Эрудытаў паклікаў брэйн-рынг

Эрудытаў паклікаў брэйн-рынг

… І ў час веснавых канікул не сціхала жыццё ў трэцяй гарадской школе. Сярод цікавых мерапрыемстваў, падрыхтаваных сумесна настаўнікамі і вучнямі, вылучаўся інтэлектуальны брэйн-рынг “Эрудыты, наперад!”.
Гульнёвае спаборніцтва праводзілася ў захапляльнай форме паміж вучнямі 11 класаў і мела на мэце паказаць, які ўзровень маюць без пяці хвілін выпускнікі. Арганізавала такую незвычайную праверку “дамашніх заданняў” адразу па ўсіх прадметах настаўніца гісторыі Аляксандра Георгіеўна Вараб’ёва.
Перш-наперш ад старшакласнікаў патрабавалася як мага ярчэй прадставіць свае каманды і патлумачыць іх назвы. Імя “Тутэйшыя”, што абралі сабе юнакі з 11 “В”, адсылала гледачоў да вядомага драматычнага твора Янкі Купалы. За абрэвіятурай “СССР” (назва каманды 11 “Б”), як высветлілася, хавалася зусім не назва колішняй краіны (у ёй сённяшнім 16-17-гадовым, зразумела, жыць не давялося), а словы: “Союз Самых Смышлёных Ребят”. А “светлая” назва “Ілюмінаты” ад вучняў 11 “А” “прадказвала”, што яны збіраюцца ўсур’ёз пазмагацца за лідарства ў гульні. (Да слова сказаць, так яно і атрымалася на працягу ўсёй гульні).
Дзеля таго, каб вызначыць мацнейшых, спатрэбілася прайсці праз тузін разнастайных конкурсаў, займальных і сур’ёзных. Прынамсі, пытанні, што патрабавалі больш кемлівасці, чым ведаў, юныя эрудыты нярэдка вырашалі прасцей, чым тыя, што ўзятыя са школьных падручнікаў. Напрыклад, яны з лёгкасцю разгадалі, што за старажытнымі сімваламі крыжа, якара і сэрца хаваюцца чалавечыя пачуцці — Вера, Надзея і Любоў. Але ж надараліся часам моманты ў гульні, калі будучых выпускнікоў ставілі ў тупік самыя элементарныя пытанні, адказы на якія, здаецца, павінен ведаць і пяцікласнік…
… Час спаборніцтваў праляцеў нязмушана. У ім трэба было адказаць на некалькі соцень разнастайных пытанняў. А гэткі паток інфармацыі, зразумела, не проста асіліць і прафесійнаму гульцу пад час брэйн-рынгу. Таму радавала, калі камандам хапала лічаных хвілін, каб адшукаць і скласці новыя словы з частак, або разгадаць беспамылкова красворд “Вясновы”, ці ўспомніць, як гучаць сапраўдныя народныя прыказкі і прымаўкі замест створанах “на сучасны лад”, альбо дружна прыйсці на дапамогу свайму капітану ў капітанскім конкурсе…
Патрэбна было паказаць і  веды ў гісторыі роднага краю. Віктарыны, прысвечаныя мінулай і сучаснай Жабінцы, былі, на мой погляд, вельмі змястоўнымі. Менавіта ў іх выпускнікі аказаліся найбольш “падкаванымі”. Яны дастаткова шмат ведаюць пра гісторыка-культурную спадчыну свайго раёна, пра слынных жабінкаўцаў, што дасюль працуюць на карысць гэтай зямлі ў самых розных галінах.
Фінальным акордам спаборніцтва стала песня ў сяброўскім выкананні. Пераможцамі абвешчаны юнакі і дзяўчаты з каманды “Ілюмінаты”, іх капітан Ягор Страйсцян з рук старшыні журы Алены Уладзіміраўны Клімчук атрымаў дыплом І ступені. Лідары каманд-саперніц Яраслаў Цывілька і Раман Галуза святкавалі адпаведна другое і трэцяе месцы.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: брэйн-рынг са старшакласнікамі праводзіць настаўніца гісторыі Аляксандра Георгіеўна Вараб’ёва; старшыня журы А.У.Клімчук уручае дыплом І ступені капітану Ягору Страйсцяну; лепшыя гульцы каманды “Ілюмінаты”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top