Жабінка — у ліку пераможцаў

Падведзены вынікі штогадовага абласнога агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў за 2012 год. Жабінка прызнана пераможцай у трэцяй катэгорыі населеных пунктаў з колькасцю балаў 223. Усяго на некалькі балаў больш у Маларыты і Драгічына. Наш горад, як і названыя суседнія, ўзнагароджаны Граматай Брэсцкага аблвыканкама і грашовай прэміяй у памеры 1000 базавых велічынь. Яна будзе выплачана са сродкаў, прадугледжаных у бюджэце вобласці на добраўпарадкаванне. Згодна з рашэннем райвыканкама прэмія накіравана КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”: 90 мільёнаў рублёў яе будзе патрачана на пагашэнне запазычанасці за работы, выкананыя летась на ўладкаванні гарадскіх тэрыторый, 10 мільёнаў — на заахвочванне работнікаў камунальнай службы, якія ў мінулым годзе пастараліся, каб наша Жабінка была ўтульнай, чыстай і прыгожай.
У 2013 годзе таксама будуць праводзіцца рэспубліканскі і абласны агляды санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў.

Вытворчасць фасаванай прадукцыі павялічыцца

Два месяцы ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” перапрацоўваў цукар-сырэц. З 52,9 тыс. тон замежнай сыравіны атрымана 51,9 тыс. тон прадукцыі, сярэдні выхад 98,25%. Цяпер цукравары будуць занятыя рамонтам абсталявання і падрыхтоўкай яго да новага бураковага сезону. Плануецца таксама далейшая мадэрнізацыя вытворчасцей пад магутнасці 10 тысяч тон цукровых буракоў у суткі.
У канцы сакавіка на прадпрыемстве здадзена ў эксплуатацыю фабрыка фасоўкі цукру. Да існуючых дзвюх ліній упакоўкі ў кілаграмовыя пакеты, разлічаных па 50 тон у суткі, дабавіцца яшчэ адна. Магутнасць новай у 2 разы большая. Такім чынам, павялічыцца і вытворчасць фасаванай прадукцыі.

Яшчэ два спецыялізаваныя магазіны

Жабінкаўскі камбікормавы завод пашырыў сваю гандлёвую сетку. Два новыя магазіны, у якіх можна набыць прадукцыю прадпрыемства, адчынілі дзверы ў Драгічыне і ў вёсцы Махро Іванаўскага раёна. На Брэстчыне і Гродзеншчыне ўжо адкрыты і паспяхова працуюць 42 спецыялізаваныя магазіны “Камбікармы”. Зараз работнікі аддзела маркетынгу завода рыхтуюцца да ўдзелу ў міжнароднай выставе “Брэст-Садружнасць-2013”, якая пройдзе з 24 па 26 красавіка ў горадзе над Бугам. Яе наведвальнікі змогуць пазнаёміцца са шматлікай прадукцыяй нашага прадпрыемства.

Першая кніжка ліцэісткі

“Няўтольная цяга да красы-гармоніі ўвогуле і памкненне як мага трапней прыўнесці ў яе часцінку ўласнай душы родным словам вельмі адчувальныя”, — так сказаў пра яшчэ небагатую творчасць юнай паэткі Насці Сідорка аўтар прадмовы, паэт Алесь Каско да кнігі “Пялёсткі”, якая пабачыла свет дзякуючы фінансавай падтрымцы газеты “Брэсцкі кур’ер” і асабіста яе рэдактара Мікалая Аляксандрава.
У чэрвені дзяўчынцы споўніцца 16 гадоў, вучыцца яна ў дзясятым класе гарадскога ліцэя, першыя вершы напісала трэцякласніцаю, з’яўляецца сяброўкаю літаратурнай студыі “Вестка”, створанай пры раённай дзіцячай бібліятэцы.

Дыпломы юных даследчыкаў

У раёне прайшла чацвёртая навукова-практычная канферэнцыя малодшых школьнікаў “Я — даследчык 2013”. Усяго ў аргкамітэт паступіла 21 работа. Да абароны было дапушчана 18, з якіх найбольшая колькасць мела прыродазнаўчы характар, 5 — краязнаўчага напрамку і адна — даследавала рускую мову. Найбольш актыўнымі былі вучні чацвёртых класаў, якія на суд журы прапанавалі адзінаццаць прац. Па колькасці дыпломаў лідзіруе першая гарадская адзінаццацігодка, вучні якой заваявалі чатыры дыпломы І ступені, на другім месцы сярэдняя школа №3 з трыма дыпломамі ІІІ ступені. У тройку лідараў увайшлі сярэдняя школа №2 з двума дыпломамі І ступені і Крыўлянская СШ, у скарбонцы якой дыпломы ІІ і ІІІ ступеняў. Паводле вынікаў канферэнцыі па адным дыпломе маюць Азяцкая СШ (І-ай ступені), Хмелеўская СШ, Маціевіцкая БШ (ІІ-ой ступені) і Ленінская адзінаццацігодка (3-яй ступені).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top