Новае ў Жыллёвым кодэксе

Новае ў Жыллёвым кодэксе

Жыллёвыя праваадносіны ў краіне рэгулююцца Жыллёвым кодэксам Рэспублікі Беларусь, што ўступіў у сілу з сакавіка. Пра істотныя змены ў новым кодэксе размова з загадчыкам аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама А.М.Крупко.
— Алеся Міхайлаўна, калі не памыляюся, размовы наконт таго, што Жыллёвы кодэкс 1999 года патрабуе змен і ўдакладненняў ішлі ўжо не менш за пяцігоддзе. Што стала прычынамі з’яўлення новага Кодэкса?
— Можна сказаць, само жыццё, тыя істотныя змены, якія адбываюцца літаральна ў сацыяльным і эканамічным развіцці грамадства, у заканадаўстве. Новы Жыллёвы кодэкс, прыняты ўлетку 2012 года, уступіў у сілу 2 сакавіка гэтага года.
— На што ў першую чаргу патрэбна звярнуць асаблівую ўвагу, разглядаючы гэты дакумент?
— Найперш трэба мець на ўвазе арт.1 разд.1 “Асноўныя палажэнні”, дзе выкладзены і патлумачаны 63 асноўныя тэрміны. У адрозненне ад ранейшага Кодэкса цяпер дадзены вызначэнні для ўсіх удзельнікаў жыллёвых праваадносінаў (нарыклад, родзічаў, блізкіх родзічаў, сваякоў, членаў сям’і, былых членаў сям’і і г.д.). А гэта мае асаблівае значэнне для судовай практыкі.
— З чаго цяпер складаецца жыллёвы фонд краіны? Ці можа, напрыклад, у яго быць уключана дача?
— Як і раней у жыллёвы фонд Беларусі ўваходзяць дзяржаўны і прыватны фонды. Пры гэтым у арт.10 Кодэкса падкрэслена, што ў іх склад жылыя памяшканні ўключаюцца толькі пасля дзяржаўнай рэгістрацыі ў парадку, вызначаным заканадаўствам. Адказваючы на другую частку пытання, зазначу: дачныя і садовыя дамы; памяшканні, вызначаныя для пражывання, але не дабудаваныя; рухомыя аб’екты (вагончыкі, палаткі і г.д.) або самавольна пабудаваныя аб’екты ў жыллёвы фонд не могуць быць уключаны. Акрамя таго, больш дэталёва ў новым Кодэксе разгледжаны пытанні выкарыстання жылых памяшканняў, іх перабудова і перапланіроўка, а таксама вынікі гэтых дзеянняў, пераводу жылых памяшканняў у нежылыя і наадварот (арт.14-21). За гэта прадугледжана спагнанне ў судовым парадку маёмаснай шкоды і грашовай кампенсацыі.
— Як Кодэкс рэгламентуе пытанні прадастаўлення жылля з дзяржаўнага жыллёвага фонду?
— Цяпер урэгуляваны парадак прадастаўлення пакою, што вызваліўся, у службовым жылым памяшканні. Паводле п.5 арт.105 такі пакой, які займае адзін з наймальнікаў, можа быць дадзены ў карыстанне іншаму наймальніку паводле яго пісьмовай заявы з улікам часу падачы яе.
У Кодэксе канкрэтызаваны таксама палажэнні, якія рэгулюць парадак выдзялення службовых жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ў гаспадарчым распараджэнні ці аператыўным кіраванні дзяржаўных органаў і арганізацый, размешчаных у вёсцы. Калі наймальнік набывае жыллё ў дадзеным населеным пункце, дагавор найму разрываецца.
У раздзеле 19 выкладзены асаблівасці пражывання ў інтэрнаце. Прынамсі, прадугледжана магчымасць засялення ў яго па-за чаргой і вызначаны пералік грамадзян, што маюць на гэта права. У выпадку выезду наймальніка ў іншае памяшканне члены і былыя члены яго сям’і губляюць права жыць у інтэрнаце. Калі яны адмаўляюцца з’ехаць, могуць быць выселеныя ў судовым парадку без выдзялення іншага жылога памяшкання. Пры гэтым тэрміны іскавой даўнасці на патрабаванне аб высяленні не распаўсюджваюцца.
