Першай буйной перамогай расійцаў у вайне супраць Напалеона па праве лічыцца бітва пад Кобрынам. У гонар гэтай “вікторыі” ўпершыню салютаваў Пецярбург. Бой адбыўся 27(15) ліпеня 1812 года, аднак і праз вялікі адрэзак часу памятны ў нашых мясцінах.
210 гадоў таму ў Кобрынскай бітве на палескай зямлі мераліся сіламі расійскія і саксонскія войскі.
Саксонскі корпус з пачатку так званай “рускай кампаніі” ўзначальваў французскі дывізійны генерал Жан-Луі РЭНЬЕ (1771-1814). Яму і аўстрыйскаму князю Карлу ШВАРЦЭНБЕРГУ (1771-1820) супрацьстаяла 3-я расійская рэзервовая армія генерала-ад-кавалерыі Аляксандра ТАРМАСАВА (1752-1819).
Спярша расійцы, якія размяшчаліся ў паўночнай Украіне, планавалі ўзяць Брэст, а за ім Кобрын. Дзеля гэтага Тармасаў падзяліў сваё войска на пяць частак. Прычым сам камандуючы з асноўнымі сіламі рушыў на Кобрын, а генерал-маёраў Карла дэ ЛАМБЕРТА (1772-1843) і Аляксея ШЧАРБАТАВА (1776-1848) паслаў двума накірункамі ў бок Брэста. Апошні з лёгкасцю 24 ліпеня выбіў з горада над Бугам пару варожых эскадронаў.
Авангард Ламберта 26 ліпеня перайшоў па мосце праз Мухавец і заняў вёску Булькова. Тут, на самым захадзе сучаснага Жабінкаўскага раёна, генерал Ламберт атрымаў вестку, што Кобрын трымае выключна саксонская кавалерыя, а таму ўзяў з сабою вершнікаў ды палову артылерыстаў падпалкоўніка Быкоўскага і паспяшыў з імі ў напрамку Кобрына. Складаней было з пяхотай. Яна прыбыла з Брэста позна і вельмі стомленаю. Таму Ламберт загадаў пехацінцам адпачыць у Булькове, а на світанку 27 ліпеня пад кіраўніцтвам Шчарбатава выступаць да Кобрына.
Гэта быў дзень рашучай бітвы. Каля 18 тысяч расійскіх салдат падышлі да горада адразу з некалькіх бакоў (Тармасаў вёў байцоў з поўдня, Ламберт і Шчарбатаў з захаду).
Кобрын трымала пяцітысячная брыгада генерал-маёра Генрыха фон КЛЕНГЕЛЯ (1761-1814). Саксонцы чакалі асноўныя расійскія сілы з боку Брэста і занялі пазіцыю за два кіламетры ад горада. Кавалерыя пільнавала Варшаўскую дарогу, стральцы размясціліся ўздоўж яе. З поўдня саксонцы заселі ў будынках сядзібы на ўскраіне, каб перагарадзіць уваход авангарду Тармасава.
Першым пачаў рух генерал-маёр Ламберт. Зранку ён конніцай атакаваў праціўніка, намагаючыся выманіць таго ў адкрытае поле. Тармасаў загадаў генералу Яфіму ЧАПЛІЦУ (1768-1825) з авангардам абысці Кобрын з усходу. Ламберт, у сваю чаргу, здолеў збіць заслону саксонцаў з дарогі, аднак яны замацаваліся ў гарадскіх будынках. Калі Чапліц уварваўся з егерскім палком у Кобрын, Ламберт паслаў два конныя палкі на Пружанскую дарогу, каб адрэзаць саксонцам шляхі адыходу. Такім чынам брыгада Кленгеля апынулася ў поўнай аблозе.
Тым часам а 9-й раніцы да месца бітвы падцягнуліся галоўныя сілы генерала Тармасава. Той паслаў у Кобрын яшчэ пару пяхотных палкоў, астатнія ахапілі горад шчыльным кальцом. Расійская артылерыя лёгка расстрэльвала любую пазіцыю, Кобрын гарэў. З 630 будынкаў пасля бою ацалелі менш за восем дзясяткаў.
Да поўдня бітва скончылася, ацалелыя саксонцы схаваліся за мурамі напаўразбуранага Кобрынскага замка, але хутка выкінулі белы сцяг. Генерал Рэнье спяшаўся на дапамогу, але не дайшоў 25 кіламетраў да Кобрына. Даведаўшыся пра разгром сваёй брыгады, ён пачаў адыходзіць да Слоніма.
Паводле данясення Тармасава загінулі да дзвюх тысяч саксонцаў, генерал Кленгель з 2300 афіцэрамі і жаўнерамі трапіў у палон. На гэтым фоне расійскія страты былі мізэрнымі.
Цар Аляксандр І шчодра аддзячыў за першую буйную перамогу. Аляксандр Тармасаў атрымаў ордэн святога Георгія 2-й ступені і 50 тысяч рублёў, генералы Шчарбатаў і Аляксандр БЯРДЗЯЕЎ (1778-1824) — ордэны святой Ганны 1-й ступені, Ламберт — залатую шаблю з надпісам “За смеласць”, аздобленую дыяментамі, і званне генерал-лейтэнанта. Агулам ордэны або павышэнне ў чыне атрымалі восем генералаў і 135 афіцэраў, былі адзначаны 205 унтэр-афіцэраў і ніжніх чыноў.
Праз сто гадоў у цэнтры Кобрына ў памяць пра бітву паўстаў помнік з арлом і шыльдай, якая распавядала нашчадкам пра гістарычную падзею і яе ўдзельнікаў (на здымку).
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%