Баксёр, чэмпіён, зямляк…

Баксёр, чэмпіён, зямляк…

Наш зямляк — баксёр Павел Кастрамін прыгожа перамог на адкрытым Кубку Беларусі ў боксе, прысвечаным памяці чэмпіёна Савецкага Саюза Уладзіміра Когана, што адбыўся 1 красавіка ў Брэсце. Пяць баксёраў, сярод якіх былі спартсмены міжнароднага класа, прызёры свету і Еўропы, а таксама былы чэмпіён Беларусі, не вытрымалі ўдараў упэўненага ў перамозе байца. Мы не маглі застацца ў баку і не пагутарыць з чэмпіёнам, выхадцам з Жабінкі, імя якога вядома далёка за межамі краіны.
— Павел, раскажы, калі ласка, як ты прыйшоў у бокс? Хто выгадаваў у табе байца?
— Выхоўваць з мяне баксёра пачаў бацька, які таксама ў мінулым займаўся гэтым відам спорту. На той момант мне было ўсяго 10. Памятаю якой “салодкай” была першая перамога ў першынстве вобласці. Яго вопыт, парады і зараз шмат у чым дапамагаюць на рынгу. У дзіцячай юнацкай спартыўнай школе ў Жабінцы са мной стаў займацца цудоўны трэнер — Юрый Мікалаевіч Аўчыннікаў. Усе пачатковыя этапы станаўлення мяне, як байца, я прайшоў менавіта з гэтым добрым, душэўным чалавекам, першакласным трэнерам. Разам са мной ён радаваўся першым поспехам, падтрымліваў, калі было цяжка. Нават зараз, калі я ўжо два гады займаюся ў Школе вышэйшага спартыўнага майстэрства, наведваю, калі атрымліваецца, трэніроўкі Юрыя Мікалаевіча, адпрацоўваю з ім новыя прыёмы. Ён хвалюецца за мяне, а я ведаю, што не магу падвесці свайго першага спартыўнага настаўніка. У Школе вышэйшага майстэрства таксама трэніруюся ў моцнага трэнера — Уладзіміра Аляксандравіча Вышынскага. Маіх перамог не было б без гэтых людзей, за што ім вельмі ўдзячны.
— Калі пералічваць ўсе твае перамогі, не хопіць пальцаў рук. Раскажы пра самыя значныя з іх.
— Яшчэ вучнем стаў прызёрам першынства Еўропы ў боксе сярод школьнікаў, якое праходзіла ў Цвяры. Гэтая перамога надала вялікую ўпэўненасць у сабе, стала стымулам для лепшых вынікаў. Важным спаборніцтвам для мяне стаў прадстаўнічы турнір у Сімферопалі, у якім прымалі ўдзел баксёры з 25 краін. Адзін толькі ўдзел у спаборніцтвах такога ўзроўню дорага каштуе, а перамога на ім — гэта вялікі гонар. Ну і, вядома ж, чэмпіянат Еўропы сярод моладзі да 22 гадоў, дзе я ўзяў бронзу. Ён дапамог мне паверыць ва ўласныя сілы. Дасягнуць вышыні можа кожны, для гэтага трэба трэніравацца і мэтанакіравана ісці да дасягнення сваёй мэты.
— Ты сказаў пра мэту… Якую жыццёвую планку ты паставіў для сябе? Якой вяршыні марыш дасягнуць?
— Напэўна, мэта кожнага спартсмена — алімпіяда. Вось і я мару трапіць на Алімпійскія гульні. Калі казаць увогуле, то хацелася б дабіцца максімальных вынікаў у боксе, выканаць праграму-максімум для сябе. А там пабачым, як будуць складвацца абставіны. Далёка зазіраць не хачу.
— Колькі зараз часу аддаеш трэніроўкам? Да якіх спаборніцтваў рыхтуешся?
