Рынак працы — індыкатар эканомікі

Рынак працы — індыкатар эканомікі

Намеснік старшыні райвыканкама А.П.Грыгарчук аперыраваў лічбамі, калі аналізаваў у сваім выступленні работу, што праводзіцца мясцовай уладай у забеспячэнні занятасці насельніцтва, а таксама стан рынку працы на Жабінкаўшчыне. Па-сутнасці, інакш і нельга было — без канкрэтыкі і параўнання, на аснове якіх і рабіліся вывады.

Вакантныя — рабочыя прафесіі

10 359 чалавек было занята летась у эканоміцы раёна, столькі ж, як і ў папярэднім годзе. Сітуацыя на рынку працы застаецца стабільнай, структура попыту на рабочую сілу істотна не мяняецца, па-ранейшаму рабочыя прафесіі складаюць каля 80 працэнтаў ад агульнай колькасці вакансій. Цяпер у раёне 74 вакансіі, з іх 57 — рабочыя. Напрыклад, на сённяшні дзень незапатрабаваныя ў камунальнай сферы муляр (заробак 2120 тыс. руб.),  страхар (2200 тыс. руб.), аператар кацельні (1400 тыс. руб.), рабочы па добраўпарадкаванні (1610 тыс. руб.), у райспажыўтаварыстве — прадавец, вадзіцель (2000 тыс. руб.), у раённым вузле паштовай сувязі — паштальён (1550 тыс. руб.), у ПМК-10 — цясляр 3-5 разраду і машыніст аўтакрана (3 млн. руб.). У сельгаспрадпрыемствах у дэфіцыце жывёлаводы (54 чалавекі), трактарысты (19), вадзіцелі (18). Сярод гаспадарак найбольш востра адчуваюць недахоп кадраў рабочых прафесій ААТ “Жабінкаўскі”, ПУАП “Азяты”, СВК “Маціевічы”. У прыватнасці, у апошнім сельгаскааператыве не хапае 10 жывёлаводаў. Існуе канкурэнцыя перш за ўсё на высокааплатныя рабочыя месцы.
Для зніжэння напружанасці на рынку працы ў сувязі з недахопам рабочых прафесій неабходна актывізаваць прафесійнае навучанне кадраў непасрэдна на вытворчасці. Захоўваецца тэндэнцыя перавышэння колькасці звольненых работнікаў над прынятымі. І калі на цукровы завод у 2012 годзе прыйшло 200 чалавек і звольнена 208, што ў першую чаргу звязана з сезонным відам работ, дык на торфабрыкетным — звыш 30 працэнтаў звольненых згубілі работу з-за парушэнняў працоўнай дысцыпліны.
Негатыўны момант — вымушаная няпоўная занятасць. У такім рэжыме ў 2011-2012 гадах працавала ДРБУ-103. Прычына — скарачэнне аб’ёмаў вытворчасці. Таму галоўная задача для кіраўніцтва прадпрыемства знаходзіць іх за межамі раёна.
Немалаважна, што сённяшняму наймальніку патрэбен кваліфікаваны работнік. Пакуль жа захоўваецца неадпаведнасць паміж попытам і прапановай рабочай сілы ў кваліфікацыйным і прафесійным складзе, тэрытарыяльным размяшчэнні свабодных рабочых месцаў і беспрацоўных.

У беспрацоўя жаночае аблічча

Летась ва ўпраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама аб аказанні садзейнічання ў працаўладкаванні звярнулася 468 чалавек, з іх 332 зарэгістраваныя як беспрацоўныя. Праўда, як адзначалася ў дакладзе А.П.Грыгарчука, ўзровень беспрацоўя знаходзіцца ў сацыяльна дапушчальных межах і складае 0,6% ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва раёна.
Штогод павялічваецца колькасць вакансій. У мінулым годзе 73 наймальнікі заявілі аб наяўнасці 633 рабочых месцаў. Адпаведна, расце і колькасць грамадзян, якія ўладкоўваюцца на свабодныя і нанова створаныя (у 2011 г. — 327 чалавек, у 2012 г. — 356).
Дык хто ж сёння ў беспрацоўных? Кожны пяты не здольны ў роўных умовах канкурыраваць на рынку працы (інваліды, моладзь да 21 года, асобы, якія вызвалены з месцаў пазбаўлення волі). Застаецца актуальнай праблема жаночага і моладзевага беспрацоўя. На 1 студзеня 2013 года доля “слабога полу”, што на ўліку беспрацоўных — 65,5%. У нашым раёне гэта жанчыны 45-49 гадоў з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. А наогул у паловы жабінкаўцаў, што стаяць на ўліку і жадаюць атрымаць работу, за плячамі агульная базавая ці агульная сярэдняя адукацыя.
Мясцовай уладай распрацаваны мерапрыемствы ў садзейнічанні занятасці насельніцтва. У прыватнасці, у іх абумоўлена стымуляванне стварэння новых рабочых месцаў, наймальнікам аказваецца фінансавая падтрымка — бюджэтная пазыка з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Напрыклад, летась яна выдадзена РКБА у суме 60 млн. руб. для арганізацыі двух рабочых месцаў на адкрытай тут аўтамыйцы.
Сярод мераў у садзейнічанні працаўладкаванню называліся ў дакладзе наступныя: устанаўленне для наймальнікаў браніраваных рабочых месцаў, накіраванне на прафесійную падрыхтоўку (перападрыхтоўку), павышэнне кваліфікацыі, дапамога ў прадпрымальніцкай дзейнасці, часовая занятасць беспрацоўнай моладзі.

