Шчасце — «быў бы мілы побач?»

Шчасце — «быў бы мілы побач?»

Шчасце, як лінія гарызонту, да якой чалавек увесь час імкнецца і якой ніколі не можа дасягнуць. Калі здзяйсняецца пэўныя мара, жаданне, задума — з’яўляецца новая. І зноў трэба ісці, пераадоль-ваць перашкоды і цяжкасці. Гэты працэс, само жыццё чалавека, з радасцямі і няўдачамі, перамогамі і паражэннямі — і ёсць шчасце. Толькі ў кожнага чалавека сваё. Сёння асабістым рэцэптам прыгатавання запаветнай “стравы” пад назвай шчасце дзеліцца Наталля Мікалаеўна Урбан — жанчына, уласнае крэда якой — дапамагаць людзям і атрымліваць радасць ад жыцця.
— Канечне, у кожнай з нас сваё разуменне шчасця,—  пачала разважанні мая суразмоўніца. — Мне здаецца, яно складаецца з трох асноўных складнікоў. І гэта перш за ўсё здароўе,  бо калі яго няма, чалавек не можа радавацца сам і прыносіць шчасце іншым. Гэта каханне — жанчына павінна адчуваць яго і абавязкова кахаць сама. І трэцяе — душэўны спакой і раўнавага. Павінен быць і надзейны тыл: любячы муж, цёплая атмасфера ў сям’і, удзячныя і ўважлівыя дзеці, любімая праца, добрыя і спагадлівыя калегі, сябры, з якімі можна раздзяліць як радасныя, так і цяжкія хвіліны жыцця.

Возьмем каханне…

Усё самае лепшае пачынаецца з кахання. Сям’я, дзеці, падтрымка, павага — не магчымы без яго.
— Сямнаццаць гадоў жывем, можна сказаць, душа ў душу. Муж мой, Валянцін, залаты чалавек, за ім я, як за каменнай сцяной. Гэта цудоўна, калі адчуваеш яго падтрымку ў складаны момант, добра быць побач з сапраўдным мужчынам, які ўмее знайсці выхад з цяжкага становішча, — расказвала Наталля Мікалаеўна. — Канечне, у жыцці не бывае без цяжкасцяў, бо яно не казка. Ды і ў казцы, дарэчы, не абыходзіцца без пэўных супярэчлівасцяў. Аднак, я ўпэўнена, што разам мы зможам прайсці праз усе нягоды.
На радасць бацькам у сям’і Урбан гадуюцца дзве дачушкі. Старэйшая Таццяна вучыцца ў 6 класе. Юлія меншая за сястру на 2 гады, нягледзячы на зусім юны яшчэ ўзрост, дзяўчынка добра ведае англійскую мову, нядаўна атрымала другое месца ў раённай алімпіядзе. Сёстры ўвесь свой вольны час праводзяць разам. Наведваюць гурткі “Бісерапляценне”,  “Мяккая цацка” і “Вырабы з гліны” ў Цэнтры дадатковага навучання. Матуля падтрымлівае ўсе іх захапленні, дапамагае ў творчасці, бо сама, калі працавала ў Цэнтры метадыстам, вучыла дзетак, як са звычайнай саломкі вырабіць рэч чароўнай прыгажосці.

… дабавім любімую працу…

Раённы камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Мікалаеўна ўзначальвае 4 гады. Як адзначае сама жанчына, яна знайшла сваё месца ў жыцці. Ёй заўсёды хацелася дапамагаць людзям, клапаціцца аб тым, каб жыццё іх было лепшым:
— Для мяне вельмі важна не стаяць на месцы, знаёміцца з новымі людзьмі, атрымліваць пазітыўныя эмоцыі, наведваць новыя мясціны. Прафсаюз жа адчыняе дзверы ў свет бесперапынных зносін з людзьмі. Ты пастаянна прысутнічаеш на мерапрыемствах абласнога і раённага ўзроўняў, пашыраеш кола знаёмстваў. Незалежна ад таго, які ў цябе сёння настрой, ты павінен клапаціцца аб паляпшэнні ўмоў іх працы, арганізоўваць адпачынак, шукаць магчымасць павіншаваць іх са святамі, душой адчуць іх становішча, калі напаткала бяда. Вядома, усюды гладка не можа быць. Аднак з цяжкімі сітуацыямі пад час працоўнай дзейнасці мне дапамагаюць справіцца калегі — добразычлівыя і шчырыя людзі.
Большасць свайго жыцця мы праводзім на працы, таму вельмі важна не толькі займацца ёю, каб атрымліваць зарплату, але ж і адчуваць задавальненне ад зробленага. Наталля пераканана, што прафсаюзныя справы прыносяць карысць многім людзям і гэта падштурхоўвае яе дзейнічаць у энергічным рытме.

… заправім актыўным ладам жыцця…

— Я па натуры актыўны чалавек, таму сядзець на месцы не атрымліваецца. Любім усёй сям’ёй падарожнічаць ці проста адпраўляцца на прагулкі. У нас такі закон — усё старацца рабіць разам. Таму і на кухні, і ў хатніх справах, і ў агародзе працуем адной сяброўскай камандай. Мая маленькая жаночая слабасць — кветкі. А раней і рукадзеллем зай-малася. Зараз, праўда, усё неяк  не хапае часу. Муж зацікавіў рыбалкаю спачатку дзяўчат, а цяпер і мяне. Нават на спаборніцтвах, арганізаваных прафсаюзам, наша сям’я заняла 3 месца ў вобласці ў лоўлі рыбы, — са шчырай усмешкай паведаміла Наталля Урбан.

… атрымаем шчасце!

А на развітанне мая суразмоўніца расказала адну цікавую прытчу:
— Ідзе чалавек і стогне: “Як у мяне ўсё дрэнна”.  А Бог з нябёсаў кажа яму: “Ты не ведаеш, што такое дрэнна. Зараз я табе пакажу”. І зрабіў яму яшчэ горш. Ідзе іншы чалавек і радуецца: “Як у мяне ўсё добра!” А Бог зноў: “Ты не ведаеш, што такое добра”. І зрабіў яшчэ лепш. Тут ёсць аб чым задумацца… Бо шчасце павінна быць закладзена ў нашай свядомасці, жыць ў нашых сэрцах, тады і ў жыцці ўсё абавязкова будзе добра.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top