Снег сышоў. Праблемы агаліліся

Снег сышоў. Праблемы агаліліся

Хуткія змены ў прыродзе, якая нарэшце рашуча павярнула на вясну, выявілі праблемы, на жаль, характэрныя для гэтага сезона. У час маніторынгу тэрыторый населеных пунктаў, праведзенага 14 красавіка ва ўсіх сельсаветах раёна, былі выяўлены шматлікія факты антысанітарыі, якія патрэбна тэрмінова выпраўляць.
Што адразу кідалася ў вочы, смецце (у наро-дзе жартам такія веснавыя “кветачкі” часам завуцца “падснежнікамі”, бо з’яўляюцца яны пасля знікнення снегу) у месцах агульнага карыстання. А гэта сведчыць не толькі пра недастатковую працу камунальнікаў і сельвыканкамаў, але й пра нізкую санітарную культуру (ці правільней казаць — пра яе поўную адсутнасць) і раўнадушша да парадку пэўнай часткі насельніцтва.
Значнай праблемай застаецца недастатковая колькасць кантэйнераў для смецця ў вёсках, яго нясвоечасовы вываз. За выключэннем Хмелеўскага сельсавета, дзе кантэйнеры не былі перапоўненыя, у астатніх убачанае выклікала надзвычай непрыемныя ўражанні. Нельга было нават гаварыць пра нейкую эстэтыку, напрыклад, каля кантэйнера ў вёсцы Новыя Дворы. Ды і ў іншых месцах кантэйнерныя пляцоўкі былі запоўнены смеццем.
У лазню чалавек звычайна наведваецца, каб памыцца, прывесці сябе ў парадак. Аднак няма парадку ля лазні ў Азятах. З якога боку да яе не падыдзеш — малюнак аднолькава непрывабны.
Смецце, што “вырасла” за зіму ўздоўж дарог на Федзькавічы, Азяты, Хмелева ды інш., проста кідалася ў вочы. Так званая зона прыдарожнага адпачынку паблізу райцэнтра, уразіла не толькі адходамі, раскіданымі навокал. Нават дах над альтанкаю, дзе падарожнік павінен спыніцца і адпачыць, ледзь-ледзь трымаецца, каб не абваліцца. Мае выгляд нейкай кітайскай “пагады”, што апынулася ў аварыйным стане!
Аўтобусны прыпынак, ці правільней сказаць тое, што ад яго засталося ў Падлессі, у антысанітарным стане. Сквер ля помніка воінам-землякам у той жа вёсцы таксама мае непрывабны выгляд.
Асаблівай увагі патрабуюць вясковыя могілкі. Яны, як вядома, месцы цішыні і чысціні. Ды гэтую ісціну, мабыць, забыліся ў Шчэгліках і Маціевічах. Больш-менш станоўчае ўражанне пакінулі сяхновіцкія могілкі, дзе летась аднавілі агароджу. Але ж і тут патрабуецца тэрмінова прыбраць старыя драўляныя платы.
Разам з тым, прыемна адзначыць і станоўчае, што выявілася пад час маніторынгу тэрыторый населеных пунктаў. Радуе, што ёсць людзі неабыякавыя, якія за доўгую зімнюю пару ўжо стаміліся без цяпла і чысціні, хто не чакае загадаў, а ўжо працуе дзеля прыгажосці роднага краю. Прыклад такі знайшлі ў Сцяпанкаўскім ФАПе. Нават у свой выхадны дзень фельчар Ала Віктараўна Юзвік была на працы. Разам з сям’ёй яна прыбіралася навокал. І было прыемна зазначыць, як хутка з дапамогаю працавітых рук лячэбная ўстанова набывала належны выгляд.
У час месячніка добраўпарадкавання, які праводзіцца ў раёне, патрэбны агульныя намаганні, каб жыццё навокал стала больш прывабным. Бо наводзім чысціню найперш для сябе і на сваёй зямлі.
Надзея ШОСЦІК, галоўны санітарны ўрач раёна; Анатоль БЕНЗЯРУК, карэспандэнт газеты.
На здымках: фельчар А.В.Юзвік наводзіць парадак ля ФАПа; ля кантэйнера ў Новых Дворах;
у зоне прыдарожнага адпачынку.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top