Сігнал “SOS” — з рыбных вадаёмаў

Сігнал “SOS” — з рыбных вадаёмаў

Знайшліся сотні “але” і “калі б” пасля абнародавання інфармацыі аб тым, што на тэрыторыі рыбгаса “Сакалова” Жабінкаўскага раёна пачаўся масавы мор рыбы. У першых водгуках аб здарэнні ў матэрыялах прэсы ў інтэрнэце простыя спажыўцы бядуюць: “колькі дабра знікла”, “а гэта ж тая рыба, якую з машыны прадаюць амаль па 30 тысяч”, “лепш бы знізілі кошт, ці пусцілі людзей палавіць рыбу”. Мы так любім абвінавачваць і выказваць здагадкі, што часта не жадаем глядзець у корань праблемы…
Ад сваёй віны ў гібелі больш за дзясятку тон рыбы ў рыбгасе “Сакалова” і не адмаўляюцца. Зацяжная зіма заўсёды прыводзіць да гэтага, калі не даглядаць за вадаёмамі паводле ўсіх правілаў і нормаў. Аднак не гэта стала прычынай трагедыі. “Зімавальныя” сажалкі для рыбы, якіх у гаспадарцы 10, устарэлі, яны проста не разлічаны на такія аб’ёмы яе. Да прыкладу, у Барок, дзе мясцовы жыхар заўважыў вялікую колькасць мёртвай рыбы і звярнуўся ў дзяржкантроль, было запушчана 65 тон рыбы, а згодна з нарматывамі ў ім павінна было ўтрымлівацца ўсяго 13 тон. Відавочна, што гаспадарка мае патрэбу ў новых сажалках. Аднак, узнікае пытанне, навошта кіраўніцтва пайшло на такую рызыку. На жаль, гэтае пытанне адрасаваць непасрэдна дырэктару  рыбгаса “Сакалова” Мікалаю Федасюку мы не змаглі, таму што пад час наведвання гаспадаркі яго сустрэць не давялося. Працаўнікі калектыву сцвярджаюць, што планы вырошчвання рыбы, даведзеныя “зверху”, значна перавышаюць вытворчыя магутнасці сажалак. Існуюць і праблемы з рэалізацыяй прадукцыі. Аб’ёмы продажу рыбы з машын у дзень невялікія ў адрозненне ад кошту. На прадпрыемстве тлумачаць, што немагчыма зрабіць кошт рыбы меншым, бо сабекошт яе вялікі, камбікармы для вырошчвання прадукцыі дарагія. Замкнутае кола атрымліваецца. І пакуль яно не разамкнецца карпы, таўсталобікі, амуры вагой пад два кілаграмы будуць адпраўляцца не на прылаўкі, а на ўтылізацыю ў Бярозу.
Кіраўніцтва прадпрыемства прыклала ўсе сілы каб своечасова ліквідаваць наступствы здарэння.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top