Выпісваем — чытайце

Выпісваем — чытайце

У свеце сучасных высокатэхналагічных сродкаў інфармацыі цікавасць да кнігі не страчана. Каб прыцягнуць чытачоў у бібліятэку і задаволіць запыты любога з іх, неабходна мець разнастайны кніжны фонд. Але не заўсёды толькі кніга з’яўляецца крыніцай ведаў і цікавай інфармацыі. Многа новага, забаўляльнага, карыснага нясе ў сабе перыёдыка.
Раённая дзіцячая бібліятэка штогод атрымлівае многа перыядычных выданняў. Гэта беларускія і расійскія друкаваныя сродкі масавай інфармацыі. Вось і сёлета спіс часопісаў і газет папоўніўся новымі назвамі. “Караван гісторый” — для больш дарослых чытачоў, якія наведваюць бібліятэку разам з дзецьмі ці ўнукамі. У гэтым часопісе расказваецца пра вядомых спевакоў, акцёраў, спартсменаў, мастакоў, палітычных дзеячаў і г.д., пра іх жыццё, лёс, творчасць. “Шик. Шитьё и крой” зацікавіць тых падлеткаў, хто робіць першыя крокі ў свеце моды, прафесійных мадэльераў, швачак і проста творчых асобаў, якія шыюць модную вопратку для сябе і сваіх блізкіх, а таксама тых, хто проста захапляецца модай, імкнецца ісці ў нагу з часам. “BABY BORN: Твой журнал!”, “ЕLLE”, “ГЛАМУР” — для маладых, энергічных… Гэтыя часопісы вельмі папулярныя сярод старшакласнікаў і з цікавасцю чытаюцца.
Нагадваю нашым чытачам пра выданні, якія мы мелі раней і атрымліваем цяпер. Для малодшага школьнага ўзросту ёсць забаўляльная газета “Шапокляк” з усемагчымымі рэбусамі, смешнымі гісторыямі, прамаўлянкамі, красвордамі і анекдотамі. З газеты “Зорька” вы даведаецеся пра цікавае жыццё школьнікаў, пра іх творчыя праекты, масавыя мерапрыемствы, конкурсы і забавы. “Переходный возраст” раскажа пра сучасныя захапленні падрастаючага пакалення, рокмузыках, моладзевых субкультурах, модных тэндэнцыях у вопратцы і паводзінах, пра сучасную камп’ютарную тэхніку…
У бібліятэцы аформлена арыгінальная выстава перыядычных выданняў пад назваю “Планета перыёдыкі”, на паліцах якой часопісы размешчаны групамі, па інтарэсах. Напрыклад, ёсць “САБРИНА БЭБИ”, “Мастерица”, “Ксюша”, “Бурда”, дзіцячы — “Мастерилка” і іншыя. Асобна выдзелены для падлеткаў і старшакласнікаў. Для іх мы выпісваем “Космополитен”, “ЙЕС”, “Джульетта”, “Подружка”, “Стиль жизни”, “Эль Герл”. Менавіта з іх юны чытач можа даведацца пра жыццё зорак, навінкі моды і касметыкі, вывучыць асабісты гараскоп, даведацца, як весела правесці час з сябрамі, што апрануць на вечарыну, як зрабіць прыгожую прычоску, прыгатаваць цуда-страву і яшчэ многа ўсялякай карыснай інфармацыі.
На абанеменце ў дзіцячай бібліятэцы ёсць фонд праваслаўнай літаратуры, таму ў дапаўненне да яго, згодна з патрабаваннямі чытачоў, мы падпісаліся на праваслаўныя часопісы “Славянка”, “Фома”, “Врата небесные” і газету “Царкоўнае слова”.
Часопіс “Кім быць?” зацікавіць старшакласнікаў-выпускнікоў, таму што ў ім можна знайсці самыя новыя звесткі пра вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы, пра ўмовы паступлення, інфармацыю аб прафесіях, кансультацыі псіхолага наконт яе выбару і г.д.
“Гаспадыня” дасць добрыя парады ў прыгатаванні ежы, уборцы, кветкаводстве, агароднінаводстве, будаўніцтве, арганізацыі гульняў і вольнага часу для дзяцей. Пра здаровае харчаванне, лячэбную фізкультуру і бяспечную жыццядзейнасць даведаецеся з часопіса “Здаровы лад жыцця”, а “Родная прырода” пазнаёміць з праблемамі экалогіі, аховы флоры і фаўны, прыродных рэсурсаў.
Не забыліся мы і пра самых маленькіх чытачоў. Ім будуць цікавыя часопісы “Тошка и компания”, дзе ў вясёлай форме малыя змогуць пазнаёміцца з жывёльным светам. “Домашний любимец” раскажа ўсё пра тое, як правільна ўтрымліваць жывёл у сябе дома; “Весёлый зоопарк” праінфармуе аб лясных насельніках і ўмовах утрымання іх у заапарках.
Аматарам актыўнага адпачынку спадабаюцца забаўляльныя часопісы “Каламбур”, “Один дома”, “Незнайка”, “Кважды ква”, “Вясёлка”. Яны іх захопяць гульнямі, казкамі, коміксамі, рэбусамі, красвордамі, сканвордамі. Напрыклад, у часопісе “Кважды ква” ёсць рубрыка “Сваімі рукамі”, якая раскажа, як сваімі рукамі зрабіць розныя вырабы. Пазнаваўчыя выданні “Рюкзачок”, “ГЕОленок”, “Детская энциклопедия”, “Мир путешествий”, “Качели” запрашаюць у падарожжа па розных краінах і кантынентах, раскажуць пра жывёльны свет, пазнаёмяць з сучаснымі дасягненнямі ў тэхніцы, навуцы, космасе, а таксама расшыфруюць таямніцы і загадкі мінулага.
Яркія часопісы для дзяўчынак “Принцесса”, “Феи”, “Чародейки”, “Девчонки”, “Маруся”, “Стрекоза” і іншыя — гэта сапраўдная скарбонка для маленькіх ледзі, тут можна пазнаёміцца з казачнымі героямі і разам з імі трапіць у свет прыгод і забаўных гісторый.
Для таго, каб найбольш поўна і змястоўна данесці да чытача надрукаванае ў перыядычных выданнях і кнігах, дзіцячая бібліятэка праводзіць шмат масавых мерапрыемстваў, праходзяць рэкламныя акцыі ў ёй самой і на вуліцы. Летась было праведзена 40 іх. Усе яны выклікалі цікавасць у чытачоў, таму што праводзіліся весела і цікава. Прыходзьце! Будзем рады бачыць вас.
Марына КАВЫЛІНА,
бібліятэкар  чытальнай залы дзіцячай бібліятэкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top