На шырокім выбары, на прыкладзе землякоў

На шырокім выбары, на прыкладзе землякоў

Падрыхтоўка вучняў да абгрунтаванага выбару будучай прафесіі з’яўляецца адной з важных задач школьнага навучання і выхавання і адным з паказчыкаў якасці адукацыі. Пэўная сістэма ў гэтай рабоце склалася ў Маціевіцкай базавай школе, педагогі якой разумеюць адказнасць за далейшыя лёсы сваіх выхаванцаў, іх месца ў жыцці.
Слова і справа ў прафарыентацыі перш за ўсё за класнымі кіраўнікамі. Яны праводзяць работу пастаянна і мяняюць яе формы ў залежнасці ад узросту дзяцей. У пачатковым звяне — гэта высвятленне схільнасцей вучняў, гульні і віктарыны, гутаркі інфармацыйнага характару, у старэйшых класах — лекцыі, дыспуты, тэсты, дзелавыя гульні. “Мае жыццёвыя планы”, “Прафесіі нашых бацькоў”, “На каго пайсці вучыцца?”, “Самыя “модныя” прафесіі” — вось некаторыя тэмы гутарак, праведзеныя класнымі кіраўнікамі Маціевіцкай школы пры актыўным удзеле вучняў. Сярод апошніх асабліва папулярныя камп’ютарныя прэзентацыі, абарона міні-праектаў, творчыя конкурсы, інтэрактыўныя гутаркі і, вядома ж, экскурсіі. Надоўга, напрыклад, запамяталі дзевяцікласнікі экскурсію, наладжаную іх кіраўніком Жаннай Мікалаеўнай Падрубнай у Маларыцкі дзяржпрафліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці. Яны пабывалі на дні адчыненых дзвярэй, на які сабраліся іх аднагодкі іншых школ, навучэнцы і выпускнікі ліцэя, педагогі, а таксама прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў. Паездка была і цікавай, і карыснай.
Сустрэчы ў самой школе праходзяць не менш цікава, а галоўнае, яны сталі традыцыйнымі. Да маціевіцкіх школьнікаў завітваюць паляводы і жывёлаводы, прадаўцы і паштальёны, швачкі і цырульнікі, медыкі і бібліятэкары… Дзецям прыемна бачыць сярод іх сваіх бацькоў, суседзяў, знаёмых. Менавіта разам з бацькамі пяцікласнікі правялі класную гадзіну “Падарожжа па морах прафесій”. Шмат даведаліся аб працы такіх заслужаных людзей, як трактарыст СВК “Маціевічы” С.Б.Навумук, медсястра раённай бальніцы А.А.Антанюк; а повар школьнай сталоўкі Л.А.Квачанюк правяла для іх прафарыентацыйную гульню.
Ролевыя гульні з трэцякласнікамі ахвотна практыкуе настаўніца Аксана Генадзьеўна Лугоўская, і не толькі на класных гадзінах, а і на ўроках, на сямейных святах. Скажам, вучні выступаюць у ролі журналістаў: бяруць інтэрв’ю, апрацоўваюць інфармацыю, пішуць сачыненні.
Кола прафесій і іх прадстаўнікоў надзвычай шырокае, чаму не могуць не радавацца маціевіцкія вучні. Гасцямі школы былі бібліятэкар М.Я.Лагвіновіч, супрацоўніца раённага гісторыка-краязнаўчага музея Т.Ф.Чапялевіч, афіцэр запасу Ю.А.Піўчык, загадчыца вясковага клуба Л.А.Прыймачук. Моцны ўплыў на выбар далейшага жыццёвага шляху аказваюць на вучняў сустрэчы з выпускнікамі школы: з былым міністрам сувязі рэспублікі І.М.Грыцуком, былым дырэктарам Бярозаўскай ГРЭС І.У.Баярчуком, студэнткай Гродзенскага медуніверсітэта Вольгай Антанюк, курсантам інстытута МНС Сяргеем Шмідтам (дарэчы, сустрэча з Вольгай і Сяргеем адбылася ў пачатку гэтага года). Іх прыклад дазваляе хлопцам і дзяўчатам ацаніць сябе, паверыць у свае магчымасці.
Праграма прафарыентацыі патрабуе ўдасканалення арганізацыйнай і метадычнай работы з педагагічнымі кадрамі, вучнямі, іх бацькамі. З гэтай мэтай завуч школы Галіна Мікалаеўна Парафянюк сёлета ў студзені наладзіла круглы стол настаўнікаў “Роля педагагічнага калектыву ў стварэнні ўмоў для прафарыентацыі вучняў”. Для ўсіх школьнікаў прайшоў тыдзень прафарыентацыйнай работы з выкарыстаннем разнастайных формаў яе: гутарак, конкурсаў, гульняў, сацыяльнага трэнінгу, экскурсій на ФАП і ў аддзяленне сувязі. У лютым прайшла метадычная дэкада. Функцыянуюць спецыяльныя выставы і куток “Выпускніку”.
Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, настаўніца Маціевіцкай базавай школы.
На здымках: школьны повар Л.А.Квачанюк на класнай гадзіне “Падарожжа ў свет прафесіі”; былыя выпускнікі школы студэнтка Гродзенскага медуніверсітэта В.Аксюцік і курсант інстытута МНС С.Шмідт на сустрэчы з вучнямі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top