Новая высокотехнологичная производственная линия на комбикормовом заводе

Новая высокотехнологичная производственная линия на комбикормовом заводе


На новую тэхналогію — першымі ў Беларусі
У нагу з часам. Так можна коратка ахарактарызаваць няспынную комплексную мадэрнізацыю (асучасніванне) тэхналагічных працэсаў, якую праводзіць ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Яна скіравана на павелічэнне выпуску і павышэнне якасці прадукцыі, на паляпшэнне ўмоў працы работнікаў і зберажэнне паліўна-энергетычных рэсурсаў, у канчатковым выніку — на рост прыбытку і дабрабыту членаў калектыву, на вартасны ўклад у эканоміку краіны.
Чарговы этап мадэрнізацыі завода завяршыўся ў маі гэтага года: уведзена ў эксплуатацыю новая лінія вытворчасці рассыпных камбікармоў і бялкова-вітамінных дабавак — лінія ДДЗ. Перш чым “расшыфраваць” яе сутнасць, мой суразмоўнік, галоўны інжынер прадпрыемства Андрэй Дзмітрыевіч Трафімчук адзначыў: такая лінія ўкаранёна ўпершыню ў Беларусі.
— Гэта, — дадаў Андрэй Дзмітрыевіч, — сучасная заходняя тэхналогія. Пераходзяць на яе і ў Расіі, а ў нас у краіне — мы першыя, ужо працуем па-новаму сярэдзіны мая.
— Што такое “лінія ДДЗ”? І як праходзіла яе ўкараненне?
— ДДЗ — сам тэхналагічны працэс у камбікормавым цэху: дазіраванне, драбленне, змешванне сыравінных кампанентаў. Іх перапрацоўка праходзіць адзіным цыклам, без накаплення папярэдніх сумесяў у аператыўных бункерах. У гэтым асаблівасць новай, або карэнным чынам абноўленай, лініі. Яна больш трывалая, надзейная і дазваляе выпускаць больш якасныя камбікармы. Не шмат абсталявання замянілі, затое працэнтаў 30 выдалілі за непатрэбнасцю. Рэканструкцыю праводзілі не толькі ў перыяд капітальнага рамонту, а практычна на працягу года.
Распрацоўку тэхналагічных рашэнняў і канструктарскай дакументацыі, выраб і пастаўку абсталявання, якога не хапала, ажыццявілі разам з ТАА “Элтыкон” з Мінска, будаўніча-мантажныя работы выканалі самі, а аўтаматызацыю тэхналагічных працэсаў — Мінскія спецыялісты, аднак не без удзелу заводскіх інжынераў, найперш — інжынера аўтаматычнай сістэмы кіравання Валерыя Фёдаравіча Казулькі. Вялікі ўклад ва ўкараненне лініі ДДЗ унеслі работнікі аддзелаў галоўнага механіка і галоўнага энергетыка на чале з Дзмітрыем Міхайлавічам Жданюком і Сяргеем Канстанцінавічам Вераб’ём.
— Што паказаў першы, па сутнасці, месяц работы новай тэхналагічнай лініі?
— На сённяшні дзень мы задаволеныя яе функцыянаваннем. Павысілі якасць кармоў, павялічылі прадукцыйнасць працы, скарацілі адно рабочае месяца. Немалаважнае значэнне мае тое, што зменшыўся ўплыў так званага чалавечага фактару на тэхналагічны працэс, паколькі ён аўтаматызаваны. Значна палепшыліся ўмовы працы работнікаў. Чакаецца таксама эканомія электраэнергіі. Аднак пра дакладны эканамічны эфект казаць, бадай, рана, на гэта трэба большы прамежак часу ў рабоце.
— Сярод станоўчых вынікаў новаўвядзення першым вы называеце якасць камбікармоў. Што канкрэтна паўплывала на яе паляпшэнне?
— Найперш з мэтай далейшага паляпшэння якасці прадукцыі і ўведзена ў эксплуатацыю сучасная лінія. Як я ўжо адзначаў, старая тэхналогія прадугледжвала наяўнасць  дадатковых бункераў, дзе накопліваліся папярэднія сумесі. Іх паступленне або, наадварот, “завісанне” залежала ад работніка. Цяпер, з ліквідацыяй аператыўных бункераў і перабудовай тэхналогіі, такога ўплыву чалавечага фактару на выпуск якаснага камбікорму няма.
— У тэхналагічнай характарыстыцы лініі ДДЗ названа яе прадукцыйнасць: 30-40 тон прадукцыі ў гадзіну. Гэта паўплывае на нарошчванне вытворчых магутнасцей завода?
— Дасюль была ўстаноўлена магутнасць 480 тон камбікармоў у суткі. Новая лінія дазваляе выпускаць да 800 тон. Штогод, сапраўды, выпуск прадукцыі ўзрастае. Летась было выпрацавана 127 тысяч 148 тон, у гэтым годзе плануем выпусціць не менш чым 131 тысячу тон камбікармоў. Дарэчы, у нас ёсць магчымасць усталяваць яшчэ адну лінію ДДЗ, толькі з ніжэйшай прадукцыйнасцю. Над гэтым думаем, працуем.
Гутарыў А.КАСКО.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top