Люты, Сакавік, Красавік… у чаканні Мая

Люты, Сакавік, Красавік… у чаканні Мая

Амаль штомесяц у вялікай хаце Марыны і Дзмітрыя Дулевічаў ладзяцца дні нара-джэння. Кожны, хто бачыць пасведчанне шматдзетнай сям’і, заўважае: “Ёсць у вас ужо Люты, Сакавік, Красавік, мабыць, і Май некалі з’явіцца?” Аднак, яшчэ раней у сям’і пасяліліся… Жнівень са Снежнем… Але ж пра ўсё па парадку.

Самая галоўная роля

Яшчэ ў школьную пару Марына Анціпаровіч цягнулася да сцэны. Яе артыстычнасць і гарэзлівасць дасюль памятаюць у роднай Якаўчыцкай адзінаццацігодцы. Са школьнай сцэны выступала ў розных вобразах. Напрыклад, настолькі зухавата іграла ў тэатральнай пастаноўцы каралеўскага блазна, што пасля фіналу самыя дружныя апладысменты даставаліся менавіта яе ра-зумнаму і смешнаму герою. На падмостках так бывае, што клоўны становяцца вышэй за каралёў! Дзяўчына была паўсюль, дзе весела і займальна, таму вырашыла звязаць свой лёс з культурай, каб дарыць добры настрой аднавяскоўцам, уладкавалася загадчыцай у Якаўчыцкі сельскі клуб.
— А дзесяць гадоў таму перасялілася ў Здзітава з-за сямейных абставінаў: пайшла шляхам, якім паклікала каханне,— са шчырай усмешкай расказвае жанчына.
Але свайму прызванню і тут не здрадзіла. Адначасова, каб стаць дыпламаваным рэжысёрам народных абрадаў і святаў, з поспехам вучылася ў Магілёўскім дзяржаўным вучылішчы культуры імя Н.К.Крупскай. Зараз загадвае Здзітаўскім СК, дзе стараецца захоўваць спадчыну беларусаў. Нездарма пры гэтай установе прапісаўся нават клуб гістарычнай рэканструкцыі “Паўночны вепр”.
Якія толькі ролі не даводзілася выконваць работніку культуры! Але ж цяпер у жанчыны з’явілася новая, як яна лічыць, самая галоўная роля ў жыцці: быць клапатлівай маці і любячай жонкай.

“Шкадаваць будзе…”

Яны сустрэліся ўзімку 2001 года. Дзмітрый Дулевіч у выхадны дзень завітаў у клуб, дзе працавала Марына. І хоць было марозна на двары: мяцеліца ды галалёд, каханне ў сэрцах разагнала сцюжу… Абодва паходзілі са шматдзетных сем’яў, і гэта таксама радніла. Калі Марына мела яшчэ брата і сястру, дык Дзмітрый быў, увогуле, наймалодшым з сямі дзяцей.
Аднаго разу ўвечары хлопец праводзіў яе да- хаты. Маладую пару сустрэў бацька дзяўчыны. Ён паразмаўляў з Дзімам, а потым сказаў дачцэ: “Як пакліча за сабой — ідзі, нават не вагайся. Бачна, што харошы хлопец, з вялікай сям’і, працаваць можа, шкадаваць будзе…”
— Дык і не памыліўся тата! Шкадуе… — зноў заўсміхалася жанчына. — Хіба без яго я падняла б усіх нашых дзетак? Скажу без смеху: хоць і багаты гэты “мех”, ды несці самой — ой, як няпроста…
Вяселле згулялі 28 красавіка 2001 года. Калі рыхтавалі яго, нават не звярнулі ўвагі на цікавы збег акалічнасцяў. І толькі тады, як пачалі дзяліць вясельны каравай, раптам высветлілася: за адным сталом сабраліся адразу некалькі блізкіх сямейных пар!
Бо ў той дзень маглі святкаваць саракагоддзе сумеснага жыцця і Дзімавы бацькі — Лідзія Міхайлаўна і Сцяпан Дзмітрыевіч. Не паспела гучнае вяселле пракрычаць-праспяваць ім здравіцу, як чарга дайшла і да Марыніных бацькоў — Ларысы Антонаўны і Мікалая Канстанцінавіча. Тыя пайшлі пад вянец у 1979 годзе, і адбылося гэта таксама… 28 красавіка!

Пяць сонейкаў у хаце

Амаль жыццёвая аксіёма: таты найчасцей чакаюць сыноў, але любяць больш дачушак. Пра сваіх дзяўчынак Дзмітрый гаворыць так: “Вось яны, нашы сонейкі”. Іх, гэтых сонейкаў, пяць. Вы скажаце: столькі сонцаў адначасова на небе не бывае?! А ў Дулевічаў ёсць! І кожнаму, хто пабывае ў хаце на ўскрайку Здзітава, бачна: побач з такімі бацькамі дзяўчынкам жывецца ўтульна і радасна.
Старэйшая Лізавета з твару вельмі падобная на бацьку. Хоць і нарадзілася ў лютым, ды мае пяшчотны характар. Маленькая разумніца вучыцца ў 5 “В” класе трэцяй гарадской школы, сябруе з кніжкамі і камп’ютарам, з ахвотай вывучае мовы. А яшчэ ёй вельмі падабаецца маляваць, у тым ліку і сваю дружную сямейку.
Некалі пры ёй прыгадалі прабабулю Ульяну, што ваявала ў вайну. Калі на свет з’явілася малодшая сястрычка, Ліза згадала колішні расказ і вельмі прасіла даць дзяўчынцы прыгожае бабуліна імя. У дзень, калі мы гасцявалі ў Дулевічаў, Ульянка была ў дзіцячым садзе. Інакш абавязкова пабачылі б у яе выкананні танец.
— Наша малая модніца — нібыта першы вясновы месяц, у які прыйшла на свет, — сапраўдная гарэза, улюбёная ў танцы, — заўважыла Марына Мікалаеўна. — А вось Алеся (ёй 2 красавіка споўнілася ўсяго два гады) стане спявачкаю, бо заўсёды нам нешта сваё мурлыкае…
Цяпер у сям’і, акрамя родных дзяцей, выхоўваюцца і пляменніцы Вікторыя і Ганна, што засталіся, на жаль, без бацькоўскага нагляду. (Гэта пра іх мы згадвалі, калі казалі пра “жнівень” і “снежань”, што пасяліліся ў Дулевічаў). Раней дзяўчынкі выхоўваліся ў дзіцячым прытулку. Сёлета, напачатку сакавіка, упершыню пераступілі парог хаты, якая стала для іх роднай. Дамавітыя і старанныя, яны вучацца ў СШ №3, заўжды хочуць — і гэта не схаваеш ад чужога вока — як мага шчыльней, нібы да роднай маці, прытуліцца да Марыны. Бо гора ўжо пабачылі ў жыцці…
— Бог даў мне столькі многа шчасця, — прамовіла на развітанне жанчына. — Гэта і ўзнагарода, і адказнасць. Ці магу я ад гэтага адмовіцца?! Канечне не, я нават думкі такія прэч ганю. Бо поруч мае сонейкі і Дзіма, з імі вельмі лёгка ў жыцці. А хутка нас яшчэ прыбавіцца.
Так, май ужо не за гарамі. У сям’і з нецярпеннем чакаецца папаўненне: абяцае “прыйсці” нарэшце хлопчык…
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Марына і Дзмітрый Дулевічы ў атачэнні дзяцей Лізаветы, Алесі, Валерыі, Ганны.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top