Дэпартамент аховы МУС Беларусі адсвяткаваў 70-гадовы юбілей. За гэты час і ў суб’ектаў гаспадарання, і ў насельніцтва Жабінкаўшчыны склалася меркаванне, што гэта надзейная служба, якая прызначана не толькі абараняць маёмасць грамадзян і прадпрыемстваў ад злодзеяў, але і падтрымліваць парадак на вуліцах, папярэджваць злачыннасць. Напярэдадні юбілейнай даты сустрэлася з начальнікам аддзялення Дэпартамента аховы Сяргеем ЯКАЎЧУКОМ, каб пагаварыць пра будні і святы жабінкаўскіх праваахоўнікаў.
— Сяргей Леанідавіч, што для вас служба ў ахове?
— Гэта маё жыццё. Быць міліцыянерам марыў з юнацтва, а праходзячы службу ў арміі, ва ўнутраных войсках, упэўніўся ў гэтай думцы канчаткова. У снежні 2005 года прыйшоў у Жабінкаўскае аддзяленне аховы, дзе прафесійна рос, мужнеў, атрымліваў адукацыю. Пачынаў службу з работніка вартавой аховы, прайшоў усе прыступкі і паступова дарос да начальніка. Калектыў у нас цудоўны, дружны, згуртаваны, у ім служаць 84 чалавекі. Кожны з іх знаходзіцца на сваім месцы, прафесійна выконвае свае абавязкі і заслугоўвае слоў пахвалы і падзякі. Мы ўсе шчыльна ўзаемадзейнічаем, у аддзяленні пануе атмасфера ўзаемападтрымкі і паразумення.
А яшчэ служба ў органах унутраных спраў — гэта вялікая адказнасць перад Радзімай і яе грамадзянамі. Мы прысягалі на вернасць Айчыне і заўсёды знаходзімся на варце правапарадку. Гонар і годнасць —
для нас не проста словы, а вельмі патрэбныя якасці.
— На каго з супрацоўнікаў можаце абаперціся ў любую хвіліну?
— Мы, больш маладыя, вучымся ў старэйшых супрацоўнікаў — ветэранаў працы. Яны перадаюць свой вопыт і ўменні, вучаць добрасумленнасці, вынослівасці. 35 гадоў аддаў справе аховы загадчык гаспадаркі групы тылавога забеспячэння Мікалай ПАПЛАЎСКІ, больш за 20 гадоў — старшы інспектар групы абароны дзяржаўных сакрэтаў Ірына ДЗЯМ’ЯНЕНКА, 17 гадоў — галоўны бухгалтар Алена МАРЧУК, у чатырнаццаці супрацоўнікаў атэставанага саставу стаж перавышае 15 гадоў. Трэба сказаць, што і маладыя афіцэры, якія прыходзяць да нас на службу, вельмі адукаваныя, хутка растуць прафесійна.
— Звычайна да прафесійных святаў і юбілеяў узнагароджваюць лепшых работнікаў. Хто вашы сёлетнія героі?
— У чацвер падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага 70-годдзю Дэпартамента аховы, мы прымалі шаноўных гасцей са Следчага камітэта, РАУС і РАНС. У прысутнасці іх і ўсяго калектыву ўручылі нагрудны знак “За адзнаку” прапаршчыку міліцыі Сяргею ГАЦКЕВІЧУ, памятныя знакі “70 год службе аховы МУС РБ” — кантралёрам на КПП Васілю РАМАШКУ і Сяргею БУЗЕ, электраманцёру Мікалаю КАПУСЦІНУ і дзяжурнаму пульта кіравання, прафлідару арганізацыі Галіне ПАПЛАЎСКАЙ. Яшчэ 10 чалавек былі ўзнагароджаны абласнымі граматамі і Лістамі падзякі. Да месца будзе сказаць і аб тым, што ў нашым калектыве служаць работнікі, уганараваныя высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Медалі Прэзідэнта краіны “За бездакорную службу 3 ступені” атрымалі ў свой час старшыя прапаршчыкі міліцыі Уладзіслаў СМАКТУНОВІЧ і Віталь ІВАНЮКОВІЧ, прапаршчык міліцыі Аляксандр ЗАЯЦ. Медалямі “За адзнаку ў ахове грамадскага парадку” летась былі ўзнагароджаны старшы лейтэнант міліцыі Аляксандр МІСЮРА, лейтэнант міліцыі Аляксандр ГАРБУЗ і міліцыянер Эдуард МУХА. Аднак першы, хто быў удастоены высокай дзяржаўнай узнагароды — Ганаровай Граматы Савета Міністраў БССР, — першы начальнік аддзела аховы, шаноўны Мікалай Дзям’янавіч ШУБСКІ, які выхаваў не адно пакаленне нашых праваахоўнікаў.
— Я зразумела: людзі ў вас выдатныя. А тэхнічнае абсталяванне?
— Мы пастаянна тэхнічна мадэрнізуемся, становімся больш мабільнымі, што дапамагае ў працы і дазваляе выконваць яе прафесійна і якасна. Працуем сумесна з РАУС, а таму ўдзельнічаем у раскрыцці злачынстваў, у пошуку парушальнікаў. Нядаўна нарад аддзялення аховы затры-маў злодзея, які спрабававаў украсці аўтамабіль. Дапамагаюць у раскрыцці злачынстваў і службовыя сабакі пад кіраўніцтвам вопытных кінолагаў.
Ноччу горад знаходзіцца пад аховай нарадаў, што выязджаюць на ахоўныя аб’екты. Хутчэй за нас ніхто не рэагуе, каб прыбыць на месца, дзе спрацавала сігналізацыя. Пад аховай аддзялення знаходзяцца больш за 300 аб’ектаў, фізічнай аховай у Жабінцы ахоплены 10. З кожным годам усё большую папулярнасць набірае абсталяванне аб’ектаў кнопкамі трывожнай сігналізацыі. Арганізацыі і простыя жыхары давяраюць нам ахову свайго жыцця і маёмасці, і мы стараемся ў поўнай меры апраўдаць давер.
— Як адносіцца сям’я да вашай службы і гатоўнасці ў любы час дня і ночы выехаць па выкліку?
— Сям’я ў мяне шматдзетная, мы з жонкай Юліяй выхоўваем траіх дзяцей. Мая другая палавінка — мой надзейны тыл. Яна стойка пераносіць усе цяжкасці службы разам са мной, падтрымлівае і падбадзёрвае, усяляе ўпэўненасць. Дзякуй Юлі за гэта вялікі-вялікі! Дарэчы, у нас у аддзяленні, акрамя мяне, служаць яшчэ чатыры шматдзетныя таты. Часам дзеляцца, што ім хацелася б удзяляць больш часу жонцы, дзецям, бацькам. Але родныя не наракаюць: усё разумеюць.
Наталля ВАЛОШКА. Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.