Юнакі вучыліся быць салдатамі

Юнакі вучыліся быць салдатамі

У прамым сэнсе адчуць смак армейскага жыцця атрымалі магчымасць юнакі дапрызыўнага ўзросту з Жабінкі. Прыняць удзел у адкрыцці месячніка абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы ў гонар Дня Перамогі ў Вялікай Айчынай вайне, які праходзіць у рамках рэспубліканскай акцыі “ДТСААФ —- за моцную і квітнеючую Беларусь”, былі запрошаны 19 школьнікаў з першай і трэцяй гарадскіх школ.
Як неаднойчы адзначалася пад час мерапрыемства, памятаць і шанаваць тых, хто стаяў насмерць, змагаючыся супраць “карычневай чумы” — наш абавязак. У сучасных прызыўнікоў ёсць добры вопыт мужнасці і адвагі старэйшых пакаленняў.
Больш за 200 хлопцаў дапрызыўнага ўзросту сабраліся на вайсковым палігоне вучэбнага цэнтра 38-й асобнай мабільнай брыгады. Юнакі з Жабінкі, у адрозненне ад школьнікаў з Брэста, якія кожны год удзельнічаюць у падобных мерапрыемствах, упершыню былі на адкрыцці месячніка абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы на міжраённым узроўні. З ініцыятывы абласнога савета ДТСААФ для юнакоў былі арганізаваны спаборніцтвы на лепшую каманду ў стральбе з баявой зброі — аўтамата АК-74. Аднак, каб патрапіць на баявое стрэльбішча, яны спачатку вучыліся збіраць і разбіраць аўтамат, паспрабавалі сябе ў кіданні гранаты.
Арганізацыю паездкі для жабінкаўскіх дапрызыўнікаў узяў на сябе «Прыватны вучэбны цэнтр імя Д.М. Карбышава» рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання ДТСААФ.
Яго дырэктар Юрый Аляксандравіч Козік не толькі выдзеліў для нашых школьнікаў аўтобус, але і разнастаіў праграму адкрыцця месячніка цікавай і пазнавальнай экскурсіяй у 111 Гвардзейскую Кёнігсбергскую Чырванасцяжную ордэна Кутузава ІІ ступені артылерыйскую брыгаду. Пад час яе нашы юнакі даведаліся, як жывуць і нават, што ядуць сённяшнія салдаты. Адбылася прэзентацыя зброі, якую правёў наш зямляк Дзмітрый Кавальчук, які цяпер намеснік камандзіра дывізіі ў ідэалагічнай рабоце. Была прадстаўлена як зброя, з якой нашы дзяды абаранялі краіну ў гады Вялікай Айчынай вайны, так і сучасныя яе мадэлі, больш эфектыўныя ў баі і зручныя для салдата. З цікавасцю юнакі разглядалі зброю, кожны атрымаў магчымасць дакрануцца да гісторыі і сфатаграфавацца, напрыклад, з карабінам ці кулямётам.
Даведаліся школьнікі і аб гісторыі і подзвігах 111 артылерыйскай брыгады, якая абараняла Радзіму ад фашысцкай навалы, за што ўдастоена многімі ўзнагародамі. Уважліва глядзелі юнакі фільм аб мінулым і сённяшнім жыцці брыгады. З неменшай цікавасцю разглядалі казарму, дзе адпачываюць маладыя байцы і трэніровачную пляцоўку, на якой пачынаецца раніца кожнага салдата. Аднак, больш за ўсё яны чакалі экскурсію ў тэхнічны парк 111 артылерыйскай брыгады, якую правёў Павел Паўлавіч Лучко, палкоўнік запасу, былы намеснік камандзіра брыгады па ўзбраенні, а сёння намеснік дырэктара вучэбнага цэнтра ДТСААФ у вытворчай дзейнасці. Магутная тэхніка — танкі, цягачы, наводчыкі і многае іншае, пабачылі нашы хлопцы. І не толькі пабачылі, зазірнулі, можна сказаць, унутр тэхнікі.
Пасля такой насычанай праграмы самы час падсілкавацца… І канечне ж, смачнай салдацкай кашай, якую юнакі, як гаворыцца,  елі на поўную губу. Некаторыя нават да ваенных повараў за другой порцыяй звярталіся.
Напэўна, пасля ўсяго ўбачанага многія з хлопцаў пажадаюць тут служыць. Вялікую ўдзячнасць за добры прыём усе ўдзельнікі экскурсіі выказваюць камандзіру 111 артылерыйскай брыгады Алексею Барысавічу Лявонаву.
Заўсёды прыемна атрымліваць узнагароджанне. Хоць наша каманда і не стала пераможцай у спаборніцтвах па стральбе з аўтамата, аднак не цяжка было выявіць самых трапных стралкоў. Гэта Андрэй Пшанай з СШ №1 г.Жабінка, які набраў самую вялікую колькасць ачкоў у камандзе, Павел Мядзведзь з трэцяй і Андрэй Падлескі з першай гарадскіх школ. Усе яны атрымалі дыпломы і грашовую прэмію ад «Прыватнага вучэбнага цэнтра імя Д.М. Карбышава» рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання ДТСААФ.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках:  у час рэспубліканскай акцыі «ДТСААФ —  за моцную
і квітнеючую Беларусь».
Фота Юрыя Козіка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top