Магазін вясковы — умовы гарадскія

Магазін вясковы — умовы гарадскія

Словазлучэнне “вясковы магазін” малюе ў маім уяўленні невялікі стары будынак з паўпустымі паліцамі і мізэрным асартыментам тавараў. Аднак усе стэрэатыпы адносна гандлёвага сэрвісу ў сельскіх населеных пунктах зніклі, як толькі адчыніла дзверы прадуктовага магазіна Жабінкаўскага райспажыўтаварыства ў Ракітніцы.
Далёка не кожны магазін у горадзе выглядае так і знешне, і па запоўненасці паліц таварамі. Аказалася, ён даволі новы, пабудаваны ўсяго шэсць гадоў таму. Раней па пакупкі мясцовыя жыхары хадзілі ў магазін насупраць, дзе зараз прадаюцца гаспадарчыя тавары. Новы павінен быў адпавядаць сучасным патрабаванням. Таму ў гандлёвай кропцы ўсталявалі неабходнае для захоўвання прадуктаў халадзільнае абсталяванне і прыгожыя паліцы, на якіх тавар выкладзены згодна з асноўнымі правіламі маркетынгу.
— Вельмі зручнай для пакупнікоў з’яўляецца магчымасць самаабслугоўвання, дзякуючы якой без дапамогі прадаўца можна паглядзець тэрміны годнасці, пазнаёміцца са складам любога прадукта. Гэта дазваляе таксама пазбегнуць чэргаў: пакуль адзін чалавек выбірае пакупкі, іншага ўжо разлічваюць на касе, — расказвала загадчыца магазіна Тамара Уладзіміраўна Глушчанкова.
“Якія чэргі ў вясковым магазіне?” — спытаеце вы. Аднак, пакуль ішла размова, магазін ні на хвілінку не заставаўся бязлюдным. І гэта не дзіўна, бо акрамя пакупнікоў з Ракітніцы гандлёвую кропку наведваюць жыхары суседніх вёсак, а таксама Стрыганца, дзе мясцовы магазін працуе не кожны дзень, дачнікі і проста праезджыя. Між іншым, геаграфічнае размяшчэнне магазіна можна назваць удальным. Але ж нават яно не дапамагло б, калі б у ім не было такой разнастайнасці тавараў і ветлівага абслугоўвання.
Як спецыяліст шостага разраду, які 35 гадоў жыцця аддаў гандлю, Тамара Уладзіміраўна добра ведае дзе лепей размясціць мясную і рыбную секцыі, дзе павінна знаходзіцца малочная і хлебная прадукцыя, каб чалавеку не цяжка было арыентавацца ў гандлёвай зале. Родам жанчына з Брэста, адтуль кожны дзень і дабіраецца ў Ракітніцу. Доўгі час працавала загадчыцай магазіна ў абласным цэнтры, ёсць і немалы вопыт работы ў сферы гандлю на Далёкім Усходзе. Загартаваная многімі гадамі працы, яна без цяжкасцяў вырашае пытанні, якія ўзнікаюць з пастаўшчыкамі прадукцыі, падтрымлівае атмасферу добразычлівасці ў калектыве. Гандлёвая кропка штодня дае выручку ад 8 да 12 мільёнаў рублёў.
— У нас працуюць высокаква-ліфікаваныя прадаўцы. Таццяна Алексіевіч, Іна Бойка і Алена Пасевіч маюць пяты прафесійны разрад, заўсёды ветліва ставяцца да спажыўцоў, дапамагаюць ім, калі трэба, зрабіць выбар. Дарэчы, наша Іна летась удзельнічала ад Жабінкаўскага райспажыў-таварыства ў конкурсе “Лепшы ў прафесіі” ў Ганцавічах, — распавядала пра сваіх работніц Тамара Уладзіміраўна.
Цяжка нават сказаць, якога тавару не хапае ў магазіне. Курыная, рыбная і каўбасная прадукцыя ёсць тут у асартыменце і падвозіцца кожны аўторак і пятніцу. Хлеб з Брэста, Маларыты і Бярозы пастаўляецца кожны дзень, па аўторках і пятніцах завозіцца свежае малако. Прадукцыя, якая не з’яўляецца жыццёва неабходнай, папаўняецца штотыднёва. Дарэчы, магазін працуе толькі з беларускімі пастаўшчыкамі.
Радуюць пакупнікоў і акцыі, якія ў магазіне на розныя віды тавару ёсць пастаянна. Танней прадаўцы прапануюць купіць алей і рыс, кукурузу і кансервы, многае іншае.
— Цудоўны магазін, вет-лівыя прадаўцы, сапраўдныя прафесіяналы. І прадукты тут заўсёды свежыя, пералік тавараў пастаянна павялічваецца, аднаўляецца, — адзначыла мясцовая жыхарка Валянціна Мазялюк. Дапоўніў яе словы яшчэ адзін пастаянны наведвальнік крамы Анатоль Ляшук: “Заўсёды прыемна заходзіць сюды. Работнікі прылаўка дадуць параду, што лепш набыць. Усё, што трэба вяскоўцу, тут ёсць”.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: Іна Бойка,  
загадчыца Тамара Глушчанкова і Алена Пасевіч.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top