Сузор’е талентаў пад дахам Цэнтра творчасці

Таленту, як і дыяменту, патрэбна абрамленне — работа, поўная творчасці і натхнення, мэтанакіраваная з верай у поспех сваёй справы. Куюць таленты, распальваюць з маленькіх творчых іскрынак касцёр захаплення настаўнікі раённага Цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі. Безумоўна, “ювелірная” праца гэтая забірае шмат сіл і часу, аднак адорвае настаўнікаў вялікай каштоўнасцю — поспехамі былых навучэнцаў, якія змаглі ўладкавацца ў жыцці дзякуючы навыкам, што падарыў Цэнтр творчасці.
За 45 гадоў свайго існавання раённы Цэнтр творчасці для дзяцей і моладзі неаднойчы мяняў сваю назву, аднак ўвесь гэты час ён адшуквае і выхоўвае таленты, якія ў сукупнасці ствараюць сапраўднае “сузор’е”. “Сузор’е талентаў” — так называлася святочная праграма, прысвечаная юбілею ўстановы дадатковай адукацыі. Павіншаваць, адсвяткаваць яго ў гарадскі Дом культуры прыйшлі вучні і іх бацькі, сябры адукацыйнай установы, а таксама кіраўніцтва раёна — старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Мікалай Васільевіч Токар, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Васільевіч Мартысюк, намеснік старшыні райвыканкама Ала Сцяпанаўна Ануфрыюк, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Мікалаеўна Янусік.
У фае Дома культуры гасцей чакаў сюрпрыз — выстава творчых работ. Тут былі і альбом з фотаздымкамі, якія распавядалі пра жыццё, напоўненае яркімі падзеямі і творчасцю, былых выхаванцаў Цэнтра, і стэнд з фотаздымкамі сённяшняга жыцця юбіляра. Магчымасцямі чалавечых рук і створанай  імі прыгажосцю былі  здзіўлены прысутныя. Яны разглядалі работы выхаванцаў — мяккія цацкі, малюнкі, аплікацыі, вырабы з бісеру і саломкі і многія іншыя шэдэўры. Зацікавілі і народныя касцюмы ад педагогаў Цэнтра творчасці. Для тых, хто жадаў пабачыць сам працэс стварэння вырабаў, вучні паказалі майстар-класы.
А далей паліліся песні і закружыліся ў танцы юныя артысты ансамбляў “Вообразилия”, “Фа-солька”, “Радужка”, “Смайлики” і “Солнышко”, вакальнага і танцавальнага калектываў “Радужный микс” і “Гарэзы”.
Вядучыя адгарнулі гісторыю на старонку 28 сакавіка 1968 года. Менавіта ў гэты дзень адчыніў дзверы Дом піянераў і школьнікаў у нашым гора-дзе. Успаміналі тых, хто стаяў ля вытокаў арга-нізацыі, хто прысвяціў  сваё жыццё адзінай мэце — выхаванню падрастаючага пакалення. Дваццаць пяць гадоў бяззменным дырэктарам Дома піянераў і школьнікаў была Ніна Дзмітрыеўна Куніцкая — чалавек, як адзначалася са сцэны, шырокай душы, кіпучай энергіі і творчасці. Добрым словам адзначылі шматгадовую працу Васіля Сяргеевіча Валасюка, які кіраваў фотастудыяй. Яго вельмі любілі дзеці і кожны раз з вялікім задавальненнем прыходзілі на заняткі. З энтузіязмам працавалі метадысты Л.У. Храмцова, Р.А. Кішкевіч, Г.С. Адзінец. Ствараць і фантазіраваць вучылі дзяцей Г.А. Ступчык, В.А. Літвінюк, Н.Я. Ляскоўская. Аддавалі часцінку сваёй душы вучням творчыя работнікі ўжо Цэнтра пазашкольнай работы А.П. Апекуноў, Н.М.Урбан, І.М. Ярашчук, А.С. Ануфрыюк, Р.М. Чарнагузава, І.І. Магер, М.П. Міхалькевіч, А.С. Ізотава.
Сваімі ўспамінамі з піянерскага жыцця пад час мерапрыемства дзялілася старшыня Жабінкаўскай раённай піянерскай арганізацыі 80-х, старшыня піянерскага штаба “Расінка”, актывістка Дома піянераў і школьнікаў, а сёння намеснік дырэктара ў навуковай рабоце ДУА “СШ №1 г. Жабінка” Іна Аляксандраўна Мірко.
— За 45 гадоў дзейнасці наш Цэнтр творчасці не страціў тых традыцый, якія заклалі ў яго былыя супрацоўнікі, — адзначыла ў сваім выступленні дырэктар адукацыйнай установы Галіна Іванаўна Іванова. — З кожным днём папулярнасць яго расце. Сёння кожны трэці школьнік горада і кожны чацвёрты сельскі вучань — нашы выхаванцы. Развіваюць іх здольнасці пазітыўныя творчыя педагогі, якія вучаць ствараць і штодзень бачыць цудоўнае.
Галіна Іванаўна таксама расказала аб поспехах, якіх дабіліся сёлета вучні і настаўнікі Цэнтра. Дыпломам 1 ступені ўпраўлення адукацыі ўзнагароджана Наталля Мікалаеўна Уласюк. А выхаванцы названы пераможцамі выстаўкі мяккай цацкі, якая праходзіла ў Брэсце. Яшчэ многія ўзнагароды вучням і калектывам уручыла Галіна Іванаўна і, пры гэтым,  падкрэсліла, што поспехі дзяцей — гэта вынік сумеснай працы трох бакоў: вучняў, настаўнікаў і бацькоў.
Нямала добрых слоў пра Цэнтр творчасці для дзяцей і моладзі прагучала ў гэты дзень са сцэны. Дзякавалі за выхаванне сваіх дзяцей бацькі, добрыя словы ў адрас настаўнікаў выказалі ў вершаванай форме самі вучні. З найлепшымі пажаданнямі звярнуўся да работнікаў Цэнтра, яго ветэранаў, вучняў і бацькоў Мікалай Васільевіч Токар. Ён уручыў Ганаровую грамату кіраўніку Цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі і падарыў установе ноўтбук.
— Галоўная мэта Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, — адзначыў старшыня, — навучыць юных думаць, марыць і ствараць. Гэта важная ступень у выхаванні падрастаючага пакалення. Многія з прысутных у зале, заслужаных людзей у раёне, работнікаў райвыканкама некалі былі вучнямі Цэнтра творчасці і добра ведаюць, што ваша дзейнасць, сапраўдная творчасць рук, заслугоўваюць захаплення і самых добрых слоў пахвалы.
Павіншавала ўсіх з юбілеем і Святлана Мікалаеўна Янусік. Яна адзначыла, што Жабінкаўскі Цэнтр творчасці на ўзроўні вобласці і рэспублікі займае дастойнае месца і што аддзел адукацыі і далей будзе рабіць усё магчымае, каб дзецям і настаўнікам было камфортна тут займацца. Святлана Мікалаеўна таксама ўручыла граматы ад аддзела адукацыі райвыканкама Вользе Міхайлаўне Кіслай, Вікторыі Віктараўне Міцковіч і Таісіі Уладзіміраўне Журомскай.
Змоўклі віншаванні, пагаслі свечкі на святочным торце… Але ж напера-дзе ў Цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі яшчэ нямала юбілеяў, бо “сузор’е талентаў” гатова сустракаць яшчэ сотні маленькіх зорачак.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках:
у час святкавання юбілею.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*