Сёлета на Брэстчыне адбылося 409 пажараў, на тэрыторыі нашага раёна — 5. Адлік іх на Жабінкаўшчыне пачаўся з загарання ў драўляным гаспадарчым хляве, які належаў СВК “Маціевічы”. Агнём знішчана пабудова, а прычына здарэння — неасцярожнае карыстанне агнём.
5 лютага раніцай на стаянцы ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” загарэўся легкавы аўтамабіль з-за парушэння правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання. Пажар у блочным хляве ў Сакалове ўзнік таксама з-за парушэння правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання. Агнём пашкоджаны дах і маёмасць, якая там захоўвалася.
Напачатку сакавіка ў сельгаспрадпрыемстве “Маціевічы” зноў адбыўся пажар. На гэты раз на ферме ў Грыцэвічах. Згарэла каля 8 тон цюкаванай саломы. Як высветлілася, да гэтага прывяло парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў і цеплагенерыруючых агрэгатаў.
Літаральна праз тры дні ў аддзел надзвычайных сітуацый зноў паступіла інфармацыя аб узнікненні пажару ў вёсцы Вялікія Якаўчыцы на КЗС-20, які належыць ААТ “Жабінкаўскі”. Агнём пашкоджана сцяна і перакрыцце. Прычына загарання высвятляецца.
У нашым раёне загаранні адбыліся ў асноўным у гаспадарчым сектары. А вось у Лунінцы ў сакавіку ўзнік пажар у чацвёртай агульнаадукацыйнай школе. Падраздзяленні МНС, калі прыбылі на месца пажару, устанавілі, што гарыць унутры падсобнага памяшкання на другім паверсе, дзе захоўваецца спартыўны інвентар. Задымленне распаўсюдзілася на першым і другім паверхах. Будынак школы трохпавярховы, уведзены ў эксплуатацыю ў 1989 годзе, абсталяваны пажарнай сігналізацыяй, якая і спрацавала. Агонь пашкодзіў 6 спартыўных матаў і трэнажор, дзверы ў падсобнае памяшканне, дзе закапціліся сцены і столь. Адміністрацыя школы правяла эвакуацыю 420 вучняў і 52 дарослых. Прычына высвятляецца.
Пад час праверак, што праводзіліся ў гэтым квартале інспекцыяй дзяржпажнагляду райаддзела надзвычайных сітуацый, выяўлена шэраг парушэнняў патрабаванняў пажарнай бяспекі ў суб’ектах гаспадарання. У прыватнасці, у ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” ўстаноўлена, што не ў поўным аб’ёме тут выконваюцца патрабаванні заканадаўства: без распрацоўкі праектнай дакументацыі праводзяцца афарбовачныя работы ў вытворчых памяшканнях; будынкі і памяшканні не абсталяваны ў поўным аб’ёме пярвічнымі сродкамі пажаратушэння; дапускаецца курэнне ў нявызначаных для гэтага месцах.
Крыўлянская сярэдняя школа таксама недастаткова забяспечана пярвічнымі сродкамі пажаратушэння. Не захоўваюцца правілы пажарнай бяспекі ў павільёне індывідуальнага прадпрымальніка Сяргея Кірылюка ў Сцяпанках. Тут для абагрэву выкарыстоўвалася газавае ацяпленне.
Неабходна памятаць, што хвілінная няўважлівасць, невыкананне элементарных патрабаванняў правілаў пажарнай бяспекі можа абярнуцца сур’ёзнай бядой.
За ігнараванне заканадаўства ў пажарнай бяспецы дырэктары ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” У.М.Дземідзюк і Крыўлянскай адзінаццацігодкі А.І.Казюра, ІП С.П.Кірылюк прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Любоў ФІЛІМАНЮК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Жабінкаўскага райаддзела надзвычайных сітуацый.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.