Сяўба ў паскораным рытме

Сяўба ў паскораным рытме

Землі СВК “Рагазнянскі” назваць урадлівымі цяжка. Гаспадарка больш вядомая дасягненнямі высокіх паказчыкаў у галіне жывёлагадоўлі. І ўсё ж гэта не адзіны іх моцны бок.
Ужо з дзясятак гадоў рагазнянскія аграрыі атрымліваюць каля 500 цэнтнераў цукровых буракоў з гектара. Вырошчваць салодкія караняплоды, як адзначае старшыня СВК “Рагазнянскі” Аляксандр Васільевіч Семянюк, рэнтабельна. Гэта абумоўлена, перш за ўсё, геаграфічнай блізкасцю ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, куды на перапрацоўку адпраўляюцца салодкія карані, а таксама магчымасцю зарабляць на гэтай тэхнічнай культуры нядрэнныя грошы. З ураджайнасці 350 ц/га вытворчасць цукровых буракоў пачынае прыносіць гаспадарцы прыбытак.
Адметнай рысай сёлетняй пасяўной кампаніі, паводле вядомых прычынаў, стала паскарэнне тэмпаў.
— Мы спазніліся з сяўбой на 3 тыдні. Згодна з тэхналогіяй 22 красавіка павінны былі завяршыць работы на бураковым полі. Аднак засеяна цукровымі буракамі толькі 50 гектараў, — тлумачыў старшыня Аляксандр Васільевіч Семянюк. — Завяршыць сяўбу плануем да 30 красавіка, у мінулыя гады насенне ўжо ўзыходзіла. Канечне, гэта адаб’ецца на  ўраджайнасці, але аб тым, якім будзе ўраджай разважаць сёння немэтазгодна, бо не толькі ад старанняў залежыць канчатковы вынік, але і ад многіх іншых абставін.
Мы наведалі гаспадарку 24 красавіка, калі сейбіты шчыравалі на 40-гектарным участку. Ужо больш за 20 гадоў на сяўбе цукровых буракоў у “Рагазнянскім” задзейнічаны механізатар Васіль Мухін. У дзень, пры добрай канфігурацыі поля, механізатар на трактары МТЗ-82 з сеялкай “Мега” французскай вытворчасці засявае больш 20 гектараў. Таму і старшыня, і галоўны аграном упэўненыя — пасяўная кампанія пройдзе без памылак і ў паскораным рытме. Якасць працы, як заўсёды, “на вышыні”. Перад Васілём Васільевічам на МТЗ-1221 з прычапнымі агрэгатамі АКШ-3,6 апрацоўваюць глебу Сяргей Каганоўскі і Аляксандр Перагудаў, гербіцыды ўносіць Сяргей Кікаўскі.
Увогуле, пад салодкія караняплоды ў СВК “Рагазнянскі” сёлета адве-дзена 200 гектараў. Насенне цукровых буракоў нямецкай вытворчасці “KWS” гаспадарка набыла праз цукровы завод. Вялікую ўвагу рагазнянскія аграрыі надаюць выкананню ўсіх тэхналогій.
— Перш за ўсё трэба было вызначыцца з выбарам плошчаў, улічыць папярэднікі. Вядома, найбольш аптымальныя — збожжавыя культуры, — расказваў галоўны аграном гаспадаркі Віктар Мікалаевіч Трафімук. — З восені рыхтавалі глебу: апрацоўвалі палі гліфасатамі, затым уносілі арганіку, не менш 100 тон на гектар, калійныя і фосфарныя ўгнаенні. Вясной насыцілі глебу азотнымі ўгнаеннямі. Непасрэдна перад сяўбой праводзіцца апрацоўка глебы — прыкатванне з выраўноўваннем і ўнясенне гербіцыдаў.
Усе работы ў СВК “Рагазнянскі” вядуць у комплексе, што значна паскарае працэс. Як заўсёды добра арганізавана харчаванне земляробаў, занятых на вясенніх палявых работах. Абеды дастаўляюцца непасрэдна да месца працы кожнага звяна з кафэ цукровага завода.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: штогод нязменна сее цукровыя буракі ў СВК “Рагазнянскі” В.В.Мухін.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top