Краязнавец — той, хто ведае свой край

Краязнавец — той, хто ведае свой край

Нядаўна мне давялося пабываць на экскурсіі ў гісторыка-краязнаўчым музеі першай гарадской адзінаццацігодкі. Праводзілі яе для чацвёртакласнікаў сябры гуртка “Краязна-вец”, кіраўніком якога не першы год з’яўляецца настаўніца гісторыі Кацярына Мікалаеўна Чарнагузава, яна ж і загадчыца музея. З першых слоў Юліі Галоўчык, якая пачала расказваць пра наш край у старажытны перыяд, у музеі ўсталявалася цішыня, маленькія наведвальнікі з цікавасцю слухалі дзяўчынку-экскурсавода. Калі размова пайшла пра з’яўленне станцыі “Жабінка”, пра ўтварэнне раёна, пасыпаліся пытанні, на якія Юля цікава адказвала малым чамучкам. Потым экскурсію прадоўжыла Ганна Капусціна, якая расказала прысутным пра героя двух кантынентаў — Тадэвуша Касцюшку, для якога жабінкаўская зямля заўсёды была і заставалася радзімай. Падрыхтаваць гурткоўцам цікавую экскурсію пра знакамітага земляка дапамог дырэктар раённага краязнаўчага музея Сяргей Дзямідаў, з якім школьны музей падтрымлівае цесную сувязь.
Асобная экспазіцыя прысвечана яшчэ аднаму нашаму земляку, нараджэнцу вёскі Дзяменічы, камандзіру Чырвонай Арміі Маркіяну Якаўлевічу Германовічу. Рэвалюцыйнаму руху на тэрыторыі раёна ў гады панскай Польшчы прысвечана экспазіцыя “З кагорты барацьбітоў”.
Цэнтральнае месца ў музеі адведзена тэме Вялікай Айчыннай вайны. Пра трагічныя моманты пад час акупацыі нашага раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі, пра дзейнасць першага партызанскага атрада імя Міхаіла Чарнака расказвалі Ксенія Козел і Маргарыта Касцюкова.
Разам з дзяўчынкамі-экскурсаводамі навед-вальнікі музея прайшлі ўсе этапы вайны, пачынаючы з 1941 года да вызвалення нашага раёна. Цікавы матэрыял сабраны аб земляках-жабінкаўцах, аб настаўніках школы, якія ваявалі на розных франтах вайны. Так, прысутныя пазнаёміліся з баявымі подзвігамі А.В.Мурашкі, А.І.Іпатава, І.М.Бажкова — былых дырэктараў школы, М.К.Вашкевіча, Г.М.Сяльскова, М.А.Ка-вальчука, М.П.Карнеева, В.С.Валасюка — былых настаўнікаў.
Юлія Новік перайшла да экспазіцыі, прысвечанай нашаму таленавітаму земляку-паэту з Федзькавіч Васілю Гадульку і ўзгадала яго жыццёвы і творчы шлях.
Завяршылася экскурсія расказам Соф’і Хамюк аб воінах-афганцах нашага раёна, якім прысвечана экспазіцыя “Воіны-інтэрнацыяналісты”. Гэта даніна памяці тым, каго лёс закінуў на чужыну са зброяй у руках, даніна павагі верным прысязе хлопцам, іх воінскай доблесці.
За час экскурсіі навед-вальнікі-чацвёртакласнікі не стаміліся, на маё пытанне: “Было цікава?” на перабой адказвалі: “Так”, “Вельмі цікава!”. На развітанне паабяцалі, што абавязкова прыйдуць яшчэ.
Дзверы гісторыка-краязнаўчага музея першай гарадской адзінаццацігодкі адчынены не толькі для сваіх вучняў, але і для вучняў школ раёна, гасцей горада. Так, за 2011-2012 навучальны год была праведзена 31 экскурсія для вучняў трэцяй гарадской адзінаццацігодкі, Хмелеўскай сярэдняй школы, школы-інтэрната, дзетак старэйшых груп дзіцячых садзікаў №2 і №3, удзельнікаў абласной навукова-практычнай канферэнцыі. У гэтым го-дзе гурткоўцы-краязнаўцы правялі ўжо 15 экскурсій, 8 з якіх да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, адна для дырэктараў школ раёна.
Прыемна і радасна, што справа, пачатая ў 1956 го-дзе заснавальнікам музея Аляксандрам Паўлавічам Гогалевым, жыве і сёння. У свой час кіраўнікамі музея былі Леаніда Іванаўна Яканюк, Мікалай Сямёнавіч Міцковч, Наталля Мікалаеўна Созінава. За час свайго існавання музей неаднаразова адзначаўся граматамі раённага і абласнога ўзроўню за актыўную пошукава-даследчую дзейнасць, грамадска-карысную справу, стварэнне цікавай пазнавальнай экспазіцыі.
Лепшыя краязнаўцы музея — М.Шыманоўская, В.Іпатава ўзнагароджваліся граматамі ЦК ВЛКСМ. У розныя часы цікавыя экскурсіі праводзілі: Святлана Вайтовіч, Ірына Балтрамяюк, Святлана Шпак, Аляксандр Ігнацюк, Наталля Пальчук. Шмат матэрыялаў сабралі для музея выпускнікі 2012 года Ангеліна Адамчук, Вікторыя Бачарова, Дар’я Ніканчук, Дзмітрый Мароз, Вольга Высоцкая, Юлія Дыдышка, Ніна Завяржэнец, Настасся Панько, Вікторыя Прывалава, Ксенія Шэвелева.
Даследчая работа школьнага музея працягваецца. Члены гуртка “Краязнавец” рыхтуюцца да ўдзелу ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі. У намінацыі “Музей у чамадане” гурткоўцы прадставяць сем экспанатаў.
Распрацоўваюцца экскурсіі да Дня Перамогі на тэму “Жабінка ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, рыхтуюцца прэзентацыі “Дзеці-салдаты”, “Канцлагеры Другой сусветнай”. Музей чакае сваіх гасцей. Дзякуючы ўлюбёнай у сваю справу настаўніцы гісторыі Кацярыне Мікалаеўне Чарнагузавай і яе гурткоўцам, экскурсіі ў музеі першай гарадской адзінаццацігодкі надоўга застаюцца ў памяці і сэрцах яго наведвальнікаў.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымках: экскурсію праводзіць Юлія Галоўчык; кіраўнік гуртка “Краязнавец” К.М.Чарнагузава са сваімі выхаванцамі: Ксеніяй Козел, Маргарытай Касцюковай, Юліяй Галоўчык, Ганнай Капусцінай і Паўлам Пятрашкам.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top