— Як толькі збяромся на кірмаш у Жабінку, — жартавалі гандляры з Драгічына і Іванава, — абавязкова пойдзе дождж.
Дзве гадзіны бесперапынна ён выпрабоўваў на трываласць удзельнікаў другога Пакроўскага кірмашу, які адбыўся ў мінулую суботу, 22 кастрычніка.
— На мне месца сухога няма, — дзяліўся фермер з аграгарадка Самахвалавічы, — але нам не прывыкаць. Зараз распагодзіцца, будзе ўсё, як водзіцца, і для цела й для душы на Пакроўскім кірмашы.
Сапраўды, так і атрымалася. У 10 гадзін раніцы гарадская плошча ў Жабінцы гудзела, як разварушаны вулей. Мне насустрач ішлі людзі з мяхамі буракоў, морквы, цыбулі. Гародніну можна было купіць ад 60 капеек за кілаграм.
Прыемна здзівілі кошты на бульбу. Яе можна было набыць як па 60, так і па 50 капеек за кіло. За паўрубля другі хлеб гатункаў “уладар”, “скарб”, “лілея”, “каралева Ганна”, “таскана” ды “маніфест” прапаноўвалі ААТ “Арэпічы”, “Хмелева” і фермерская гаспадарка Аляксандра Цалюка.
За яблыкі і грушы прасілі па 1,50-2 рублі за кілаграм, вінаград прадаваўся па 5 рублёў, а журавіны — па дзевяць. Прапаноўвалі лекавыя ягады і па 7 рублёў за літр.
Безумоўна, цікавіла пакупнікоў не толькі гародніна і садавіна. Свежае мяса, каўбасы, курыныя рулеты, шашлык ды хлебабулачныя вырабы можна было набыць у палатцы філіяла “Жабінкаўскі” Брэсцкай міжрайбазы. Прадаўцы заўважылі, што мясная прадукцыя разыходзілася добра і на першым кірмашы, і падчас другога.
Не змяншалася чарга і каля аўтамабіля з жывой рыбай. “ВэстФішІнвест” прапаноўваў люстраных карпаў і амураў, карасёў і таўсталобікаў, якія самі плылі ў рукі пакупнікам.
Нехта аматар рыбнай “лоўлі”, а іншы — жывёлагадоўлі. Такім у дапамогу была гандлёвая кропка камбікормавага завода з шырокім асартыментам розных кармоў для жывёл.
А вось жадаючыя падсаладзіць сабе жыццё станавіліся ў чаргу да аўтамабіля цукровага завода. Прадпрыемства прапаноўвала цукар па 2,30 рубля за кілаграм, і, трэба сказаць, прадукцыя разыходзілася на ўра.
Атрымлівалі асалоду пакупнікі і ад розных гатункаў мёду. Як пчолкі, зляталіся да шматлікіх кропак з гэтым карысным ласункам.
Хто набыць саджанцы завітаў — не пашкадаваў: выбар маладых дрэўцаў яблынь, сліў, персікаў, абрыкосаў, вішань, груш, якія прапаноўвалі пладова-ягадныя гадавальнікі з розных раёнаў Брэстчыны, быў вельмі багаты.
— Вы заўважылі, што сёння іх нашмат больш, чым было ў першую кірмашовую суботу? — спыталася ў мяне жыхарка Жабінкі Ніла ЯРМОЛІК, якая завітала на гарадскую плошчу, каб купіць саджанец абрыкоса.
Гэта пацвердзілі і іншыя пакупнікі, якія прыдзірліва і ўважліва выбіралі новых “жыхароў” сваіх садоў.
— А яшчэ сёння на кірмашы з’явіліся шарсцяныя шкарпэткі і рукавічкі ды ўсходнія ласункі, якіх не было ты-дзень назад, — заўважыла Вераніка ПЯТРЫНЧЫК. Разам з дачушкай Дамінікай яна прыйшла па сакавітыя вітамінныя яблыкі для маленькай, а тут вочы разбегліся ад прывабных прапаноў.
Прыцягвала сваім бляскам і гандлёвая кропка з біжутэрыяй маскоўскага завода “Чырвоная прэсня”. А як купілі пярсцёнак ці завушніцы, то час і на вопратку, галаўныя ўборы ды на абутак падзівіцца. Жадаючыя маглі зрабіць гэта ў палатках гандляроў з Баранавічаў.
Рамеснікі прапаноўвалі драўляныя лыжкі, раздзелачныя дошкі, вязаныя цацкі. Не абышлося і без вострых адчуванняў, якія надавала бяспройгрышная латарэя. За 5 рублёў можна было выйграць мяккія цацкі розных памераў.
Адным словам, абы былі б грошы, а кірмаш быў харошы!
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.