У Жыллёвым кодэксе таксама адзначана (арт.121), што спецыяльныя жылыя памяшканні не падлягаюць абмену, падзелу, засяленню паводле дагавора паднайму або прыватызацыі.
— Наконт прыватызацыі. Ці захоўваюць сілу пры яе правядзенні імянныя чэкі “Жыллё”?
— Увогуле, пытанням прыватызацыі жылых памяшканняў прысвечаны раздзел 23. Больш поўна вызначаны аб’екты прыватызацыі і яе парадак, правы членаў сям’і наймальніка ў час прыватызацыі. Асаблівая ўвага ўдзелена чэкам “Жыллё”, якія, бясспрэчна, маюць сілу, бо пацвярджаюць права грама-дзян на грашовую жыллёвую квоту, прыватызацыю жылых памяшканняў на льготных умовах.
У раздзеле 11 вызначаны палажэнні, якія тычацца адчужэння, набыцця і іпатэкі. Прычым у арт.72 пералічаны жылыя памяшканні, што не могуць быць адчужаны, калі іншае не вызначана асабіста Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а ў пункце 3 згаданага артыкула — забарона на іпатэку жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду.
— Многіх хвалюе: ці будуць захаваны льготы для грамадзян, якія маюць права і адчуваюць патрэбу ў паляпшэнні сваіх жыллёвых умоў?
— Бясспрэчна, аднак патрэбна ведаць, Жыллёвым кодэксам цяпер прадугледжана, што дзяржаўная падтрымка на будаўніцтва, рэканструкцыю або набыццё жылых памяшканняў можа быць аказана для рэалізацыі толькі аднаго выбранага грамадзянамі сродку паляпшэння сваіх жыллёвых умоў.
Заўважу, што ўпершыню ў Жыллёвым кодэксе раскрываюцца пытанні ў адносінах грамадзян, якія пражываюць на аснове дамоўленасці пажыццёвага ўтрымання.
— Адны з найбольш частых спрэчак у судах — справы аб карыстанні і ўладанні жыллём. Што гаворыцца на гэты конт у новым Кодэксе?
— Гэтыя пытанні вырашаюцца на падставе дагавору найму (раздзел 8). Прадметам такога дагавору з’яўляюцца жылы дом, кватэра або пакой. А вось частка жылога памяшкання можа стаць прадметам дагавору найму, калі адносіцца да прыватнага жыллёвага фонду ці размешчана ў інтэрнаце.
Патрэбна асабліва падкрэсліць: пашыраны і канкрэтна вызначаны пералік асобаў, якім наймальнік можа прадаставіць права ўладання і карыстання жылым памяшканнем. Нельга не звярнуць увагу і на факт, што заканадаўча замацавана судовая практыка па пытаннях пазбаўлення права карыстання жыллём.
Цяпер (на падставе арт.63 Кодэкса) устаноўлены жорсткія тэрміны. Гэта трое сутак. На працягу іх пры скасаванні дагавору найму наймальнік і асобы, што з ім жывуць, абавязаны вызваліць памяшканне.
— Так, бадай, найчасцей, калі ідзе размова пра новы Кодэкс, згадваецца менавіта аб магчымасці высялення грамадзян з жылых памяшканняў. Пры якіх умовах гэта павінна адбывацца? Ці можа быць падставай адмова ўнясення платы за карыстанне жыллём?
— Падставы для высялення і катэгорыі грамадзян, якія могуць быць выселены без выдзялення жылля, устаноўлены ў арт.85. Пры гэтым неабходна абавязкова папярэдзіць аб магчымасці высялення за віноўныя дзеянні і аб высяленні, калі на працягу года пасля такога папярэджання грамадзяне прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічныя правапарушэнні.
Калі наймальнік жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду і пражываючыя разам з ім члены сям’і маюць без уважлівых прычын 6-месячную запазычанасць у аплаце за паслугі ЖКГ і карыстанне жылым памяшканнем, яны могуць быць выселеныя ў судовым парадку не толькі ў жылое памяшканне меншае па плошчы, але й горшае па сваіх спажывецкіх якасцях, у тым ліку за межы дадзенага населенага пункта. Зноў жа праз суд такіх грамадзян можна прымусіць абмяняць памяшканне, якое яны зай-маюць, на меншае.
