Усё на карысць людзям

Усё на карысць людзям

Напярэдадні прафесійнага свята сустрэліся з дырэктарам КУП у аказанні паслуг “Жабінкаўскі РКБА” В.А.Юхімук, каб пагаварыць пра развіццё галіны ў 2012 годзе і планах на будучыню.
— Валянціна Анатольеўна, што для вас асабіста сфера бытавога абслугоўвання?
— Найперш вялікая частка жыцця. Ужо амаль чатыры дзесяцігоддзі прысвяціла роднаму камбінату бытавога абслугоўвання, і, ведаеце, ніколі не шкадавала, што пайшла гэтым шляхам. Бо карысць ад нашай працы відавочная. І ў ХХІ стагоддзі, у час найноўшых тэхналогій ды вялікіх зрухаў у грамадстве, сфера бытавых паслуг займае пачэснае месца. Ад якасці іх аказання, майстэрства працаўнікоў шмат у чым залежыць настрой людзей, чысціня і парадак навокал.
— Як выглядае праца жабінкаўскіх бытавікоў на фоне іншых падобных арганізацый вобласці?
— Летась наш камбінат спрацаваў, лічу, удала: агульны памер рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг перавысіў 7 мільярдаў рублёў. Увогуле, ва ўсіх паказчыках мы — у ліку лепшых на Брэстчыне. З аднаго боку гэта выклікае задаволенасць, з іншага — вымушае займацца сваёй справай яшчэ лепш. Паколькі толькі станоўчыя фінансавыя вынікі працы дазволяць правесці замену састарэлага абсталявання, павысіць эфектыўнасць выкарыстання асноўных фондаў, павялічыць выпуск прадукцыі і матэрыяльна стымуляваць працаўнікоў. Усё гэта, на мой погляд, палепшыць абслугоўванне жабінкаўцаў і ўздыме на новы ўзровень дзейнасць прадпрыемства.