Чым прывабіць маладога спецыяліста?

Бадай, не было раўнадушных і сярод дэпутатаў райсавета, і сярод запрошаных на сесію, калі размова зайшла пра маладых спецыялістаў, што прыходзяць у працоўныя калектывы раёна. Чаму яны, напрыклад, не затрымліваюцца ў вёсцы? А між тым сельскагаспадарчая вытворчасць мае вялікую патрэбу ў маладых, энергічных, адукаваных кадрах.
Галоўны спецыяліст у арганізацыйна-прававой і кадравай рабоце райсельгасхарчу Г.А.Варашылава назвала, што ў сельгаспрадпрыемствах раёна вакантныя 46 месцаў спецыялістаў. Найбольш запатрабаваныя “тэхнолагі” — аграномы (9), заатэхнікі (7), ветурачы (14 чалавек). Асабліва востра гэтая праблема адчуваецца ў СВК “Маціевічы”, “Шпіталі”, ААТ “Жабінкаўскі”, ПУАП “Азяты”. Прычым, у “Шпіталях” яна ўзмацняецца яшчэ і тым, што ў гаспадарцы адсутнічае ўласнае жыллё. “Вольныя” месцы чакаюць сёлетніх выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Але з ВНУ заяўкі задаволены толькі на 40%. З 8 — на аграномаў размеркавана 3, з 11 — на заатэхнікаў — 2, з 9 заявак на ветурачоў збіраюцца прыехаць 4.
Лепшая сітуацыя з забеспячэннем спецыялістамі, якія закончылі сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі. Накіравана 18 заявак, размеркавана ў раён 14 выпускнікоў.
Але, на жаль, практыка мінулых гадоў паказвае, што трэць з прыбыўшых маладых спецыялістаў тут жа выбываюць (у армію, у дэкрэтны адпачынак, некаторыя паступаюць на дзённае навучанне вышэйшых ступеняў навучання). Вось і атрымліваецца зачараванае кола: як, скажам, не было агранома, так і зноў няма. Дарэчы, менавіта сярод іх бягучасць кадраў летась склала …50%.
І многія з прысутных згадзіліся са старшынёй СВК “Рагазнянскі” А.В.Семенюком, калі ён сярод “прывілей” для маладых спецыялістаў назваў такія складнікі, як добрая зарплата і рэгламентаваны рабочы дзень. Аднак пакуль сельгаспрадпрыемствы не могуць прывабіць гэтым юнакоў і дзяўчат.
“Нельга сказаць, што ў вёску ніхто з маладых не хоча ехаць, — сказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама, дэпутат ад Старасельскай выбарчай акругі №27 С.М.Янусік. — Паглядзіце на сельскіх педагогаў. У свае школы вяртаюцца пасля ВНУ многія выпускнікі, напрыклад, як у Крыўлянскую, дзе знаходзяць роднае асяроддзе, цікавыя зносіны з дзецьмі, калегамі. На мой погляд, маладым лю-дзям, што працуюць у сельскагаспадарчай вытворчасці, не хапае зносін з равеснікамі, і яны нібыта варацца ва ўласным соку”.

Прывіваць любоў да зямлі з дзяцінства

Размова пра кадры для вёскі зводзілася да вельмі простай ісціны: расціць іх трэба тут, на нашай маленькай радзіме, прывіваць любоў да зямлі з дзяцінства.
“Як часта для школьнікаў арганізоўваюцца экскурсіі на жывёлагадоўчыя фермы, многія з якіх рэканструяваны, з сучасным абсталяваннем?” — задаў рытарычнае пытанне прысутным кіраўнік раёна М.В.Токар. І ўспомніў, як некалі на канікулах вучні і на валакушах, і на камбайнах, і на зернетаках працавалі. А цяпер, можа, і занадта мы, дарослыя, засцерагаем сваіх нашчадкаў.
Як заўважыў старшыня СВК “Рагазнянскі” А.В.Семянюк, нашы дзеці выхоўваюцца на расійскіх фільмах, дзе праслаўляюцца грошы, дзе бандыт — галоўны герой большасці стужак. На жаль, цяжка зберагчы іх ад уплыву насілля, жорсткасці, бяздушша, якія “ідуць” з экрана.
Аднак сёлетнім летам лагер працы і адпачынку для 66 вучняў будзе створаны. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама С.М.Янусік. Так, у вёсцы паступова ідзе механізацыя і мадэрнізацыя, і не патрэбны вытворчыя брыгады школьнікаў з матыкамі на бураковых палетках. Але пры ўзаемнай зацікаўленасці педагогаў (яны бяруць на сябе дастаўку вучняў аўтобусамі і іх харчаванне) з кіраўнікамі гаспадарак, можна знайсці і арганізаваць для дзяцей пасільную справу.
А пакуль не вельмі суцяшальныя факты: згодна з анкетаваннем у 2012 годзе планавалі падаваць дакументы ў сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы 10 выпускнікоў, фактычна паступалі 4. У сельскагаспадарчыя ВНУ жадаючых паступаць не было. Летась гаспадаркі значна менш, чым у 2011 годзе (13 супраць 25) накіравалі на навучанне выпускнікоў школ у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю па мэтавых дагаворах.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top