Здароўя не купіш, а ў чарзе пастаіш…

Здароўя не купіш, а ў чарзе пастаіш…

Напэўна, няма такога чалавека, які б ні разу не хварэў хоць  звычайнай прастудай ці віруснай інфекцыяй. І не знайсці на свеце тых, хто ўвогуле не наведваў паліклініку. А значыць, кожнаму з нас добра знаёма нервовае чаканне ля ўрачэбных кабінетаў, вялікія чэргі за талончыкамі і многія іншыя бальнічныя рэаліі. Захаванне здароўя ў належным стане, прафілактыка хвароб і своечасовае лячэнне — пытанні, што хвалююць кожнага чалавека. Вось мы і вырашылі даведацца ў жыхароў Жабінкаўшчыны, ці задаволены яны медыцынскім абслугоўваннем у нашым раёне, якія праблемы іх непакояць і што б яны прапанавалі змяніць у сучаснай  сістэме аховы здароўя?  

Ларыса Віктараўна, жыхарка Ракітніцы:
— Мяне хвалюе тое, што не хапае спецыялістаў- гінеколагаў. У нашай бальніцы іх, наколькі я ведаю, усяго два. Яны проста фізічна не паспяваюць абслугоўваць столькі пацыентаў. Тым больш, што два дні на тыдзень прымаюць толькі цяжарных жанчын. Талонаў на ўсіх не хапае. Радуе тое, што у нас працуюць добрыя ўрачы, неабыякавыя да чужых праблем. Яны прымаюць і без талона, разумеючы праблему. Лічу, што нашай паліклініцы проста неабходна змяніць сістэму выдачы талонаў. Добра было б, каб увялі практыку  “папярэдняга запісу”.
Анатоль Паўлавіч Муха, пенсіянер:
— Я часты наведвальнік паліклінікі. Мяне ўжо ўрачы пазнаюць. Магу сказаць, што за апошнія дзесяць гадоў медыцынскае абслугоўванне змянілася ў добры бок. Цяпер у бальніцы ёсць сучаснае абсталяванне, камфортныя палаты. Я зараз лячуся ў стацыянары. Хоць хварэць — справа не вельмі прыемная, аднак радуе, што клапоцяцца аб маім здароўі кваліфікаваныя спецыялісты, ўважлівыя медсёстры.
Марыя Мікалаеўна Хамук, жыхарка Азятаў:
— Мне падабаецца абслугоўванне ў раённай паліклініцы. Ад знаёмых не раз чула аб праблеме з чэргамі. Аднак сама з гэтым не сутыкалася, бо да нядаўняга часу хварэла рэдка. Сёлета мне зрабілі аперацыю: выдалілі камень з ныркі. Цяпер у мяне перыяд акліматызацыі. Ужо два месяцы ўрачы раённай бальніцы — уважлівыя і адказныя людзі — дапамагаюць мне палепшыць здароўе. Яшчэ вельмі зручна, што сельскія жыхары могуць “адкласці” талон на прыём да ўрача па тэлефоне.
Лілія, маладая маці:
— На шчасце, мы рэдка хварэем. Аднак, калі даводзіцца  наведваць паліклініку, кожны раз сустракаюся з аднымі і тымі ж праблемамі, якія, думаю, і вырашаць ніхто не хоча. У першую чаргу, гэта вялікія чэргі ў лабараторыю, дзе бяруць аналізы крыві. Увогуле спецыялісты гэтага кабінета паступаюць не вельмі карэктна, калі ў 11 гадзін (у гэты час заканчваецца прыём аналізаў) проста закрываюць перад табой дзверы. Я тры дні запар з 10.30 стаяла ў чарзе пад гэтым кабінетам (раней проста не атрымлівалася патрапіць у бальніцу, бо ў мяне маленькае дзіця), і кожны раз чула аднолькавыя словы: “Прыходзьце заўтра”. “А як жа чалавечнасць?” — хочацца запытаць у такіх медыкаў. Цяжка таксама ўзяць талоны да гінеколага і стаматолага. Людзі чэргі займаюць з 6 гадзін раніцы…
Данута Канстанцінаўна Крупко:
— Лячуся ў неўралагічным аддзяленні і вельмі задаволена абслугоўваннем медыцынскага персаналу. Ветлівыя і спагадлівыя медсёстры, вопытныя ўрачы, якія заўсёды растлумачаць сутнасць тваёй хваробы, падкажуць, як лепш паступіць у тых ці іншых абставінах, калі трэба, адправяць на абследаванне ў Брэст. Асабліва хацелася б падзякаваць дактарам з “залатымі рукамі” — Галіне Іосіфаўне Саковіч і Аляксандру Васільевічу Дарагакупцу. Падабаецца і харчаванне, і догляд у стацыянарным аддзяленні. Добрыя ў нас і педыятры, да якіх звяртаемся з унукам.
Алена Мікалаеўна, 38 гадоў:
— Чэргі ёсць усюды: у банку, у магазіне. Канечне, не абыходзіцца без іх і ў нашай паліклініцы. Аднак, гэта не самае страшнае. Хацелася б толькі, каб талоны можна было заказваць па тэлефоне. Гэта б аблегчыла жыццё многіх людзей. А так мне ўсё падабаецца.
Апытанне правяла Дар’я КНЯЗЕВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top