“Брэст. Садружнасць-2013”

Пятнаццатая міжнародная выстава-кірмаш “Брэст. Садружнасць-2013” будзе праходзіць з 24 па 26 красавіка ў Брэсцкім лёгкаатлетычным манежы на вуліцы Маскоўская, д.151. Традыцыйна сваю прадукцыю на ёй прадстаўляюць як прадпрыемствы Брэстчыны, так і кампаніі з іншых рэгіёнаў Беларусі, госці з Расіі і Украіны. Мэта яе — садзейнічанне рэалізацыі прадукцыі, маніторынг стану і перспектыўнага развіцця рынку Брэстчыны. Усе “экспанаты” будуць падзелены на 3 катэгорыі: тавары народнага спажывання, прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння і харчовая прамысловасць.
Сваю прадукцыю на выставе-кірмашы будуць прэзентаваць і прадпрыемствы Жабінкаўшчыны: у прыватнасці, ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Запросіць жадаючых пазнаёміцца з ёю і набыць навінкі для жывёлы і птушкі ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Знаходкай для рыбаловаў стане прыкорм “Удачны ўлоў” з ваніллю, водарам клубніц, карыцай і каляндрай.

Правільны старт — эфектыўны вынік

Поспех вырошчвання бройлераў залежыць ад паўнавартаснага кармлення, а першы тыдзень жыцця кураняці з’яўляецца вызначальным для захаванасці і хуткасці росту. У гэты перыяд адбываецца самы важны працэс, ад якога залежыць канчатковая маса бройлераў, таму кармы павінны быць высокапажыўнымі.
Спецыялістамі ААТ  “Жабінкаўскі камбікормавы завод” распрацаваны камбікармы для ўсіх этапаў развіцця куранятаў-бройлераў: ПК-5-1 неабходны для першых дзесяці дзён жыцця, ПК-5-2 — 11-24 дзён, ПК-6 — ад 25 дзён да забою.
Камбікорм ПК-5-1 узбагачаны біялагічна актыўнымі рэчывамі, а таму птушка, якая атрымлівае яго, ужо на 7-ы дзень перавышае вагу куранятаў, пры кармленні якіх ён не выкарыстоўваўся.

Выстава да юбілею паэта

Каля трох месяцаў засталося да 60-годдзя нашага слыннага земляка: паэта, журналіста Васіля Сахарчука, якога, на жаль, няма ўжо сярод нас. Падрыхтоўка да юбілею распачалася адкрыццём выставы “Зямныя і зорныя масты паэта” ў раённай бібліятэцы. І складаецца яна з трох раздзелаў “Словы, толькі словы складаюць маё жыццё”, “На вастрыі — вякамі — набалела, як чалавекам на зямлі пражыць”, “Маўкліва паяднацца з зорным лёсам, пакінуўшы зямныя берагі”. На выставе сабраны плён творчасці паэта, яго асабістыя рэчы, рукапісы, кнігі з аўтографамі Васілю Сахарчуку ад пісьменнікаў, сяброў, калегаў, успаміны пра яго.
А яшчэ пастараліся бібліятэкары, каб кожны наведвальнік выставы атрымаў на памяць для сябе паэтычныя радкі земляка, дапаможа ім у гэтым падраздзел “Вершы ў кішэні”, дзе месцяцца яго творы машынапісам на асобных лісточках.
Выставу могуць наведваць усе жадаючыя.

Еўрапейскі тыдзень імунізацыі

З 22 да 27 красавіка ў нашым раёне пройдзе Еўрапейскі тыдзень імунізацыі, дэвіз якога — “Абараніце свой свет — вакцынуйцеся”. Ён накіраваны на павышэнне інфармаванасці насельніцтва аб неабходнасці аховы супраць інфекцыйных хвароб з дапамогай вакцынапрафілактыкі. У гэтыя дні будуць арганізаваны кансультацыі спецыялістаў: педыятраў, тэрапеўтаў, урачоў агульнай практыкі, інфекцыяніста на базе паліклінікі УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”, урачэбных амбулаторый раёна. З пытаннямі можна звяртацца сюды і ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі (тэл. 2-16-98, 2-25-02, 2-16-28). Вы зможаце атрымаць інфармацыю аб календары прышчэпак, даведацца як падрыхтавацца да іх, аб вакцынах.

Крадзяжоў стала менш

Сёлета за першы квартал на тэрыторыі раёна ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага адзначаецца зніжэнне колькасці зарэгістраваных крадзяжоў усіх форм уласнасці з 28 да 21. Чатыры здзейснена з кватэр і прыватных дамоў, у дзвюх з іх устаноўлены злачынцы. Найбольшая колькасць крадзяжоў у Жабінцы — 16 і Жабінкаўскім сельсавеце — 2. Часцей злодзеі арудуюць у перадвыхадныя і выхадныя дні. Выкарыстоўваюць элементарную нядбаласць грамадзян, якія пакідаюць рэчы без нагляду, вядуць адкрытыя размовы аб асабістым матэрыяльным становішчы, публічна паказваюць вялікую суму грошай і інш. Як уберагчы сябе ад злачынных замахаў? Міліцыя, у прыватнасці, раіць устанавіць у кватэры сігналізацыю з вывадам на пульт Дэпартамента аховы, паставіць металічныя ці двайныя дзверы, адна з якіх павінна адчыняцца надвор і зачыняцца на накладны замок, захоўваць буйныя грашовыя сумы і дарагія ювелірныя ўпрыгажэнні ў ашчадных банках, а не “пад падушкай”, не паведамляць пін-коды пластыкавых банкаўскіх картак староннім асобам. Тэлефоны “гарачай лініі” 2-12-76, 2-20-96, (8029)68-78-664, (8029)82-35-030.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top