— Зараз цалкам аддаюся трэніроўкам, якіх штодзень 2. Выхадны ў мяне толькі ў нядзелю. На самой справе, поспех у боксе, як і ў іншых відах спорту, залежыць ад 2 складнікоў — псіхалагічнага фактару і фізічнай падрыхтоўкі — пастаянных, цыклічных трэніровак з высокапрафесійнымі спецыялістамі. Цяпер рыхтуемся да чэмпіянату Еўропы, які пройдзе ў Мінску з 30 мая па 9 ліпеня.
— Ці ёсць у цябе нейкая тактыка, твая “фішка” ў вядзенні бою?
— Умоўна ўсіх баксёраў можна падзяліць на “ігравікоў”, “панчараў” і “тэмпавікоў”. Дык вось, я адношуся да першай катэгорыі. Мне падабаецца гульнёвы манеўр бою. Сутнасць у тым, што “ігравік” больш разлічвае на рэакцыю, тэхніку і хуткасць, гульнёвыя дзеянні. Ён імкнецца перагуляць саперніка ў ачках, абхітрыць яго несапраўднымі рухамі. “Панчары”, ці як іх яшчэ называюць “накаўтары”, адразу ж ідуць у наступленне, іх дзеянні менш тэхнічныя, яны спадзяюцца на добра пастаўлены ўдар.
— Паша, а кумір у плане тэхнікі баксіравання ў цябе ёсць?
— У мяне няма куміраў, проста ёсць баксёры, якія мне падабаюцца, у якіх магу пераняць нейкія тактычныя дзеянні, падыходы да вядзення бою. Да прыкладу, Ламачэнка, Рой Джонс, Холіфілд, Рыгонда — усе яны байцы сусветнага ўзроўню, якія дасягнулі вялікіх поспехаў. У іх многаму можна навучыцца.
— Нягледзячы на высокі ўзровень майстэрства, напэўна, перад спаборніцтвамі ўсё ж прысутнічае мандраж. Што дапамагае табе сабрацца?
— Канечне, хваляванне прысутнічае. Дапамагае справіцца з ім вера ў мае сілы блізкіх людзей: бацькоў, трэнераў, сястры і дзяўчыны. Да прыкладу, перад адкрытым Кубкам Беларусі я хварэў, усяго тыдзень рыхтаваўся да спаборніцтваў. Аднак у мяне ўсё атрымалася, бо падтрымлівалі трэнеры, якія ўкладваюць у мяне часцінку сваёй душы, і бацька. Я проста не мог іх засмуціць, не апраўдаць іх надзеі. Для мяне не столькі важныя перамогі, колькі усведамленне таго, што раблю гэта для сваіх родных.
— Ты верыш у пэўныя забабоны? Аб чым думаеш перад выхадам на рынг?
— Не, не веру ў забабоны, я — веруючы чалавек. Веру ў Бога і ў тое, што не без яго дапамогі ўсё адбываецца. Таму перад боем абавязкова ў думках звяртаюся да яго з малітваю. А на спаборніцтвах розных “спектакляў” можна наглядзецца. Нехта бегае, рынг перад выхадам цалуе, хрысціцца ва ўсе бакі. Мне здаецца — гэта лішняе. Вера павінна жыць у сэрцы, а не быць “паказухай”.
— Павел, ты шмат вандруеш, рэдка бываеш дома. Не “напружвае” такое жыццё ў рытме “нон-стоп”? Ці не перашкаджае спорт асабістаму жыццю?
— Самі пераезды, канечне, стамляюць. Аднак пераважае жаданне пабачыць новыя месцы, прыняць удзел у спаборніцтвах больш высокага ўзроўню. Быў у Балгарыі, у нашых суседзяў —  Расіі, Польшчы, Украіне. Асабліва спадабалася ў Сімферопалі. Арганізатары турніру вельмі добра сустракалі ўдзельнікаў, плюс цеплыня, мора… Безумоўна, цяжка пакідаць родных, ды і з-за шчыльнага графіку трэніровак, збораў і спаборніцтваў рэдка даводзіцца бачыцца з дзяўчынай, сябрамі з Жабінкі. Але яны ўсё разу-меюць, ведаюць наколькі важным для мяне з’яўляецца бокс, і падтрымліваюць у любых абставінах.
Гутарыла Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top