Брасам — у пераможцы

Брасам — у пераможцы

Вы калі-небудзь спрабавалі смак перамогі? Сэрца б’ецца ў шалёным рытме, пульс зашкальвае, а ногі ледзь трымаюць цябе. На некалькі хвілін эйфарыя перакрывае ўсе думкі, а ў галаве ўсё гучыць: “Атрымалася!”…
Юнай спартсменцы Юліі Актысюк гэтае пачуццё добра знаёмае. Не аднойчы яна станавілася прызёрам абласных спартакіяд у плаванні брасам. А сёлета ёй давялося выступіць на рэспубліканскім узроўні і выканаць на Алімпійскіх днях моладзі ў Пінску першы дарослы разрад на дыстанцыі 100 метраў брасам з вынікам 1 хвіліна 24 секунды.
Плаваннем Юля пачала займацца яшчэ ў трэцім класе. З-за таго, што гэты від спорту дазваляе не толькі атрымаць добрую фізічную форму, а і “падцягнуць” здароўе, урачы параілі яе бацькам аддаць дзяўчынку ў секцыю плавання, каб пазбегнуць развіцця скаліёзу. Тады ніхто і не думаў, што з яе вырасце сапраўдная спартсменка.
— У Юлі вялікі патэнцыял, які ўзмацняе жаданне займацца спортам. Вельмі адказная і мэтанакіраваная, яна зможа дасягнуць вялікіх перамог, калі будзе працягваць зай-мацца ў належным рытме, — так ацэньвае  здольнасці юнай плыўчыхі яе трэнер Людміла Анатольеўна Гаўрылюк.
Юнай спартсменцы ўсяго 13. Ужо другі год яна выступае на абласных спаборніцтвах, дзе ў яе ўзроставай катэгорыі дзяўчынцы няма роўных. На яе звярнулі ўвагу ў Брэсцкім Цэнтры алімпійскага рэзерву, куды і запрашаюць юную плыўчыху, каб  далей развівала свае здольнасці.
— У 2011 годзе я абараніла другі дарослы разрад, стала прызёрам Брэсцкай вобласці ў плаванні брасам. Нават цяжка выказаць тыя эмоцыі, якія адчувала ў той момант. Ведаю адно: з кожнай новай перамогай з’яўляецца жаданне браць усё новыя вяршыні, — расказвала Юля. — Толькі праз штодзённую працу над сабой, уважлівае выкананне ўсіх задач, якія ставіць трэнер, можна дасягнуць поспехаў у спорце. Яшчэ адзін важны момант — пераадоленне псіхалагічнага бар’еру. Хваляванне і няўпэўненасць у сваіх сілах часта перашкаджаюць атрымліваць добрыя вынікі.

Я навучылася змагацца са сваімі страхамі. Дапамагае мне ў гэтым падтрымка самых блізкіх людзей — бацькоў, сяброў і трэнера.
Людмілу Анатольеўну, свайго трэнера, Юля называе другой маці. Ужо шмат гадоў яны амаль кожны дзень сустракаюцца на трэніроўках, “затаіўшы дыханне” жанчына сочыць за выступленнямі дзяўчыны, хвалюецца, калі ў той нешта не атрымліваецца.
— Мой бацька ў юнацтве таксама займаўся спортам, таму мне ёсць з каго браць прыклад,— з усмешкай дзялілася Юлія Актысюк. — Увогуле ўсе мае ініцыятывы знаходзяць падтрымку родных і гэта вельмі важна для мяне. Не менш значнымі перад заплывам становяцца словы трэнера: “Ты ўсё можаш, я ў цябе веру”. Пасля Алімпійскіх дзён моладзі ўпэўнена, што магу дасягнуць яшчэ лепшага выніку. Самы час ставіць перад сабой новую мэту — атрымаць разрад кандыдата ў майстры спорту.
За гады трэніровак Юля знайшла “свой” від плавання — брас. Ёй падабаюцца заплывы на дыстанцыі ў 100 і 200 метраў. І ўсё ж, незалежна ад даўжыні “дарожкі”, плыўчысе трэба многа трэніравацца. У спартыўнай школе яна займаецца 2 гадзіны кожны дзень акрамя нядзелі.
— Нярэдка нават не хапае часу сустрэцца з сябрамі. Каб дабіцца поспеху, трэба нечым ахвяраваць, — адзначае спартсменка. — Мне падабаецца той рытм жыцця, які задае спорт. Гэта магчымасць паглядзець свет, пазнаёміцца з новымі людзьмі. Напрыклад, я прымала ўдзел у спаборніцтвах у Еўпаторыі ва Украіне. Увогуле, калі ты плывеш — забываеш пра ўсе праблемы, расслабляешся — я вельмі люблю гэтае пачуццё.
Пакуль Юля Актысюк яшчэ не вырашыла, ці будзе яе прафесія звязана са спортам. Напера-дзе ў яе чатыры гады вучобы ў школе. Калі стане навучэнкай Цэнтра Алімпійскага рэзерву, перад ёю адкрыецца шмат новых магчымасцяў. Яна зможа трэніравацца ўдвая больш у новым 50-метровым басейне, удзельнічаць у спаборніцтвах вышэйшага ўзроўню. Хто ведае, магчыма, і ўбачым яе на зорным Алімпе.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку:  юная плыўчыха Юлія Актысюк.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top