З зімой развітваліся, вясну гукалі

З зімой развітваліся, вясну гукалі

У суботу на гарадской плошчы гучала вясёлая музыка, здалёк даносіўся пах шашлыкоў, на прыступках ГДК самадзейныя артысты ладзілі тэатралізаванае відовішча. Нягледзячы на велізарныя гурбы снегу, марозны вецер, жадаючых паглядзець святкаванне Масленіцы і паўдзельнічаць у ім станавілася ўсё больш і больш. Яго вядучыя — Цюха і Мацюха расказалі прысутным пра тое, як раней нашы продкі святкавалі Масленічны тыдзень, які мог называцца Сырным, Крывым, Пустым, Развітальным. Кожны дзень тыдня меў таксама сваю назву, пачынаўся з панядзелка і заканчваўся даравальнай нядзеляй.
Разам з вядучымі госці свята паклікалі Масленіцу — Аўдоццю Іванаўну. Яна цёпла з усімі павіталася і заняла сваё месца на троне, які быў спецыяльна для яе падрыхтаваны. Шкадавала Масленіца толькі аб адным, што хутка ёй давядзецца з усімі развітацца, таму на добры ўспамін аб ёй загадала ўсіх частаваць блінамі, якія спадабаліся ўсім прысутным.
Героі свята — Цешча з Зяцем весялілі народ прымаўкамі і прыказкамі, расказвалі смешныя гісторыі. Баба-Яга і Лешыха праводзілі з гледачамі цікавыя конкурсы, загадвалі загадкі. Самыя кемлівыя ўдзельнікі змаглі атрымаць прызы і нават патанцаваць з казачнымі героямі.
Завітала на свята Вясна-Красна. Паабяцала яна лёд растапіць на рэках, парадаваць падснеж-нікамі, цёплым сонейкам. А яшчэ папрасіла дараваць адзін аднаму ўсе крыўды. Пачынай уладарыць, Вясна, бо надакучыла лю-дзям Зіма з маразамі ды снежнымі завеямі. Каб хутчэй уступіла Вясна ў свае правы, паспяшаліся ўдзельнікі свята да вогнішча, каб паводле старой добрай традыцыі спаліць у ім пудзіла Масленіцы — тым самым вызваліцца ад Зімы, стомленасці, усялякага смецця і наблізіць Вясну, якая дасць новыя душэўныя і фізічныя сілы, каб жыць і працаваць.
Самадзейныя артысты ГДК пастараліся, каб народнае гулянне для жабінкаўцаў стала сапраўды народным — з традыцыямі і абрадамі, якія сягаюць у гісторыю нашых продкаў.
Завяршылася тэатралізаванае святкаванне Масленіцы выступленнем ансамбля народнай песні “Белыя росы” Азяцкага СДК.
Алёна НІКАНЧУК.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top