“… Сніцца бярозкі дзіўнае святло”

“… Сніцца бярозкі дзіўнае святло”

Лена Лёгенькая нарадзілася і вырасла ў Хойніках Гомельскай вобласці. Гэта край прыгожых хваёвых лясоў, бярозавых гаёў. Хто аднойчы наведаў гэтыя мясціны, назаўсёды пакінуў тут сваё сэрца.
З дзяцінства Лена любіла хадзіць па грыбы, больш падабаліся ёй чарнагаловыя баравікі, збірала ягады, лес шчодра адорваў усіх наведвальнікаў спелымі чарніцамі, суніцамі, духмянымі малінамі і ажынамі. А колькі было радасці, калі сям’ёй выязджалі на Прыпяць! З цягам часу ў дзяўчыны з’явіліся свае ўлюбёныя мясціны, куды хацелася прыходзіць, каб моўчкі пасядзець, памарыць, адпачыць душой. Гэта было да Чарнобыля. 26 красавіка 1986 года падзяліла жыццё на “да” і “пасля”. Лена не магла сабе нават уявіць, што з родным горадам, любымі сэрцу мясцінамі прыйдзецца развітацца… назаўсёды.
… У дзень аварыі дзяўчына спяшалася на змену — было добрае надвор’е і настрой быў таксама добры. “Хутка першамайскія святы, нарэшце, з’езджу дамоў, наведаю родных, сустрэнуся з сябрамі”, — так думала яна, калі дабіралася на Жлобінскую футравую фабрыку, на якой працавала маркіроўшчыцай. Пад час змены фабрычнае радыё перадавала вясёлыя песні, ніякіх экстраных паведамленняў не было. Пра аварыю Лена пачула на пяты дзень, калі прыехала дамоў на першамайскія святы.
Было восем гадзін раніцы, калі дзяўчына выйшла з аўтобуса. Ёй насустрач ехалі палівальныя машыны. “Якія малайцы, — думала яна, — рыхтуюць вуліцы да першамайскага парада. Потым Лена ўбачыла салдат у марлевых павязках і рэспіратарах: яны арудавалі лапатамі — зрэзвалі верхнія пласты зямлі і кідалі іх на машыны, якія стаялі побач. Іншыя мылі асфальт спецыфічным растворам. “Для чаго яны гэта робяць?” — не разумела яна. Салдатаў было шмат, яны “гаспадарылі” на вуліцах, у дварах.
На плошчы Леніна стаялі аўтобусы, у іх садзіліся мамы з малымі дзеткамі і больш старэйшыя дзеці. Ніхто не стрымліваў слёз.
— Лена! — паклікаў знаёмы голас. Яна павярнулася і ўбачыла 12-гадовую сястрычку Ірынку. Побач стаяла нявестка з пляменнікамі. — Нас адпраўляюць у санаторый пад Мінск, на ўсё лета, вучыцца больш не будзем. Чула пра аварыю?
Крыкі малых, плач жанчын вывелі з нейкага ступару. На тварах землякоў акрамя слёз бачыла жах і роспач.
У той дзень Лена пачула шмат “новых” слоў: Чарнобыль, радыяцыя, зона, дазіметр… Узровень радыяцыі мералі ў хаце, на агародзе, у хляве. Тыя дрэвы, ад якіх “фаніла”, спільвалі і вывозілі. Любімую бярозку, якая расла пасярод двара, адстаялі ўсёй сям’ёй — растлумачылі, што дрэва было пасаджана ў гонар нараджэння сястры Любы. 24 гады яно шчодра паіла ўсіх смачным бярозавікам, а ў спякотныя летнія дні дарыла сям’і прахалоду сваёй лістотай.
У восем гадзін вечара Лена ад’язджала з роднага горада назад у Жлобін — не хацела мама, Валянціна Аляксандраўна, каб дачка заставалася “ў радыяцыі”.
