Ад самых лёгкіх заданняў да складанай эстафеты

Ад самых лёгкіх заданняў да складанай эстафеты

У цэнтры ўвагі кожнай дашкольнай установы раёна здароўе выхаванцаў. Для таго, каб яго зберагчы і ўмацоўваць на працягу ўсяго года ў садах вядзецца актыўная фізкультурна-аздараўленчая работа. Сюды ўваходзяць: ранішняя гімнастыка, фізічныя практыкаванні, рухомыя гульні на прагулцы, спартыўныя святы, дні здароўя і многае іншае. Такая комплексная работа садзейнічае зніжэнню ўзроўню захваральнасці дзяцей. Так, у 2011 годзе з-за хваробы прапушчана ў раёне 5,3 дня на адно дзіця (5,6 — у дашкольных установах горада, 4,7 — у дзіцячых садах сельскай мясцовасці). У 2012 годзе гэты паказчык знізіўся да 1,2 дня і склаў адпаведна 1,4 і 0,5 дня.
Немалая заслуга ў гэтым кіраўнікоў фізічнага выхавання дашкольных устаноў. Выхавацелі з такой спецыялізацыяй з’явіліся ў дзіцячых садзіках параўнальна нядаўна. Трынаццаты год праводзіць заняткі фізічнай культуры са сваімі выхаванцамі, дбае пра іх здароўе Алена Іванаўна Кадлубовіч у дзіцячых яслях-садзе №3 г.Жабінка. На адным з яе заняткаў я пабывала і змагла ўвачавідкі ўбачыць, чым займаюцца дзеці, якія практыкаванні выконваюць, які ў іх настрой. Здзівіла ў першую чаргу паразуменне, якое панавала з першых хвілін паміж малымі і выхавальніцай. Пад час размінкі яны карысталіся гімнастычнымі палкамі, мячамі. Выконвалі практыкаванні з абручамі, фітболамі. Прысядалі, рабілі нахілы і ўсё гэта адбывалася пад цудоўныя гукі баяна музычнага кіраўніка Іны Мікалаеўны Казей.
Ад самых простых і лёгкіх заданняў дзеці паступова перайшлі да складанай эстафеты, якая і завяршыла заняткі. Вясёлыя, радасныя, у добрым настроі і з усмешкамі на тварах развітваліся яны з Аленай Іванаўнай, шкадавалі, што так хутка праляцеў час і трэба вяртацца ў групу.
А.І.Кадлубовіч расказала, што пры падрыхтоўцы і правядзенні заняткаў па фізічнай культуры ўлічваюцца ўзроставыя асаблівасці хлопчыкаў і дзяўчынак, прымяняецца індывідуальны падыход. Заняткі дазваляюць развіваць такія якасці, як гнуткасць, сіла, лоўкасць, вынослівасць. Для часта хварэючых і дыспансерных дзетак, якія наведваюць санаторныя групы (іх тут дзве), практыкаванні спецыяльна падбіраюцца.
Пад час іх выканання нагрузкі рэгулююцца, уводзяцца элементы самамасажу, надаецца вялікая ўвага правільнаму дыханню. Дзецям з санаторных груп робяць масаж, інгаляцыі, фізічныя працэдуры. У меню выхаванцаў уводзяцца вітаміны, травяныя чаі. Штодня салаты, фрукты, сокі, мяса ці рыба, часта пюрэ з агародніны.
Спартыўны інвентар закупляецца за кошт бюджэтных сродкаў і пазабюджэтнай дзейнасці. Набываць спартыўнае абсталяванне дапамагаюць і бацькі. Самі выхавальнікі робяць сваімі рукамі шмат прыстасаванняў для заняткаў.
Фізкультура ў малодшых групах доўжыцца 15-20 хвілін, у старэйшых — 25-30. На працягу тыдня выхаванцы сустракаюцца з Аленай Іванаўнай тры разы: два заняткі праходзяць у спартыўнай зале, адно (пры добрым надвор’і) на вуліцы. Зімой можна пагуляць у хакей, пакатацца на лыжах, санках, калі спякотнае лета, тады ў спартыўныя гульні ўключаюцца элементы футбола, баскетбола, у эстафеце выкарыстоўваецца самакат.
Алена Іванаўна вядзе гурток фітнэсу “Вясёлая гімнастыка”. Сёлета яго наведвае 12 выхаванцаў. З задавальненнем дзеці выконваюць практыкаванні на гнуткасць, любяць элементы рытмічнай і фітбол-гімнастыкі, аэробікі, “хатха-ёгі”.
“Дзеці любяць займацца фізкультурай, — гаворыць А.І.Кадлубовіч. — На занятках яны непасрэдныя, адкрытыя. Любяць разам са мной фантазіраваць, калі ўскладняю для іх нейкія элементы. Я бачу, як яны радуюцца, калі ў іх усё атрымліваецца, каму патрэбна дапамога, хто не спраўляецца з заданнем. Абыякавых няма. Пад час заняткаў акрамя таго, што фарміруюцца рухавыя навыкі, развіваюцца фізічныя якасці, дзеці разумеюць, што такое ўзаемападтрымка, камандны дух. Гэта вельмі важна”.
Алена Іванаўна не першы год узначальвае метадычнае аб’яднанне кіраўнікоў фізічнага выхавання раёна “Школа здаровага ладу жыцця”. Праводзіць адкрытыя заняткі для сваіх калег. Летась мерапрыемства “Метад кругавой трэніроўкі” ладзілася для кіраўнікоў фізічнага выхавання дашкольных устаноў раёна.
А яшчэ яна — прафсаюзны лідар. Разам з Наталляй Мікалаеўнай Урбан, якая ўзначальвае раённы камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, арганізавала спартыўныя спаборніцтвы ўнутры свайго калектыву, бо клапоціцца і пра здароўе калег. Мерапрыемства называлася “У Год беражлівасці зберажом здароўе”.
Алена Іванаўна ініцыятар правядзення Дзён здароўя, у якіх удзельнічаюць не толькі дзеці, але і іх бацькі. Спартыўныя святы ладзяцца разам з Людмілай Васільеўнай Дземідзюк, якая таксама працуе тут кіраўніком фізічнага выхавання.
“Адказная, добрасумленная, творчая, — так ахарактарызавала А.І.Кадлубовіч загадчыца ўстановы Таццяна Пятроўна Мельнічук. — Працуе з душой, любіць сваю работу, выхаванцаў. Дзеці адчуваюць гэта і плацяць ёй тым жа”.
Дэвіз Алены Іванаўны: усё для дзяцей, у імя дзяцей, дзеля іх здароўя. Свайму дэвізу ў жыцці яна ніколі не здрадзіла.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: заняткі фізічнай культуры праводзіць Алена Іванаўна Кадлубовіч.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top