Сціплы і адказны Дзмітрый Сычанаў

Сціплы і адказны Дзмітрый Сычанаў

Такую кароткую і, на наш погляд, вычарпальную характарыстыку даў свайму падначаленаму кіраўнік участка “Водаканал” жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Уладзіміравіч Хількевіч. Пры сустрэчы была магчымасць у гэтым пераканацца не аднойчы.
Спаткацца адразу не давялося, паколькі Дзмітрый неадкладна выехаў на выклік, на рамонтныя работы ў Азяты, дзе тэрмінова мянялася помпа, што падае ваду ў вёску. За лічаныя гадзіны брыгада, у складзе якой слесар пятага разраду аварыйна-аднаўленчых работ Д.В.Сычанаў, выправіла непаладкі.
Часам сустракаюцца працаўнікі, што саромеюцца расказваць пра сябе. У такіх выпадках лепш за словы распавядаюць справы, надзвычай патрэбныя людзям. Сябры-калегі лічаць Дзмітрыя адным з лепшых спецыялістаў у калектыве, што аб’ядноўвае каля чатырох дзясяткаў чалавек.
Нездарма ў свае 25 гадоў Д.В.Сычанаў ужо двойчы адзначаны кіраўніцтвам КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” Ганаровымі граматамі, а сёлета ягонае імя занесена на Дошку гонару раёна.
— Многія да такога прызнання заслуг ідуць дзесяцігоддзямі, — падкрэслівалі яго калегі, з кім давялося размаўляць, — а Дзмітрыю, чалавеку, паважанаму ў калектыве, працаўніку, здольнаму прымаць самастойныя рашэнні ў складаных сітуацыях, хапіла пяцігоддзя, каб займець агульную грамадскую пашану. Дарэчы, Сычанаў шмат што можа: напрыклад, па выкліках наведвае кватэры, дзе рамантуе сантэхніку або мяняе лічыльнікі вады, калі патрабуецца, выходзіць на працу і ў выхадныя. Пра такіх у народзе звычайна кажуць: чалавек — на ўсе рукі майстар, акрамя таго,  ён яшчэ й цудоўна разбіраецца ў камп’ютарнай тэхніцы.
Так, увесь ягоны працоўны шлях звязаны пакуль з жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Пасля заканчэння трэцяй гарадской школы Дзмітрый уладкаваўся на ўчастак дабраўпарадкавання, займаўся азеляненнем роднага горада. Затым — вой-ска, дзе, зноў жа, трапіў у рамонтнае падраздзяленне вайсковай часці, размешчанай паблізу беларускай сталіцы. Вярнуўся дамоў улетку 2007-га і ўладкаваўся на ўчастак “Водаканал”.
Той год назаўжды ўвайшоў у гісторыю Жабінкі як перыяд карэннага аднаўлення. Такім застаўся і ў памяці Д.В.Сычанава. Канечне, напярэдадні абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі” ў камунальнікаў працы было вышэй галавы. Між іншым, мянялі водаправод на вуліцы Свабоды. Шчыравалі да сёмага поту з раніцы да вечара, каб горад годна прыняў гасцей. Але для Дзмітрыя было больш важна, што вынікі ягонай працы будуць на карысць землякам.
Такія прынцыпы і сёння ў сціплага і адказнага работніка Дзмітрыя Сычанава.
Анатоль РОСТАЎ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top