Узяў кнігу ў рукі, даведаўся шмат цікавага…

Узяў кнігу ў рукі, даведаўся шмат цікавага…

Нядаўна госцем дзіцячай бібліятэкі, куды прыйшлі чацвёртакласнікі першай і трэцяй гарадскіх школ,  быў дзіцячы пісьменнік з Мінска Валерый Квілорыя. Дзеці любяць гумар, смех, весялосць. І ўсё гэта яны знаходзяць на старонках яго кніг. Напісаў аўтар для дзяцей больш 20 кніжак. Бацькі пісьменніка жывуць у Заслаўі, сам ён у Мінску. Шмат гадоў працаваў журналістам… Цяпер мае ўласнае выдавецтва і піша для хлопчыкаў і дзяўчынак.
Творы Валерыя Квілорыя прыцягваюць юных чытачоў перш за ўсё гумарам. Яны добрыя, пазнаваўчыя, запатрабаваныя сёння.
Госць расказваў на сустрэчы, што ён, як і ўсе школьнікі, часта спазняўся на ўрокі, калі-нікалі прагульваў іх. А каб настаўнікі не асабліва сварыліся на яго, прыдумваў розныя небыліцы, неверагодныя гісторыі. Тыя здзіўляліся і рабілі выгляд, што вераць яму. Вось так са звычайнага хлопчыка з незвычайнымі фантазіямі вырас сучасны дзіцячы пісьменнік .
На сустрэчы ў бібліятэцы ён у імгненне вока “захапіў” залу сваімі расказамі і стаў не проста пісьменнікам, а сапраўдным сябрам. Усім было весела. Калі госць пачынаў расказваць чарговую гісторыю ў зале панавала неверагодная цішыня, усе ўважліва слухалі, здавалася яны самі ўдзельнікі гэтай гісторыі.
Прыйшоў час і да пытанняў, якія былі самыя розныя: “Чаму пішаце для дзяцей?”, “Як стаць пісьменнікам?”, “Ваш першы твор”, “У чым сакрэт творчага поспеху?”, “Колькі вам гадоў?”, “А для дарослых пішаце?”, “Ці памятаеце сваю першую аўтарскую казку?”, “Якія кніжкі вы любілі чытаць у дзяцінстве?”. На ўсе іх ён адказваў з лёгкасцю.
Кнігі Валерыя Квілорыя сапраўды папулярныя сярод дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту апошнія шэсць гадоў. Ён піша ў лепшых традыцыях дзіцячай гумарыстычнай літаратуры. Многія ўжо чыталі кнігі пісьменніка, ім хацелася даведацца пра новыя творы. Тыя, хто ўпершыню пачуў пра яго творчасць, імгненна расхапалі кнігі, дзе надрукаваны аповесці “Трынаццаты карась”, “Бунт у талерцы”, “Пагоня за шалёнай Каракаціцай”, “22 крокі супраць часу”.
Потым юныя ўдзельнікі сустрэчы абступілі творцу і атрымалі на памяць кнігі з аўтографамі. Дзіцячай бібліятэцы Валерый Квілорыя падарыў свае новыя выданні.
Галіна ХАНДРЫКА, намеснік дырэктара ЦБС у рабоце з дзецьмі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top