Быццам «іншапланецяне» на сваёй зямлі…

Быццам «іншапланецяне» на сваёй зямлі…

Большасць з нас ніколі не будзе разводзіць антысанітарыю на ўласным падворку. Дык чаму ж, як толькі за парог, нярэдка пачынаем паводзіць сябе па-дзікунску? Далёка за прыкладамі хадзіць не трэба.
Дастаткова зірнуць на нашы вадаёмы альбо лясныя масівы, дзе пасля адпачынку “на прыродзе” застаюцца цэлыя звалкі смецця. Хіба ж складана, здаецца, пасля сябе прыбраць, скласці смецце ў мяхі, каб потым выкінуць яго ў бліжэйшы кантэйнер?..
Рытарычнае пытанне, бо падарожжа ўздоўж ракі Мухавец, возера Візжар, іншых месцаў адпачынку пакідае непрыемныя ўражанні. Хоць і хапае тут кантэйнераў, аднак усялякі раз можна натыкнуцца на стыхійныя звалкі. Прычым, у каго не спытайся, усе заўсёды за сабою прыбіраюць! Быццам гэта нейкія “іншапланецяне” гаспадараць у нашых гожых мясцінах…
Для такіх асобаў будзе не лішнім нагадаць, што паводле артыкула 15.63 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, безадказныя адносіны да адходаў караюцца папярэджаннем або штрафам у памеры ад пяці да пяцідзесяці базавых велічыняў, для індывідуальнага прадпрымальніка памер штрафу можа ўзрасці да дзвюхсот, а для юрыдычнай асобы — да тысячы базавых велічыняў.
Таксама хочацца адзначыць: распальванне кастроў у забароненых месцах караецца папярэджаннем ці штрафам да 12 базавых велічыняў. Таму раю: калі вы ўсё ж маеце жаданне развесці на адпачынку вогнішча, прыхапіце з сабою мангал.
У зімнюю пару аматары рыбалкі на лёдзе нярэдка пакідаюць бутэлькі, пластыкавыя пакеты, якія будуць раскладацца ў глебе некалькі соцень, а мо і тысяч гадоў. Такіх гора-рыбакоў зусім не хвалюе, што смецце ўвесну патрапіць у вадаём, а затым хвалямі прыб’ецца да берага, дзе ўлетку будуць адпачываць і абурацца брудам ды бязладдзем людзі.
Захоўваюцца праблемы, звязаныя з паркоўкай паблізу вадаёмаў аўтатранспарту. Некаторыя грамадзяне ўзялі моду ледзь не ў ваду заязджаць на сваім “жалезным кані”, каб памыць яго, а гэта катэгарычна забаронена. Самае распаўсюджанае тлумачэнне: маўляў, ля вады не арганізаваная стаянка. Даводзіцца тлумачыць: вадаёмы, вадатокі і рэкі ўключаны ў Рэспубліканскую комплексную схему размяшчэння рыбалоўных уладанняў, што замацавана канкрэтнымі правіламі, абавязковымі для выканання. Прынамсі, Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь сведчыць: “… у межах водаахоўных зон забараняецца мыццё транспартных і іншых тэхнічных сродкаў па-за ўладкаванымі месцамі; стаянка механічных транспартных сродкаў, за выключэннем спецыяльна адведзеных і абсталяваных месцаў для стаянак механічных транспартных сродкаў, а ў выпадку іх адсутнасці — у памеры не менш за 30 метраў па гарызанталі ад вады”. Парушэнне рэжыму ўтрымання водаахоўных зон і прыбярэжных палосаў водных аб’ектаў ці водаахоўнага рэжыму на водаскідах, іх забруджванне караюцца штрафам да дзесяці базавых велічыняў, для індывідуальнага прадпрымальніка — да трыццаці, а для юрыдычнай асобы — да 50 базавых велічыняў.
Хочацца яшчэ звярнуць увагу на вылаў з вадаёмаў малька. Бывае, яго вудзяць кілаграмамі, не даюць рыбе часу вырасці. Хоць, зноў жа, дырэктыўныя дакументы абмяжоўваюць здабычу малька для нажыўкі, а менавіта — дазваляецца не больш за 30 штук нажыўкі на аднаго рыбака ў суткі.
Акрамя таго, пад час рыбалкі ў рыбалоўных уладаннях, за выключэннем тых, што перададзеныя ў арэнду ці дармовае карыстанне дзеля арганізацыі платнага аматарскага рыбалоўства, улоў павінен дасягаць не больш пяці кілаграмаў на аднаго рыбака ў суткі, альбо адной рыбіны, чыя вага перавышае пяць кілаграмаў.
У заключэнне хочацца пажадаць: давайце ж будзем паводзіць сябе на прыроде, як у родным доме, каб было што пакінуць у спадчыну дзецям і ўнукам.
Сяргей ШЫК, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top