На Дзень Перамогі дзяўчына зноў наведала родныя Хойнікі. Здзівіла тое, што ўвесь транспарт, які накіроўваўся ў горад, правяралі на ўзровень радыяцыі ваенныя, міліцыя. Пыл і бруд з машын і аўтобусаў змывалі вадою, як і раней, асфальт на вуліцах апрацоўвалі спецыяльным растворам, некалькі разоў на дзень па гораду ездзілі палівальныя машыны. Свае прадукты не дазвалялася есці, а толькі прывазныя. Дзецям выдавалі ёдазмяшчальныя таблеткі, вітаміны. Абавязкова ўсім галаўныя ўборы, марлевыя павязкі…
Тады ж жыхароў раёна сталі перасяляць у так званыя “чыстыя” зоны. У розныя куточкі Беларусі раскідаў Чарнобыль хойнікаўцаў. Другой радзімай для многіх з іх сталі гарады і вёскі Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай абласцей. Не стала выключэннем і наша Жабінка. З забруджаных зон да нас у раён паводле абавязковага і свабоднага адсялення пераехала 188 сем’яў, а гэта 670 чалавек. Сярод іх і Алена Міхайлаўна Дрозд з сям’ёй (у дзявоцтве Лёгенькая), якая з кастрычніка 1990 года жыве ў Жабінцы. На момант перасялення ў сям’і было двое дзяцей — трохгадовы Саша і паўтарагадовая Волечка. Падказалі Алене і яе мужу Юрыю, што ў Жабінкаўскую ПМК-10 патрабуюцца рабочыя. Былы дырэктар арганізацыі Пётр Мікалаевіч Масальскі прыняў Алену і Юрыя на працу, праявіў да маладой сям’і ўвагу і клопат, за што і зараз успамінаюць яго добрым словам і дзякуюць за ўсё. Амаль 10 гадоў Юрый Мікалаевіч Дрозд працаваў у ПМК-10, цяпер — у райспажыўтаварыстве. Алена ж пачынала з вартаўніка, потым была прыбіральшчыцай механічных майстэрняў, з 2000-га — зваршчыца машынна-кантактнай зваркі. Пяць апошніх гадоў — брыгадзір зварачнага цэха, у яе падпарадкаванні пяць мужчын, якія з павагай адносяцца да свайго брыгадзіра.
На жабінкаўскую зямлю разам з Аленай пераехалі родны дзядзька, брат Валерый з сям’ёй. Там, у Хойніках, засталіся мама, сёстры Люба і Ірына, брат Віктар.
— Прыжываліся цяжка, — кажа Алена. — Тут усё другое: зямля, людзі, клімат, нават словы. Напачатку пакутавала ад галаўных боляў — доўга прывыкала да мясцовага клімату, у мужа і дзяцей адаптацыя прайшла лягчэй. Мясцовыя жыхары да перасяленцаў адносіліся па-рознаму: хтосьці з паразуменнем, хтосьці з асцярогай, нават з непрыязню, маўляў, панаехалі тут. Але час паставіў усё на свае месцы, з многімі жабінкаўцамі мы сябруем, вось нядаўна з’явіліся ў нас і сваты мясцовыя — дачка Волечка выйшла замуж за Андрэя Сянькевіча, нарадзіла нам унука Даніка.
Шчасце быць бацькамі Алена і Юрый перажывалі яшчэ тройчы: у 1991 годзе, калі  нарадзілася Валянціна, у 1992-ім — Сяргей і ў 1996-ым — Мікалай. Алена і Юрый двойчы бабуля і дзядуля, акрамя Даніка ёсць унучка Жэнечка — дачка Валянціны.
— Аб тым, што пераехалі — не шкадуем, — гаворыць Юрый. — Мы зрабілі гэта дзеля нашых дзяцей, іх будучыні. На нашым жыццёвым шляху трапляліся добрыя, сумленныя людзі, — а гэта галоўнае. Пашчасціла з працоўнымі калектывамі, з любым пытаннем можна звярнуцца да кіраўніцтва, дзе дапамогуць у любой сітуацыі. Дзякуючы камітэту грамадскага аб’яднання “Чарнобыль і дзеці”, яе старшыні Іне Адамаўне Дарошка, нашы дзеці адпачывалі ў Ірландыі, Бельгіі, атрымлівалі лячэнне ў Высокаўскай санаторнай школе. Як бачыце, мы ніколі не заставаліся самі са сваімі праблемамі, заўсёды побач былі людзі, якія хваляваліся за нас і дапамагалі.
— Дамоў хочацца, — дадае Алена. — Там матуля, якой сёлета споўніцца 74, сёстры, брат. Калі прыязджаю ў Хойнікі, абавязкова наведваю школу, сустракаюся з былымі настаўнікамі і аднакласнікамі. Горад змяніўся да непазнавальнасці: прыгожы, чысты, утульны. На плошчы Леніна, як і раней, закаханыя прызначаюць спатканні, у парку маладыя мамы прагульваюцца са сваімі дзеткамі. Здаецца, не было гэтай бяды, толькі помнік Смутку, які стаіць у цэнтры Хойнікаў, нагадвае аб трагедыі. Ён прысвечаны тым вёскам раёна, жыхары якіх былі выселены. Іх няма на карце, яны засталіся ў нашай памяці: Уласы, Пагоннае, Гняздзёнка, Слабада, Лясок, Кажушкі, Радзін… Для 40 працэнтаў жыхароў Хойніцкага раёна роднымі сталі розныя куточкі Беларусі, дзе жывуць і працуюць мае землякі. Хатнія клопаты, жыццёвыя праблемы не дазваляюць часта бываць на радзіме, але калі пачынаюць сніцца родныя мясціны, бацькоўская хата, бярозка ў нашым двары — ведаю, прыйшла пара пабываць у куточку майго дзяцінства і юнацтва.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку:  дружная сям’я Дрозд: Вольга, маленькая ўнучка Жэнечка, Валянціна, Мікалай, мама Алена Міхайлаўна, Аляксандр і Сяргей.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top