Такія розныя і такія падобныя

Такія розныя і такія падобныя

Тры жанчыны, тры даярачкі… У кожнай з іх свой лёс і сям’я, свае праблемы, стаж працы, жыццёвыя арыенціры, думкі, надзеі… Усе яны такія розныя. І адначасова — падобныя. Можа таму, што працуюць разам? Кожную раніцу сустракаюцца на ферме: вітаюцца, абменьваюцца навінамі, падказваюць адна адной нейкія вытворчыя хітрыкі, дапамагаюць словам і справай.  Збіраюцца ў “чырвоным кутку” разам, каб абмеркаваць сітуацыі: дзе “не дацягнулі”, на чым страцілі малочныя кілаграмы, як выправіць сітуацыю?
У Валянціны Мазялюк, Марыі Сапон і Галіны Цыганковай на ферме “Ракітніца” агульны працоўны стаж ужо больш за 60 гадоў. Нялёгкая праца нябачнай ніткаю звязала іх лёсы. Але на цяжкасці яны не скардзяцца, бо жыццё загартавала кожную жанчыну радасцямі і праблемамі. Аднак яны шчаслівыя ўжо тым, што склалася іх “працоўнае трыа”, што дома згода і спакой, а на душы квітнее вясна.
Ферма, на якой працуюць гаспадыні, набыла сучасны выгляд у 2008 годзе. Новыя ўмовы для даярак, якія прывыклі да нялёгкай фізічнай працы, прынеслі значную палёгку. Аднак іх справа засталася такой жа адказнай.
— Раней даводзілася даіць уручную, за працоўны дзень дранцвелі рукі і ногі. Зараз на даярку ўскладваецца нямала абавязкаў, але фізічна працаваць стала лягчэй. Сёння дойка займае тры гадзіны, а раней часу патрэбна было амаль у два разы больш. Доім тры разы на дзень: у 5.00, у 11.30 і ў 18 гадзін, — шчыра расказвалі даяркі.
Палепшыліся і санітарныя ўмовы на ферме. Зараз тут ёсць душавая, раздзявалка, пакой, дзе можна “падсілкавацца”. Аднак, як адзначаюць даяркі, “чаёўнічаць” няма калі: управіўся на ферме — спяшаешся дадому, дзе цябе чакаюць хатнія справы. Адтуль зноў на працу. Так і праходзяць дзень за днём.
Сярод даярак, якія працуюць на фермах ААТ “Ракітніца”, мае гераіні — перадавікі. Летась утраіх яны надаілі ў сярэднім 6983 кілаграмы малака ад каровы, а валавы надой склаў 3626 тон. Цяпер сярэднесутачны надой на карову тут 18,8 кілаграма. Пры гэтым ферма “Ракітніца” ў лютым здала 90 працэнтаў малака вышэйшым гатункам з тлустасцю 3,8 працэнта. Каб мець прадукцыю гатунку “экстра”, трэба далей мадэрнізаваць даільную сістэму, а гэта чарговыя мільярды.
Пагалоўе ў 454 рагулі жанчыны дзеляць на траіх. Пакуль адна адпачывае, двое працуюць у змене. Месца ў “падвале” ледзь хапае на дваіх, а за адзін раз выдойваецца толькі 24 каровы. Бываюць  абставіны, калі аператары машыннага даення працуюць без выхадных, і з водпуску раней выходзяць.
— Ды і ў самой душа не на месцы, калі пакідаеш працу надоўга. Хвалююся, як іх дагледзяць, пакуль мяне няма. Прывыкла да спраў на ферме ставіцца так, як быццам працую ў сваёй падсобнай гаспадарцы. Таму на работу іду заўсёды з  настроем і жаданнем прыносіць карысць, — дзялілася Валянціна Мазялюк, працоўны стаж якой 31 год.
У Ракітніцу жанчына прыехала з Украіны. На той час ёй было ўсяго 19. Сілы былі, упартасць і імкненне працаваць. У саўгасе ёй прапанавалі месца даяркі, якое і стала адзіным на ўсё жыццё.
Яе зямлячка Марыя Сапон, калі пераехала ў Беларусь 20 гадоў таму, таксама шукала работу. Праца на ферме прыйшлася ёй даспадобы. Разам з мужам у хуткім часе атрымалі яны ад гаспадаркі службовую кватэру.
З жыллём дапамагла дзяржава і Галіне Цыганковай. Яе працавітай сям’і быў выдзелены дом. Сярод сваякоў Галіны шмат карпатлівых працаўнікоў сельскагаспадарчай сферы. Таму, калі прыйшоў час шукаць работу, жанчыне прапанавалі працу даяркі на ферме “Ракітніца”, дзе шчыруе ўжо 11 гадоў.
Вось такія яны — сапраўдныя працаўніцы. А яшчэ ўсе мае гераіні — добрыя гаспадыні, захавальніцы хатняга цяпла і ўтульнасці. Кожная з жанчын пасля работы спяшаецца дамоў, каб дагледзець хатнюю гаспадарку, навесці парадак вакол хаты, паклапаціцца аб утульнасці дома, пабыць разам з  блізкімі. Вось Валянціна Мазялюк ужо багатая на ўнукаў, якіх у маладой бабулі чацвёра. Для іх жанчына ахвотна завіхаецца на кухні. Увогуле ўсе тры даяркі — выдатныя паварыхі, якія і з “сякеры” такую кашу згатуюць — пальчыкі абліжаш.
Гэтых шчырых працаўніц аб’ядноўвае многае, і ў першую чаргу тое, што яны ўмеюць радавацца кожнай новай вясне, заўважаюць прыгажосць звычайнага рамонку, што распроствае свае пялёсткі ля самых дзвярэй фермы, тое, што, нягледзячы на цяжкую фізічную працу, яны не развучыліся быць прыгожымі жанчынамі.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top