Свае 90-я ўгодкі адсвяткаваў наш знакаміты і паважаны зямляк Іван Міхайлавіч ГРЫЦУК, які зрабіў шмат для развіцця Беларусі. Усё жыццё ён у прамым і ўскосным сэнсе працягваў сувязь — паміж вёскамі, гарадамі, краінамі і, канечне, людзьмі.
Адразу некалькі жабінкаўцаў напярэдадні юбілейнай даты звярнуліся ў рэдакцыю з просьбай: “Напішыце, калі ласка, пра Івана Грыцука. Вы згадвалі пра яго, калі пералічвалі трыццаць “зорных” асоб, народжаных на жабінкаўскай зямлі. Пра такога чалавека кожны павінен ведаць!”
Што ж, выконваем пажаданні і адразу віншуем шаноўнага Івана Міхайлавіча з цудоўнай датай, зычым яму здароўя і добрага настрою на дзясятым дзясятку.
Ён нарадзіўся 25 кастрычніка 1932 года ў Мацеевічах. Хлопец рана страціў бацьку, і маці адной давялося падымаць трох дзяцей.
Першы яркі ўспамін — з часоў вайны, з той спякотнай нядзелі 22 чэрвеня 1941 года, калі над роднай вёскай біўся савецкі чырваназорны самалёт. Лятак быў збіты на вачах сялян, сярод якіх быў і маленькі Іван. Так здарылася, што значна пазней у арміі Грыцук служыў на ваенным самалёце і нават скакаў з парашутам. Аднак у жыцці ён не абраў неба. Можна сказаць, яго лёсам стала тое, што звязвае неба з зямлёю — сувязь.
Пасля заканчэння ў 1948 годзе шасці класаў хлопчык пайшоў вучыцца ў Брэсцкае рамеснае вучылішча сувязі № 15, якое скончыў праз два гады па спецыяльнасці наглядальніка радыётрансляцыйных вузлоў і быў накіраваны ў Гродзенскае абласное ўпраўленне сувязі. Працаваў майстрам Парэцкага і Свіслацкага радыёвузлоў. У 1956 годзе Іван Грыцук здаў экстэрнам экзамены і атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі, закончыў на выдатна і завочнае аддзяленне электратэхнікума сувязі ў Мінску.
Іван Міхайлавіч працаваў у Свіcлацкай канторы сувязі, начальнікам раённых вузлоў у Сапоцкіне, Лідзе, Вялікай Бераставіцы, а ў 1968-м быў прызначаны старшынёй Гро-дзенскага абласнога вытворча-тэхнічнага ўпраўлення сувязі.
Хоць Іван Грыцук і займаў адказныя пасады, аднак заўсёды знаходзіў час вучыцца, рыхтавацца да экзаменаў і паспяхова іх здаваць. У 1976-м ён скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС і стаў першым намеснікам міністра сувязі Беларускай ССР. А праз тры гады атрымаў дыплом з адзнакай Усесаюзнага завочнага электратэхнічнага інстытута сувязі.
Надзвычай важным у жыцці Івана Міхайлавіча выдаўся 1980 год. Ён адразу прынёс прыемную навіну: 22 студзеня Іван Грыцук быў назначаны міністрам сувязі БССР.
Той, хто жыў у той час, памятае, што сапраўднай вехай у гісторыі Беларусі стала аўтаматызацыя гарадскіх і сельскіх тэлефонных станцый, якую Міністэрства сувязі Беларусі здзейсніла раней за іншыя рэспублікі Савецкага Саюза. Да 1986 года ад Мінска да Брэста, Гомеля, Гродна, Віцебска, Магілёва, а ад іх да раённых цэнтраў праклалі магістралі з прымяненнем новых на той час кааксіяльных кабеляў. Іван Міхайлавіч унёс значны ўклад у работу па абнаўленні сродкаў сувязі і ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі.
16 ліпеня 1990 года Міністэрства сувязі БССР было ператворана ў Міністэрства сувязі і інфарматыкі. Пры непасрэдным удзеле Івана Грыцука значна пашырылася знешнеэканамічная дзейнасць, на развіццё сродкаў сувязі Беларусі былі прыцягнуты салідныя замежныя інвестыцыі. У 1993–1994 гадах, нягледзячы на цяжкасці ў іншых галінах эканомікі, сувязь краіны развівалася выключна хуткімі тэмпамі.
16 верасня 1994 года Іван Міхайлавіч быў вызвалены з пасады міністра сувязі і інфарматыкі Рэспублікі Беларусь. Яго праца мела выдатныя адзнакі. Іван Грыцук стаў кавалерам ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, быў узнагароджаны медалямі “За сумленную працу” і “Ветэран працы”, знакам “Ветэран службы”. У 1975 годзе яму прысвоена званне “Ганаровы радыст”, а затым Іван Грыцук станавіўся “Заслужаным сувязістам БССР” і “Майстрам сувязі”, неаднойчы выбіраўся народным дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, а трыццаць гадоў таму стаў сапраўдным членам (акадэмікам) Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі.
У сваёй аўтабіяграфіі Іван Міхайлавіч згадвае, што з’яўляецца заснавальнікам дынастыі сувязістаў. Яго жонка Клаўдзія Лукінічна скончыла Мінскі электратэхнікум сувязі, працавала тэлеграфістам. Дачка Таццяна пасля матэматычнага факультэта Гродзенскага педінстытута і Усесаюзнага электратэхнічнага інстытута знайшла сваё прызванне ў галіне сувязі. А другая дачка Ларыса, выпускніца Белдзяржуніверсітэта, таксама скончыла пазней Усесаюзны электратэхнічны інстытут. І ўнукі Грыцуковы сталі прадаўжальнікамі сямейнай традыцыі, звязаўшы лёсы з сувяззю.
Дзесяць гадоў таму, калі адзначалася 80-годдзе нашага земляка, у Гісторыка-інфармацыйным цэнтры Мінскага філіяла РУП “Белтэлекам” адкрылася экспазіцыя “Чалавек у гісторыі сувязі”. Вядома, гэтым чалавекам быў выдатны юбіляр. А 25 кастрычніка 2017 года ў зале калегіі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь адбылося пасяджэнне Савета ветэранаў у гонар 85-годдзя Івана Міхайлавіча.
Аднак колькі б ні мінула часу, як бы не ўзносіў высока і далёка лёс сапраўднага сувязіста ад Бога, Іван Грыцук заўсёды памятаў аб зямлі, што дала яму жыццё, пра родныя Мацеевічы, увесь жабінкаўскі край.
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымку: свой 90-ы дзень нараджэння ў гэтыя дні святкуе наш вядомы зямляк Іван ГРЫЦУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.