На кантролі прафсаюза ўмовы працы і адпачынку

Чарговы прэзідыум Жабінкаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу прайшоў на базе СВК “Рагазнянскі”. У яго рабоце прынялі ўдзел старшыні прафкамаў і казначэі. Старшыня сельгаскааператыву А.В.Семянюк пазнаёміў прафсаюзных актывістаў з умовамі працы і быту работнікаў рамонтных майстэрняў і аўтагаража. Тут усё створана і абсталявана, каб людзям было ўтульна і камфортна, ёсць пакой прыёму ежы, раздзявальня, санвузлы. Сучасным патрабаванням адпавядае кабінет аховы працы. Затым удзельнікі пасяджэння наведалі МТФ “Бусні-1” і “Бусні”. Менавіта на такіх малочнатаварных фермах можна нарошчваць аб’ёмы вытворчасці і атрымліваць якасную прадукцыю, што, па-сутнасці, і робяць рагазнянцы.
У гэты дзень былі падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку фізкультурна-масавай, аздараўленчай і спартыўнай работы ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і арганізацый АПК. Пераможцамі прызнаны прафкамы цукровага і камбікормавага заводаў, на чале якіх Ірына і Віктар Якубукі. Адзначана станоўчая дзейнасць у гэтым накірунку прафкамаў СВК “Хмелева”, “Шпіталі”, “Рагазнянскі”, ПУАП “Азяты” і ААТ “Ракітніца.

У пошуках новых рынкаў збыту

Тры дні ў Краснадары праходзіла VII міжнародная спецыялізаваная выстава тавараў і паслуг для свойскіх жывёл “Заасвет поўдня Расіі 2013”, у якой удзельнічала ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Выстаўляліся кармы для катоў і сабак розных вытворцаў і марак.
Жабінкаўскія маркетолагі ставілі мэтай прарэкламаваць сваю прадукцыю, адшукаць новыя кантакты са спажыўцамі і рынкі збыту. Паводле іх слоў кармы з Жабінкі прыцягвалі ўвагу ўдзельнікаў выставы: браліся пробы, цікавіліся, дзе іх можна купіць.
Цяпер, калі вярнуліся з выставы, працягваюцца зносіны з новымі калегамі ў пошуку прадстаўніка ад камбікормавага завода ў Краснадарскім краі ці на поўдні Расіі з мэтай рэалізацыі прадукцыі. Нагадаем, што дылеры прадпрыемства ёсць у Пецярбурзе і Маскве.

Дысцыпліна кіроўцы — гэта бяспека на дарозе

Любы кіроўца разумее, што тэхнічны стан транспарту забяспечвае безаварыйнасць на дарозе. Сёння для таго, каб прадыягнаставаць свой аўтамабіль не з-за страху, а згодна з сумленнем, створаны станцыі дыягностыкі. Дыягнастычная карта на транспарт афармляецца паводле вынікаў кожнай праверкі тэхнічнага стану яго. З 20 сакавіка да 30 красавіка на тэрыторыі раёна праводзіцца агульнадзяржаўная дэкада “Дзяржтэхагляду”. Інспектары АДАІ Жабінкаўскага РАУС рэкамендуюць рэгулярна правяраць тэхнічны стан сваіх аўто.
У гэты ж перыяд у раёне праводзіцца яшчэ й акцыя “Бяспраўніку” — не месца за рулём!”. Пад час яе самыя строгія меры будуць прымяняцца да тых, хто кіруе аўтамабілем без права на гэта. Дарэчы, вадзіцельскага пасведчання за розныя правапарушэнні пазбаўлена ў раёне 703 кіроўцы. Некаторыя з іх рызыкуюць і садзяцца за руль. “Бяспраўнікі” штрафуюцца на суму ад 5 да 20 базавых велічыняў, а за паўторнае такое парушэнне — ад 20 да 50 базавых велічыняў.

На Міжнародным турніры

У Гомелі прайшоў XVII Міжнародны турнір у боксе сярод юніёраў 1997-1998 гадоў нараджэння на прызы абсалютнага чэмпіёна СССР А.Юкава. Удзел у ім прымалі каманды з Беларусі, Расіі і Казахстана. Выступалі і выхаванцы нашай ДЮСШ. Сяргей Дзятлаў заняў трэцяе месца ў вагавай катэгорыі да 50 кг (трэнер Ю.Аўчыннікаў), а Дзмітрый Цыбуля — другое ў вагавай катэгорыі 63 кг (трэнер В.Барболін). Першае агульнакаманднае месца ў зборнай з Казахстана.

Арсенал!

З 1 па 5 красавіка на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна будуць праведзены спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы “Арсенал”. Аддзел унутраных спраў Жабінкаўскага райвыканкама папярэджвае грамадзян, жыхароў раёна, што любая зброя, якая незаконна захоўваецца, выбуховыя рэчывы, боепрыпасы могуць быць здадзены ў гэты перыяд у РАУС у любы час сутак. Іх прыём будзе весці дзяжурны аператыўна-дзяжурнай службы.
За незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё, выраб, перадачу ці збыт зброі альбо выбуховых рэчываў, грамадзяне могуць быць прыцягнуты да крымінальнага пакарання. Тыя, хто добраахвотна здаў зброю і боепрыпасы, вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці. За парушэнне вышэйзгаданых дзеянняў прадугледжваецца пазбаўленне волі на розныя тэрміны, абмежаванне яе альбо штрафныя санкцыі, канфіскацыя агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.
Тэлефоны “гарачай лініі”: 102, у Жабінцы 2-12-76, 2-20-96, Vel (8029)68-78-664, МТС (8029)82-35-030.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top