Кірмаш прафесій

Кірмаш прафесій

Кім быць: вадзіцелем, настаўнікам, урачом, мантажнікам, электрыкам?.. Сапраўды, складаная задача для тых, хто робіць першыя крокі ў дарослае жыццё. Для таго, каб дапамагчы школьнікам вызначыцца з выбарам прафесіі, з’ехаліся ў Жабінку “купцы” з розных навучальных устаноў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Сярод іх былі прадстаўнікі трох вышэйшых устаноў адукацыі, а таксама каледжаў і прафесійных ліцэяў.
Аддзел занятасці і аховы працы ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва Жабінкаўскага райвыканкама запрасіў на сустрэчу вучняў 9-11 класаў гарадскіх школ, для якіх пытанне прафарыентацыі з’яўляецца асабліва актуальным. Прадстаўнікі навучальных устаноў, хто чым, стараліся зацікавіць моладзь: нехта 100-працэнтным працаўладкаваннем пасля заканчэння навучання і пражываннем у інтэрнаце, іншыя высокакваліфікаваным настаўніцкім калектывам і вялікай колькасцю спецыяльнасцяў, разнастайнасцю гуртковай дзейнасці і актыўным грамадскім жыццём пасля заняткаў.
Першым да будучых абітурыентаў звярнуўся ўрач Жабінкаўскай раённай бальніцы Вячаслаў Міхайлавіч Кніга, які паведаміў пра ВНУ, дзе можна атрымаць урачэбныя спецыяльнасці. Сярод іх прэстыжным лічыцца Мінскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, дзе ёсць факультэты: “Лячэбная справа”, “Педыятрыя”, “Стаматалогія”, а таксама “Санітарна-гігіенічны” і “Ваенны”. Спецыяльнасць урача атрымліваюць студэнты таксама ва ўніверсітэтах у Гомелі, Гродне і Віцебску. Найбольш запатрабаванымі спецыяльнасцямі, як адзначыў урач раённай бальніцы, сёння з’яўляюцца кардыёхірургія, трансплантацыя, анкалогія, нейрахірургія і траўматалогія. Выпускнікі, у якіх з’явіцца жаданне звязаць сваё жыццё з медыцынай, могуць атрымаць мэтавыя накіраванні ад Брэсцкага абласнога ўпраўлення аховы здароўя, каб пасля вучобы вярнуцца працаваць на сваю маленькую радзіму.
Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт рыхтуе студэнтаў у 27 спецыяльнасцях тэхніка-інжынернага і эканамічнага профілю. Больш за 12 тысяч юнакоў і дзяўчат даверылі свой лёс гэтай навучальнай установе. Выкладчык універсітэта расказаў студэнтам аб “асартыменце” факультэтаў, тэрмінах навучання і новай спецыяльнасці, якая з’явілася на эканамічным — “Лагістыка”.
Сапраўдным мужчынскім прафесіям вучаць у Брэсцкім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы прыборабудавання. На базе 9 ці 11 класаў юнакі могуць атрымаць такія спецыяльнасці, як электраманцёр і электрамантажнік,слесар-рамонтнік, наладчык і токар, дзяўчатам жа прапануецца тут атрымаць спецыяльнасць “страхавы агент”.
— Сёння рабочыя спецыяльнасці найбольш запатрабаваныя на вялікіх прадпрыемствах. Нават спецыяліст з вышэйшай адукацыяй у ідэале павінен мець першапачаткова рабочую спецыяльнасць. Пасля заканчэння нашага каледжа вы можаце вучыцца далей, — адзначаў яго прадстаўнік.
Брэсцкі прафесійна-тэхнічны каледж сферы абслугоўвання прапануе адукацыю на бясплатнай аснове ў спецыяльнасцях радыёмеханік, слесар, сакратар, швачка-кравец і цырульнік. На базе сярэдняй адукацыі тэрмін навучання складае ўсяго адзін год. Аднак можна атрымаць у сценах каледжа яшчэ і другі дыплом аб сярэдне-спецыяльнай адукацыі.
Цікавасць выклікала выступленне прадстаўнікоў Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя швейнай вытворчасці імя Карбышава, якія прэзентавалі калекцыі адзення, створанага рукамі яго навучэнцаў.
Усім вядома, што будучых настаўнікаў рыхтуюць у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. На выбар абітурыентам прапануецца адзінаццаць факультэтаў. Нараджэнец Жабінкі, сёння выкладчык універсітэта Ігар Макаед расказаў аб перавагах гэтай навучальнай установы. Асабліва парадаваў прысутных факт, што ўсе іншагароднія, уключаючы Жабінку, студэнты педагагічнага ўніверсітэта цяпер забяс-печваюцца інтэрнатам, бо зусім нядаўна быў здадзены для пражывання новы камфортны корпус.
Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт праводзіць навучанне ў біялагічным, эканамічным і тэхналагічным профілях і рыхтуе высокакваліфікаваных спецыялістаў для працы ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Пасля ўніверсітэта не адзін студэнт не застанецца без месца працы, бо ў сельскай гаспадарцы сёння патрэбны маладыя і мэтанакіраваныя кадры.
Не менш важны пералік рабочых прафесій прапанавалі госці з Белаазёрскага дзяржаўнага каледжа электратэхнікі, абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя ў Драгічыне, Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання. Аб вялікай разнастайнасці гуртковай работы распавялі прадстаўнікі Маларыцкага прафесійна-тэхнічнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці і Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў.
Да школьнікаў звярнулася таксама спецыяліст райсельгасхарчу Галіна Анатольеўна Варашылава, якая паведаміла, што тым, хто аддасць перавагу сельскагаспадарчым прафесіям, даецца магчымасць заключаць мэтавыя дагаворы:
— Гэта з’яўляецца гарантыяй паступлення ва ўстановы сельскагаспадарчага профілю і вырашае праблему з далейшым працаўладкаваннем. Мэтавыя накіраванні мы выдаем на спецыяльнасці “ветэрынарыя”, “агранамія”, “заатэхнія”, “тэхзабеспячэнне” і “энергазабеспячэнне” ва ўстановы адукацыі: Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, аграрныя ўніверсітэты ў Мінску і Гродне, Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны і сярэдне-спецыяльныя — Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж, Ляхавіцкі аграрны каледж, Пінскі аграрна-тэхнічны каледж імя Кляшчова і Пінскі аграрна-тэхналагічны каледж.
Больш чым за дзве гадзіны школьнікі атрымалі шмат інфармацыі пра самыя розныя навучальныя ўстановы і спецыяльнасці, правілы паступлення і магчымасці заняць свой вольны час. Але кім быць і якім — гэта павінны вырашыць самі выпускнікі.
Дар’я КНЯЗЕВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top