— Якія віды паслуг аказваюць бытавікі? Што новага ў гэтым плане прынёс год, які мінуў?
— Усяго жыхарам Жабінкаўшчыны аказваем зараз 17 відаў паслуг. У іх ліку такія нетрадыцыйныя, як расчэсванне авечай шэрсці. Яе закупляем у насельніцтва, а потым з гэтай сыравіны робім пражу і шарсцяныя вырабы, якія паспяхова прадаём. Прынамсі, летась у камбінаце выраблена і рэалізавана трыкатажных вырабаў з пражы ўласнай вытворчасці на 1 мільярд 360 мільёнаў рублёў.
Хоць калектыў увесь час працуе над пашырэннем новых паслуг, аднак не забываем і пра традыцыйныя. Гэта перш-наперш прадзільна-трыкатажная і швейная вытворчасці, дзе прыкметна пашыраны асартымент. Атрымалі сертыфікат і гігіенічнае пасведчанне на  пашыў спецадзення. Прычым, распрацаваныя нашымі ўмельцамі мадэлі не саступаюць па знешняму выгляду і якасці прадукцыі спецыялізаваных прадпрыемстваў горада Брэста.
Мыем бялізну. Зарабілі на гэтым больш за 900 мільёнаў рублёў. Павышаным попытам у кліентаў карыстаюцца хімчыстка дываноў і рэстаўрацыя пуха-пяровых вырабаў. Калі займаемся рамонтам мэблі, стараемся распрацоўваць новыя мадэлі, мяняем геаметрычныя формы і дызайн, выкарыстоўваем шырокі ды вельмі разнастайны падбор тканіны. Асвоілі вытворчасць жалезабетонных вырабаў. Між іншым, тратуарная плітка нашага КБА карыстаецца попытам у жабінкаўцаў. Адным словам — наш прынцып: усё рабіць людзям на карысць, шукаць індывідуальныя падыходы да кожнага кліента.
— І гэта не ў апошнюю чаргу тычыцца вяскоўцаў?
— Так, жыхары сельскай мясцовасці атулены нашым асаблівым клопатам. Аб’ём рэалізацыі бытавых паслуг у камбінаце склаў у мінулым годзе 1 мільярд 900 мільёнаў рублёў, прычым, большасць іх (1 мільярд 200 мільёнаў) аказана вяскоўцам.
Надаем значную ўвагу працы комплексных прыёмных пунктаў. Зараз іх у раёне 10, у тым ліку сем у сельскай мясцовасці, дзеля эканоміі летась сетка КПП была аптымізавана. Яны сапраўды працуюць комплексна: аказваюць усе віды бытавых паслуг, у тым ліку 11 сацыяльна значных. Сярэднямесячны аб’ём іх рэалізацыі склаў 17 мільёнаў рублёў, а гэта найвышэйшы паказчык у Брэсцкай вобласці. На кожным КПП маюцца каталогі, дзе найбольш поўна прадстаўлены пералік паслуг і ўзоры прадукцыі, у тым ліку трыкатаж айчынных фірм “Світанак”, “Палессе”, вырабы са шклозавода “Нёман”.
Найлепшых паказчыкаў па выніках года дабіліся прыёмшчыцы заказаў Алена Паўлаўна Важынская і Ларыса Мікалаеўна Саўчук з аграгарадкоў Крыўляны і Сцяпанкі, гарадскі КБА, які ўзначальвае Соф’я Мікалаеўна Вабішчэвіч.
— Сярод новых паслуг камбіната, якая з’явілася ўлетку, заўважана і ацэнена не толькі жыхарамі Жабінкі і раёна, — аўтамыйка. Калі ласка, колькі слоў пра яе.
— Сёння многія проста не ўяўляюць жыцця без аўтамабіля. Утрымліваць яго ў чысціні і парадку для жабінкаўцаў стала прасцей пасля таго, як у чэрвені 2012 года ў камбінаце адчынілася ручная мыйка аўтамашын. Калі нехта яшчэ не скарыстаў дадзеную паслугу, абавязкова зрабіце гэта, і, упэўнена, суадносіны цаны і якасці вас прыемна здзівяць. На сённяшні дзень практыкуецца мыйка машын па папярэднім запісу. Ужо існуюць пастаянныя кліенты. За восем месяцаў, што яна працуе, тут аказана паслуг больш чым на 100 мільёнаў рублёў.
— Валянціна Анатольеўна, у чым вы бачыце сакрэт поспехаў арганізацыі, якую ўзначальваеце? Якія планы на будучыню?
— Станоўчыя вынікі, што радуе, дасягнуты найперш дзякуючы дабрасумленнай і адданай працы нашых спецыялістаў, з дапамогай раённага выканаўчага камітэта (з боку кіраўніцтва раёна ўвесь час адчуваем клопат і ўвагу да нашых праблем). Разумеем, наколькі важна працаваць на якасных машынах, таму на працягу 2012 цалкам абнавілі швейнае абсталяванне. Будзем і надалей праводзіць мадэрнізацыю. Для развіцця новых відаў паслуг неўзабаве набудзем пральныя машыны, дзіцячы батут, пяцельную машыну, універсальны аўтамабіль для абслугоўвання вяскоўцаў.
— Якімі будуць вашы пажаданні калегам напярэдадні прафесійнага свята?
— Канечне, самыя шчырыя віншаванні, зычу бадзёрасці і поспехаў у няпростай працы, моцнага здароўя і ніколі не забываць, што нашымі рукамі ствараюцца ўтульнасць і прыгажосць жыцця, таму хочацца чуць часцей падзякі за сваю працу, якая гэтак патрэбна людзям.
Інтэрв’ю браў Анатоль БЕНЗЯРУК.

На здымку: адна з лепшых працаўніц КБА
вязальшчыца Галіна Пятроўна Скачыкоўская.

Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top