Адбыліся значныя змены і вакол жылых памяшканняў у інтэрнатах. У адрозненне ад ранейшага Кодэкса арт.93 новага дазваляе высяляць з інтэрната работніка, які спыніў працоўныя адносіны незалежна ад падстаў, што прывялі да звальнення. Калі работнік — член арганізацыі забудоўшчыкаў, але жыве ў інтэрнатным памяшканні, ён павінен з’ехаць з яго не пазней трох месяцаў пасля здачы дома ў эксплуатацыю.
— Зараз мы вялі гаворку, у асноўным, пра жылыя памяшканні, што належаць да дзяржаўнага жыллёвага фонду. А ці ёсць змены на падставе Жыллёвага кодэкса ў прыватным фондзе?
— Так, і яны вельмі істотныя. Прынамсі, арт.95 вызначае: былыя члены сям’і ўласніка жылога памяшкання, іншыя грамадзяне, якія маюць права ўладання і карыстання жыллём, але не маюць долі ў праве агульнай уласнасці на яго, павінны выселіцца паводле патрабавання ўласніка без прадастаўлення іншага жылога памяшкання. Гэта магчыма, калі іншае не прапісана ў шлюбным кантракце альбо пісьмовым пагадненні аб парадку карыстання жылым памяшканнем.
Аднак заўважым: з улікам палажэнняў п.5 арт.221 Жыллёвага кодэкса паўналетнія члены ці былыя члены сям’і ўласніка, якім права ўладання і карыстання жылым памяшканнем было дадзена да ўступлення ў сілу Кодэкса, могуць быць выселены не раней, чым праз год з даты ўступлення Кодэкса ў сілу.
Хачу звярнуць таксама ўвагу на акалічнасць: у выпадку прыватызацыі жылога памяшкання члены сям’і, былыя члены сям’і, якія маюць законныя правы на ўладанне і карыстанне жылым памяшканнем на момант яго прыватызацыі (нават калі не ўдзельнічалі ў прыватызацыі жылля, але пражывалі ў той час у ім), не могуць быць выселены ўласнікам без іх згоды.
На жаль, сустракаюцца выпадкі, калі ўласнікі жылля дапускаюць антысанітарыю або разбурэнні жылога памяшкання. У такіх умовах (асабліва ў шматкватэрных дамах) даводзіцца жыць і іх суседзям, якія нярэдка скардзяцца. Цяпер Кодэкс дае права мясцоваму выканаўчаму камітэту звярнуцца з іскам у суд аб прымусе ўласніка да адчужэння дадзенага жылога памяшкання. Калі той адмовіцца выканаць судовае рашэнне, прадугледжана працэдура высялення ў іншае жылое памяшканне.
— Настолькі часта гучала грознае слова “высяленне”, што міжволі хочацца спытацца: наколькі распрацоўшчыкі Кодэкса паклапаціліся пра абарону правоў самых неабароненых — непаўналетніх дзіцей?
— Што тычыцца непаўналетніх, у новым Жыллёвым кодэксе захаваліся асноўныя палажэнні, скіраваныя на забеспячэнне іх пражывання ў сем’ях, на абарону жыллёвых правоў дзіцяці. Перш наперш наймальніку, уласніку, сябру арганізацыі забудоўшчыкаў і членам іх сямей па-ранейшаму дазваляецца ўсяляць сваіх непаўналетніх дзяцей на жылплошчу без узгаднення з іншымі асобамі. Таксама застаюцца дзейснымі нормы, паводле якіх вызначаюцца асобныя катэгорыі непаўналетніх, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і забеспячэнні іх жылымі памяшканнямі. Захаваны парадак адчужэння жылля, у якім пражываюць малыя дзеці. Гэта можа адбывацца выключна з пісьмовай згоды органаў апекі і папячыцельства. Глава 25 Кодэкса дастаткова поўна рэгулюе жыллёвыя адносіны ў дачыненні малых сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі.
Гутарыў
Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top