Яна і ён

Яна і ён

Яна — шэранькая ад вачэй да хваста, цярплівая ў чаканні яго, не аматарка бегаць дзе папала нават з ім; сядзіць сабе ды сядзіць на лаўцы, грэецца на сонейку. Ён — ад вачэй да хваста чорны, адна невялікая белая плямка на грудзях; поўсць ільсніцца, блішчыць, і ўвесь ён, бы агонь, шустры і непаседлівы. А вось жа, такія розныя, сябруюць, балазе ў суседніх пад’ездах жывуць ад самага таго дня, як людзі засялілі новы кааператыўны дом і прывезлі сюды іх.
Абое не вельмі любяць, калі іх спрабуюць пагладзіць, затое любяць, калі даюць ім нешта смачнае: свежы, толькі што з крамы, хлеб, рыбную ці курыную костачку, кавалачак каўбасы або шкурку ад яе. Могуць узяць і з рук, адно давай. А шчодры чалавек высыпае ўсё гэта разам — з цэлафанавага мяшэчка, у які збіраў рэшткі ежы знарок дзеля іх, бо любіць катоў. Высыпле і назірае за гэтаю амаль неразлучнаю параю. Пасміхаецца, а часам хмурыцца і сварыцца… Сварыцца на “кавалера”. Бо не яна, а ён на нядоўгі час кармлення забываецца на сяброўства. Дужэйшы і спрытнейшы за яе, ён першы пахапае ўсё, што смачнейшае. Праўда, сяброўка не ў пройгрышы: спакойна падбірае сухаватыя крошкі пірага і сыру, якімі звычайна грэбуе “кавалер”.
Дзякуюць чалавеку за пачастунак яны таксама па-рознаму. Яна патрэцца аб ногі і адыходзіць, а ён бярэцца ў праважатыя. Можа правесці вас аж да бліжняга аўтобуснага прыпынку ды там пачакаць, пакуль дзверы аўтобуса не зачыняцца. Потым вяртаецца і прысуседжваецца на лаўцы да яе. Сядзяць, туляцца адно да аднаго, муркаюць — ну, рыхтык закаханыя!
Але пра “каханне” трэба казаць з нацяжкаю. Калі пачынаюцца кашачыя вяселлі, ён часта і надоўга адлучаецца, іншы раз і заначуе на дварэ. Уранку паяўляецца ля пад’езда, як правіла, з паскубанаю поўсцю, што азначае — удзельнічаў у катовых турнірах… “Здраду” яго зразумець нескладана: тая, хто з поўным правам належала б яму, стэрылізаваная, паколькі не кожнаму ў горадзе да кацянят. Зрэшты, гэта ніколечкі не замінае іхняму сяброўству.
Сымон АКСЕНІН.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top