Як абслугоўваюць камунальнікі?

Як абслугоўваюць камунальнікі?

 

Жыллёва-камунальная гаспадарка ­ — служба, якая стаіць на варце чысціні горада, клапоціцца пра тое, каб у нашых кватэрах было ўтульна. Ці задаволены жыхары Жабінкі работай службы? Ці аператыўна прыязджаюць камунальнікі на выклікі? Як хутка ліквідуюць непаладкі? З гэтымі пытаннямі я звярнулася да гараджан, якія падзяліліся сваімі меркаваннямі.
Вольга Рыгораўна Міхалойць, жыхарка дома №4 з вуліцы Цэнтральная:
­ — Пасля рамонту ў нашым двары прыгожа: новыя асфальтаваныя дарожкі, плітка, газончыкі, нарэшце, мы пазбавіліся старых таполяў. За ўсё гэта вялікі дзякуй работнікам Жабінкаўскай ЖКГ, але ж… Так і не з’явілася ў двары сушылка для бялізны, а прыстасаванні для выбівання дываноў хоць і ёсць, аднак устаноўлены вельмі высока і карыстацца імі нязручна.
Патрэбен касметычны рамонт у пад’ездзе, апошні раз яго рабілі 15 гадоў таму назад.
Ніна Уладзіміраўна Назаранка, жыхарка дома №8 з вуліцы Каштанавая (адмовілася фатаграфавацца):
­— Невялікая стаянка для аўтамабіляў ля нашага дома не можа задаволіць патрэбы ўсіх жадаючых, таму машыны стаяць супраць пад’ездаў, а гэта перашкаджае трактару, які не можа забраць смецце. Ды і сама стаянка ўвесь час у вадзе, якая сцякае сюды з дарогі. Патрэбна вырашаць праблему.
Ірына Аляксандраўна Сарока, жыхарка дома №3  з вуліцы Камсамольская:
­ — На працягу ўсёй зімы нашу вуліцу нясвоечасова расчышчалі ад снегу, у тым ліку тратуары, таму часта можна было бачыць пешаходаў, якія ідуць па праезджай частцы. Вясной і летам іншая справа: работнікі ЖКГ падразаюць дрэвы і кусты, абкошваюць траву, сочаць за парадкам.
Ля Свята-Пакроўскай царквы ёсць такі ўчастак дарогі, на які абавязкова трэба звярнуць увагу, бо тут нязручна і пешаходам, і вадзіцелям. Доўгі час тут пракладвалі трубы, каб падключыць жыхароў прыватнага сектара да цэнтральнага водазабеспячэн-ня —­ справа добрая… Але ж пасля работ месца не прыведзена ў належны стан: засталіся ямкі. Некалькі разоў работнікі ЖКГ прывозілі шчэбень, засыпалі выбоіны, але такога “рамонту” хапае не надоўга, бо гэта актыўны ўчастак дарогі. Хочацца спадзявацца, што да Вялікадня тут будзе наведзены парадак, а ў хуткім часе і пешаходныя тратуары будуць зроблены да канца вуліцы.
Валерый Уладзіміравіч Комар, жыхар дома №18  з вуліцы Цэнтральная:
­— У Жабінцы мы жывем тры  гады —­ пераехалі з Брэста, кватэру набылі на першым паверсе. Напачатку былі праблемы: залівала падвал —­ працякала каналізацыя, але на ўсе выклікі работнікі ЖКГ рэагавалі аператыўна. Зараз усе непаладкі выпраўлены. Па нашай просьбе ўцяплілі сцены дома, за што вялікі дзякуй.
Ніна Мікалаеўна Шкурат, жыхарка дома №4 з вуліцы Моладзевая:
­ — Сем гадоў таму ў нашым пад’ездзе работнікі ЖКГ рабілі рамонт, мы засталіся задаволеныя. Работы вяліся з улікам нашых пажаданняў, а самае галоўнае хутка і якасна. Асабіста ў маёй кватэры былі праблемы з працяканнем халоднай вады ў ванным пакоі. Усё было выпраўлена ­ частка трубы заменена. Хачу адзначыць добрую работу дворнікаў. Своечасова вывозіцца смецце з двара, прыемна, калі ля дома чыста і ўтульна.
Альдона Станіславаўна Зінчук, жыхарка дома №3 з вуліцы Цэнтральная:
­— Прыгожыя вербы растуць каля нашага дома, але адна з іх прыносіць шмат нязручнасцяў: з-за яе глыбокіх сплеценых карэнняў не працуе добра сцёкавы калодзеж, дзе затрымліваецца смецце, ён “забіваецца”. Гэта прычына частага затаплення падвалаў, у якіх падоўгу стаіць непрыемны пах. Вярбу патрэбна тэрмінова зрэзаць. А яшчэ спадзяюся, што ў бягучым годзе каля нашага дома будзе так прыгожа, як пасля рамонту ў дварах дамоў па вуліцы Цэнтральная, 5 і Зарэчная, 6. Толькі пасля сябе трэба пакідаць парадак, а не старое асфальтавае пакрыццё, гурбы пяску і незасыпаныя ямкі. Калі ўжо прыгажосць, то прыгажосць да канца.
Апытанне правяла Алёна НІКАНЧУК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top