Любоў да мовы — з дзяцінства

Любоў да мовы — з дзяцінства

У кожнага педагога свой шлях у прафесію. Адны працягваюць ісці дарогай бацькоў, іншыя з-за любові да дзяцей ці па закліку душы выбіраюць педагогіку.
Яшчэ школьніцай Ніна Славуціч зразумела, што яе прызванне — працаваць ля школьнай дошкі ў атачэнні цікаўных вучнёўскіх вачэй. Упершыню пераступіла парог Якаўчыцкай школы як першакласніца ў 1965 годзе. Так і засталася тут на ўсё жыццё. У першы ж дзень дзяўчынцы ўсё ў школе вельмі спадабалася. І ўжо ў першым класе яна сказала: “Мама, там цікава і проста, многа прыгожых карцін. Я буду як Ніна Антонаўна”. Маці паслухала і адказала: “Ну, добра. Дык старайся, дачушка, вучыся. Тады будзеш як Ніна Антонаўна” (Ніну Антонаўну Андраюк у вёсцы ведалі і паважалі ўсе як цудоўную настаўніцу).
Пяцікласніцу Ніну захапілі ўрокі рускай мовы, якія вяла Софія Сяргееўна Казулька. Клас дзяліўся на дзве групы, 45 хвілін праляталі імгненна. З выбарам прафесіі дзяўчынка вызначылася зноў жа ў пятым. Са старэйшых класаў помняцца дыспуты, канферэнцыі, урокі Наталлі Дзмітрыеўны Левічавай, настаўніцы беларускай мовы, якая пазней працавала ў Брэсцкім інстытуце ўдасканалення ведаў настаўнікаў.
Пасля школы, а было гэта ў 1975 годзе, ёй прапанавалі працаваць лабаранткай. Дзяўчына пагадзілася. Гэтай справай займалася тры гады і завочна вучылася ў Брэсцкім педагагічным інстытуце імя А.С.Пушкіна. Пазней працавала піянерважатай. Як атрымала дыплом, пачала весці ўрокі роднай мовы і літаратуры. Праца вельмі падабалася, таму што Ніна Якаўлеўна Трус (прозвішча па мужу) любіла і любіць дзяцей, прадмет, які выкладае. Да ўрокаў рыхтавалася старанна, імкнулася зацікавіць увесь клас і кожнага вучня. “Нямы той чалавек, які забыў мову продкаў”, — любіла паўтараць яна. Педагог раілася з вопытнымі калегамі, наведвала іх урокі, чытала шмат метадычнай літаратуры.
Гады ідуць хутка, за школьныя парты прыйшлі ўжо дзеці яе вучняў. Неаднойчы даводзілася ёй чуць: “А вы маю маму вучылі, майго тату таксама”.
На ўроках яна імкнецца падаць матэрыял так, каб дзеці зразумелі яго і запамяталі. Для гэтага выкарыстоўвае розныя метады: спісванне з дадатковым заданнем, работа ў парах, творчыя працы паводле малюнкаў, нямы дыктант, часта прапаноўвае крыжаванкі, тэсты (асабліва ў старэйшых класах). З таго часу, калі вучань атрымаў права выбару мовы пры паступленні ў навучальныя ўстановы, усе яе вучні, за выключэннем двух, здавалі беларускую і даволі паспяхова. Гэта яе радуе. Многія выпускнікі Ніны Якаўлеўны сталі настаўнікамі ў розных спецыяльнасцях, а Іра Кавальчук, Таня Анціпаровіч, Насця Маісеенка, Марыя Маісеенка атрымалі дыпломы настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Іра Кавальчук (цяпер Дземідовіч) працуе побач з любімым педагогам у роднай школе. Завочна вучыцца Таня Палюховіч.
Ніна Якаўлеўна Трус пастаянна, акрамя ўрокаў, брала клас і была яго кіраўніком ажно да 11-га. Праводзіла самыя розныя мерапрыемствы: вадзіла на экскурсіі ў родную прыроду (дарэчы, яна сама вельмі любіць бываць у лесе, на лузе), ездзіла з вучнямі на спектаклі ў Брэст, ладзіла розныя тэматычныя гутаркі, лекцыі, віктарыны. Шмат гадоў вядзе фальклорны гурток “Крынічка”, дзе вучні вывучаюць абрады і звычаі беларусаў, жыхароў нашай мясцовасці. Краязнаўчае мерапрыемства “Матчын ручнік” атрымала другое месца ў раённым конкурсе-аглядзе. Дарэчы, якаўчыцкія хлопчыкі і дзяўчынкі любяць удзельнічаць у правядзенні такіх святаў, як Каляды, “У нас Масленіца”, “Грамніцы — свята свечкі”. Сёлета цікава ў школе прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У кабінеце была аформлена выстава, арганізоўваліся літаратурныя гульні, святы беларускай кухні. “Я заўсёды з задавальненнем слухаю, як вучні размаўляюць на роднай мове, разважаюць, робяць абагульненні, — кажа настаўніца. — І адзначаю для сябе, што я раблю ўсё правільна, каб дзеці не забывалі сваю родную мову і не саромеліся размаўляць на ёй. Таму што, як кажуць славутасці, людзі, якія цураюцца сваёй роднай мовы, могуць згінуць як нацыя”.
Выхаванцы Ніны Якаўлеўны неаднойчы ўдзельнічалі ў раённай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры і былі ў ліку пераможцаў: Аксана Гатоўчыц — трэцяе месца, Марыя Дзмітрук — другое.
Выпускнікі Якаўчыцкай школы адзначаюць, што любоў і павагу да роднай мовы, патрэбу і жаданне размаўляць на ёй, калектыў педагогаў выхоўвае ў вучняў з ранняга дзяцінства. У калідоры аформлены стэнд, прысвечаны нашай Радзіме — Беларусі. Этнаграфічная экспазіцыя ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры, выставы — усё гэта працуе на тое, каб зацікавіць матчынай мовай, культурай нашых продкаў.
Лідзія ІВАНІХІНА, наш няштатны карэспандэнт.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top