ДЗЕНЬ, ЯКІ НЕЛЬГА ЗАБЫЦЬ

ДЗЕНЬ, ЯКІ НЕЛЬГА ЗАБЫЦЬ

Гэты дзень патрэбна памятаць, хоць і мінула ўжо амаль восем дзясяткаў гадоў. Ніколі за шматвекавую гісторыю нашага краю не здаралася такога, каб за суткі было знішчана прыблізна паўтысячы чалавек. Аднак, на жаль, такое адбылося 27 кастрычніка 1942 года.
У Жабінцы ёсць мемарыял. Гэтае шчымлівае для кожнага жабінкаўца месца прысвечана ахвярам вайны і размешчана на вуліцы Міру. Помнікі, узведзеныя яшчэ ў мінулым стагоддзі, распавядаюць пра падзеі 27 кастрычніка 1942 года. Без перабольшвання можна сцвярджаць: гэта самы трагічны дзень у нашай гісторыі.
Першы помнік-памятка пра яго ўзнік праз пяць гадоў пасля вызвалення Жабінкі. Ён прысвечаны сям’і Чубукоў, закатаванай восенню сорак другога. На магіле надпіс: “Любімай жонцы, цудоўнаму сябру, камуністу, адданаму патрыёту Савецкай Радзімы, па-зверску забітай нямецкімі вырадкамі ў ліку 75 савецкіх грамадзян 27 кастрычніка 1942 года Соф’і Фёдараўне Чубук і дзецям Рэну і Светачцы ад мужа і бацькі падпалкоўніка Чубука Івана Фёдаравіча”.
Архівы і ўспаміны сведкаў расказваюць, што сапраўднае імя Соф’і Фёдараўны было Сара Фраймонтаўна. Яна нарадзілася 115 гадоў таму (у 1907-м). Маладая жанчына жыла ў Ленінградзе, была настаўніцай. Летам 1941 года, калі ў школе прагучаў апошні званок, яна разам з дзецьмі прыехала на канікулы ў горад над Бугам, паколькі ў Брэсцкай крэпасці праходзіў службу яе муж ваенурач Фёдар ЧУБУК.
Час быў пераднавальнічны, і ўжо праз лічаныя дні выбухнула вайна, якая раздзяліла сям’ю. Чубукі не паспелі пакінуць горад, ахоплены агнём. Неўзабаве Сара далучылася да антыфашысцкага падполля, якое дзейнічала ў акупаваным Брэсце. А ў хуткасці змяніла нацыянальнасць і імя. Як такое сталася, згадвала адна з кіраўнікоў брэсцкага падполля Таццяна СМІРНОВА. У аўтабіяграфічнай кнізе Таццяна Мікалаеўна расказала, як у жніўні 1941-га нямецкая акупацыйная адміністрацыя вырашыла замяніць савецкія пашпарты на нямецкія аўсвайсы. Для гэтага патрабаваліся сведкі-паручальнікі. Тыя павінны былі пацвердзіць, што чалавек на самой справе той, за каго сябе выдае. Гэткім чынам жонкі чырвоных камандзіраў яўрэйскай нацыянальнасці ў новых дакументах атрымалі не толькі новыя імёны, але й нацыянальнасць. У Соф’і (Сары) Чубук былі дзесяцігадовы сын Рамуальд (Рэн) і дачка Света, народжаная ў 1937-м. Усе яны загінулі на Жабінкаўшчыне, паколькі да восені сорак другога змаглі вырвацца з акупаванага Брэста і пасяліліся паблізу мястэчка.
На простым бетонным помніку, увенчаным чырвонай зоркай, пазначана лічба 75 загінулых. Сапраўдны маштаб трагедыі падпалкоўнік Іван Чубук, які некалькі гадоў шукаў сляды ўласнай бяды, не ведаў. Іван Фёдаравіч нават не мог уявіць у 1949-м, калі ставіў пахавальны абеліск па жонцы і дзецях, што колькасць забітых вымяралася не адзінкамі, не дзясяткамі — сотнямі.
Карнікі былі педантычнымі. Яны вялі ўлік, фіксіравалі свае так званыя “акцыі”, пасля якіх заставаліся папялішчы і забітыя, закатаваныя людзі. Большасць з іх не супраціўляліся, не трымалі ў руках зброю, хіба што мелі малых дзяцей на руках…
Захаваўся “Журнал баявых дзеянняў 3-га батальёна 15-га ахоўнага паліцэйскага палка”. Менавіта ён у верасні-лістападзе лютаваў на Палессі, “намаляваўшы” свой “Трохкутнік” — карную аперацыю, якая закранула Жабінкаўскі і суседнія раёны. Першым вялікім актам трагедыі стала знішчэнне 11 верасня 1942 года вёскі Драмлёва і яе мірных жыхароў. Праз сорак сем дзён прыйшла чарга ўсходнікаў — сем’яў чырвонаармейцаў і савецкіх работнікаў. “Журнал”, які мы прыгадалі, утрымлівае лаканічны запіс наконт дзейнасці адной з рот крывавага палка: “10-я рота праводзіла праверку насельніцтва ў раёне Жабінкі. Закатавана 500 перасяленцаў з Савецкага Саюза”. Дакументы з Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці называюць крыху меншую лічбу — 473 — і ўтрымліваюць спісы закатаваных.
Ёсць і расказ, засведчаны ў студзені 1945 года, пра тое, што здарылася: “У мястэчку Жабінка нямецкія вырадкі сагналі некалькі соцень чалавек у жандармерыю пад выглядам рэгістрацыі, адкуль павялі пад зброяй на расстрэл да папярэдне падрыхтаванай ямы, якая знаходзілася ў Жабінцы непадалёк, на адлегласці у 300 м,
ад “Заготзерно”. Перад расстрэлам, як сведчаць відавочцы Барыс Дзмітрук з Жабінкі і Лявонцій Ігнатавіч Якубук, жыхар вёскі Баляўшчына Сяхновіцкага сельсавета, гітлераўскія забойцы пачалі зрываць з людзей адзежу і абутак. Пачаліся жахлівыя крыкі і плач жанчын, дзяцей, каты прыкладамі падганялі да яміны па тры-чатыры чалавекі, расстрэльвалі з аўтаматаў і пісталетаў. Пасля першых ахвяр падганялі наступных, і так працягвалася каля трох гадзін. “Я чуў, — расказвае відавочца Дзмітрук Б., — як хлопчык 12-ці гадоў, падышоўшы да ямы з жанчынай, відаць, са сваёй маці, крыкнуў нямецкім катам: “Вы нас расстреливаете, наши придут, отомстят за нас, и вы захлебнётесь своей собственной кровью”.”
У той самы дзень чуліся расстрэльныя каманды і ў вёсцы Сцяброва, якая зараз знаходзіцца ў гарадскіх межах.
Неўзабаве, у 1956 годзе, каля першага помніка на вуліцы Міру паўстала і другая памятка. На ёй лаканічны надпіс: “Вечная памяць савецкім грамадзянам, па-зверску расстраляным фашыстамі ў гады акупацыі”.
А ў 1992-м, да 50-годдзя трагедыі перад старым помнікам паўстаў новы — скульптурная кампазіцыя, на якой жанчына трымае на руках дзіцё. Яны знаходзяцца ў кулямётным прыцэле. Аўтарам гэтага твора стаў дацэнт кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Сяргей ЛОГВІН.
Кожны з гэтых помнікаў мацуе нашу памяць пра дзень, які нельга забыць.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top