Галоўная ўвага тэмпам, якасці, тэхналогіям

Галоўная ўвага тэмпам, якасці, тэхналогіям

У нашым раёне на базе ААТ “Ракітніца” прайшоў абласны семінар-нарада, на якім былі разгледжаны пытанні арганізацыі правядзення веснавых палявых работ. Удзел у ім прынялі кіраўнікі райвыканкамаў і структурных падраздзяленняў аблвыканкама, арганізацый вобласці, начальнікі райсельгасхарчаў, а таксама кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Брэсцкага, Камянецкага, Маларыцкага і Жабінкаўскага раёнаў. Прысутнічалі першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання краіны Л.А.Марыніч і старшыня КДК Брэсцкай вобласці Д.В.Баско.
Акрэсліваючы задачы, якія стаяць перад аграрыямі вобласці, старшыня аблвыканкама К.А.Сумар адзначыў, што ва ўмовах позняй вясны вельмі важна не ўпусціць час. Патрэбна працаваць круглыя суткі, на што, дарэчы, і ўказваў на нядаўняй нарадзе Прэзідэнт Беларусі. Асабліва спяшацца неабходна з падкормкай азімых, прамаруджваць, раскачвацца нельга, інакш усё гэта выльецца ў недабор ураджаю. “Цяпер, — падкрэсліў кіраўнік вобласці, — усе работы трэба праводзіць у комплексе: і рыхтаваць глебу, і падкормліваць пасевы, і сеяць, у тым ліку цукровыя буракі і кукурузу. Зямля прагрэлася, каб весці сяўбу яравых”.
У чым карысць такіх семінараў? На мой погляд, на іх можна наглядна павучыцца, як правільна арганізаваць тую ці іншую тэхналагічную аперацыю, звярнуць увагу на выкананне стандартаў, яшчэ раз успомніць пра характэрныя памылкі, якія не трэба дапускаць, дый пазнаёміцца з навінкамі, перадавымі прыёмамі ў вырошчванні сельгаскультур.
Практычная вучоба была на палях ААТ “Ракітніца”. Намеснік старшыні абл-сельгасхарчу А.Д.Трацюк расказаў удзельнікам семінара, як трэба рыхтаваць поле да сяўбы. Адна з умоў — яно павінна быць роўным, без грабянёў. Сейбітам трэба сачыць таксама, каб не дапускаць загушчанасці пасеваў. Гаварылася і аб важнасці паваротнай паласы, калі яе няма, дык “не працуе на ўраджай усё поле”.
Ля азімага палетка можна было ўбачыць, што расліны добра выйшлі з зімоўкі. І ад правільнага догляду цяпер залежыць, колькі цэнтнераў з гектара можна тут сабраць 25-30 ці 60.
Важна не прамарудзіць з першай падкормкай. Затым да 5 мая зрабіць другую. 3-4 падкормкі на азімых фарміруюць якасць зерня, у прыватнасці, утрыманне бялку, які патрэбен і для хлебапёкаў, і ў жывёлагадоўлі.
Прадэманстравалі ў “Ракітніцы”, як працуе агрэгат “Раса”. Цяпер, калі палі насычаны вільгаццю, не кожны трактар можна задзейнічаць на падкормцы пасеваў. А “Раса”, як трапна заўважылі на семінары, і сапраўды, як самалёт “лётае”, толькі па зямлі.
Пры належнай арга-нізацыі працы, як адзначалася, можна “карміць” пры дапамозе гэтай тэхнікі да 200 гектараў у суткі. Такіх агрэгатаў не багата ў гаспадарках. Таму слушнай была і просьба, і прапанова К.А.Сумара: “Не трэба баяцца, што дапаможам суседу, калі са сваёй работай справіліся”.
Рэкамендавалася, што на тэхніцы павінна быць устаноўлена навігацыйнае абсталяванне, якое выконвае функцыю кантролю. Цяпер на дысплеі камп’ютара бачна, наколькі якасна зроблена тая ці іншая аперацыя.
Удзельнікам семінара прапанавалі паглядзець, як рыхтуюць ракітчане поле пад цукровыя буракі, як сеюць іх. Сёлетняе надвор’е не дазволіла рабіць гэта, як звычайна, у першай дэкадзе красавіка. Таму цяпер трэба ўключыць у работу ўсе агрэгаты. Задача да 25-27 красавіка закончыць у вобласці сяўбу гэтай культуры. Інакш можна згубіць ураджай, тым больш, што ў яе доўгі вегетацыйны перыяд. А яшчэ неабходна ўлічыць, што Жабінкаўскі цукровы завод запускаецца ў першых чыслах верасня.
Падвядзенне вынікаў семінара прайшло ў мясцовым Доме культуры, дзе яшчэ раз напомнілі, што веснавыя палявыя работы патрэбна весці хутка і якасна.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымках:  абласны аграрны  семінар  у ААТ “Ракітніца”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top