенне-зімовага перыяду, а таксама пытанне аб павышэнні эфектыўнасці работы ў папярэджанні гібелі людзей на вадзе.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top