Бяспека — галоўнае для чалавека

Бяспека — галоўнае для чалавека

Пра гэта чарговы раз нагадалі супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацый, якія ў чацвер 22 верасня арганізавалі сапраўднае свята бяспекі. Разам з зацікаўленымі асобамі і ведамствамі работнікі Жабінкаўскага РАНС правялі Адзіны дзень бяспекі, падчас якога працавалі тэматычныя, інтэрактыўныя і навучальныя пляцоўкі.

Цэнтрам прыцягнення стала гарадская плошча ў Жабінцы. Тут размясціліся аўтамабілі пажарнай і газавай службаў, міліцыі, Дэпартамента аховы, “хуткай дапамогі”. Інтэрактыўныя пляцоўкі аб’ядноўвала тое, што на кожнай з іх гаварылі аб правілах бяспекі. Навучэнцам першай і трэцяй гарадскіх школ нагадалі прычыны ўзнікнення пажараў і нумары службаў выратавання, вучылі аказваць першую медыцынскую дапамогу, прадэманстравалі, як адбываецца затрыманне злачынцы з дапамогай сабакі. Юныя госці змаглі таксама прымераць баявое адзенне выратавальнікаў і праваахоўнікаў.
— Адна справа — паглядзець на пажарных, і зусім іншая — адчуць сябе выратавальнікам, надзеўшы наша абмундзіраванне, — сказала спецыяліст сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жабінкаўскага РАНС Любоў ВАЙТОВІЧ. — У гульнёвай форме мы вучым дзяцей, як правільна дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях. Аднак наша задача — не толькі навучыць, але і зацікавіць. Магчыма, у будучым нехта з сённяшніх юных удзельнікаў мерапрыемства стане пажарным ці міліцыянерам, газавіком ці ўрачом.
Па ўсім было бачна, што хлопчыкам і дзяўчынкам цікава пасядзець за рулём спецаўтамабіляў, яны з задавальненнем адказвалі на пытанні, дзяліліся, якія правілы бяспекі ведаюць. Цудоўнае веданне, у якіх выпадках трэба набіраць нумары 101, 102, 103 і 104 і як дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях, прадэманстравалі Арцём ЛІТВІНОВІЧ, Паліна АРЭЙКА, Дар’я ЛІТВІНЮК, Вікторыя ВАШЧУК і Уладзіслаў БЕЛАРУС.
Акрамя таго, у Адзіны дзень бяспекі па ўсёй краіне адпрацоўваліся планы эвакуацыі. У Жабінцы эвакуіраваліся ўстановы адукацыі і работнікі Жабінкаў-скага раёна газазабеспячэння.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара і Святланы БЯЛЯК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top